Да Габрэяў 12 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Дзеля таго і мы, маючы вакол сябе такое мноства сведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, што акручвае нас, будзем цярпліва бегчы ў вызначаным нам змаганні,
 
Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні,

гледзячы на пачынальніка і завяршыцеля веры, Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, перанёс крыж, не дбаючы пра ганьбу, і сеў праваруч пасада Божага.
 
гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трона.

Разважце тады пра Таго, Які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную варожасць адносна Сябе, каб і вы не аслабелі, калі ў вас сілы душы не стане.
 
Падумайце пра таго, хто вытрываў такі здзек над сабою ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў сваіх душах і не аслаблі.

Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць граху,
 
Вы яшчэ не змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху,

і забыліся аб перасцярозе, якую вам, як сынам, дае: «Сыне мой, не грэбуй карай Госпада, не падай духам, калі Ён цябе дакарае;
 
і забыліся пра заахвочванне, якое кажа вам, як сынам: «Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе.

Бо каго Госпад любіць, таго і карае, ды б’е кожнага сына, якога прымае».
 
Бокаго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына».

Калі вы церпіце кары, дык Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. Які ж гэта быў бы сын, каб яго бацька не караў?
 
Будзьце цярплівыя да пакаранняў. Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Ці ж ёсць такі сын, якога б не караў бацька?

Але калі вы застанецеся без кары, супольнікамі якой сталі ўсе, то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі.
 
А калі вы па-за пакараннем, удзельнікамі якога сталі ўсе, значыць вы не сыны, а незаконныя дзеці!

Адсюль, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і шанавалі іх, дык ці не шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу духаў і жыць?
 
Больш за тое, у нас былі зямныя бацькі, каб выхоўваць нас, і мы баяліся іх. Ці мы не павінны быць яшчэ больш паслухмяныя Айцу духаў, каб жыць?

І тыя навучалі нас, як ім здавалася, на кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас супольнікамі Яго святасці.
 
Тыя каралі нас па сваім меркаванні на кароткі час. А гэты карае нас дзеля дабра, каб мы мелі ўдзел у Яго святасці.

Усякае пакаранне цяпер падаецца не радасцю, а сумам, але пасля навучаным праз яго дасць мірны плод справядлівасці.
 
Цяпер усялякае пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала.

Дзеля таго «зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя»,
 
Таму выпрастайце вашыя апаўшыя рукі і аслаблыя калені.

і «проста рабіце крокі нагамі вашымі, каб хто кульгавы не спрывіліў нагу, а лепш паздаравеў».
 
Рабіцепростыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але каб выздаравеў.

Імкніцеся да міру з усімі і ўсвячайцеся, бо без гэтага ніхто не ўбачыць Бога.
 
Імкніцеся да спакою з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Пана.

Пільнуйцеся, каб не згубіў хто ласкі Божай, каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і праз гэта каб не спракудзіліся многія,
 
Сачыце, каб ніхто не быў пазбаўлены Божай ласкі, каб які-небудзь горкі корань, што расце ўверх, не разросся і не апаганіў многіх

каб не стаў хто распуснікам або бязбожнікам, як той Эзаў, які за адну страву выракся свайго першародства.
 
і каб не было сярод вас нейкага распусніка ці бязбожніка, які б, як Эзаў, за адну страву аддаў сваё першародства.

Бо ведаеце, што пасля, жадаючы ўспадкаеміць дабраславенне, быў адхілены, і не знайшоў месца навяртання, хоць і шукаў яго са слязамі.
 
Вы ж ведаеце, што пазней, жадаючы атрымаць у спадчыну благаслаўленне, ён быў адкінуты і не змог перамяніць мысленне, хоць са слязьмі прасіў аб гэтым.

Бо вы прыступіліся не да гары дакранальнай і палаючага агню, і цемры ды змроку і буры,
 
Вы прыступіліся ні да намацальнага, ні да распаленага агню, ні да змроку, цемры і буры,

і гуку трубы, і гоману слоў, ад якога чуўшыя прасіліся, каб не гаварылася больш да іх слова.
 
ні да гулу трубы і такога голасу словаў, што тыя, хто яго пачуў, прасілі больш не звяртацца да іх непасрэдна.

Бо не вытрымалі таго, што ім загадана было: «Нават калі жывёла дакранецца да гары, будзе ўкаменавана, або забіта стралою».
 
Яны не маглі стрымаць гэтага наказу: «Калі нават жывёла наблізіцца да гары, будзе ўкаменавана».

І так страшным было тое, што бачылі, што Майсей сказаў: «Перапалоханы я і ў трымценні».
 
А відовішча было настолькі страшнае, што Майсей сказаў: «Я спалохаўся і дрыжу».

Але вы прыступіліся да гары Сіёна і горада Бога жывога, нябеснага Ерузаліма і безлічы анёлаў, да зграмаджэння
 
Вы ж прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерузалема, да безлічы анёлаў, да святочнага сходу,

і да Царквы першародных, якія запісаны ў небе, і да Бога, Суддзі ўсіх, і да духаў справядлівых, што дасягнулі дасканаласці,
 
да Касцёла першародных, запісаных у нябёсах, і да Бога — Суддзі ўсіх, да духаў праведных, якія дасягнулі дасканаласці,

і да Пасярэдніка Новага Запавету, Ісуса, да крыві акраплення, што лепш за кроў Абэля прамаўляе.
 
да Езуса — пасрэдніка новага запавету, да акраплення крывёю, якая прамаўляе больш, чым кроў Абэля.

Глядзіце, не адвярніцеся ад Гаворачага. Бо калі тыя не ўцяклі ад кары, адвярнуўшыся ад таго, які гаварыў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго, Які да нас з нябёсаў гаворыць.
 
Глядзіце, не адкідайце таго, хто гаворыць. Калі яны не пазбеглі пакарання, адвярнуўшыся ад таго, хто асцерагаў іх на зямлі, то мы яшчэ больш не пазбегнем пакарання, калі адкінем таго, хто асцерагае нас з неба.

Голас Яго страсянуў тады зямлю, а цяпер абвяшчае, кажучы: «Яшчэ раз страсяну і ўстрасу не толькі зямлю, але і неба».
 
Ягоны голас тады страсянуў зямлю, але цяпер Ён паабяцаў, кажучы: «Яшчэ раз страсяну не толькі зямлю, але і неба».

Што кажа «яшчэ раз», дык абвяшчае змяненне расхістанага як створанага, каб заставалася непахіснае.
 
Словы «яшчэ раз» азначаюць знішчэнне таго, што знішчальнае, а значыць створанае, каб засталося тое, што непарушнае.

Дык вось, прымаючы валадарства непарушнае, будзьма мець ласку, праз якую, падабаючыся Богу, будзем служыць Яму з багабойнасцю і страхам.
 
Таму, прымаючы непарушнае валадарства, трываймаў ласцы, праз якую мы будзем здзяйсняць прыемнае Богу пакланенне з бояззю і пабожнасцю.

Бо Бог наш — гэта агонь паглынаючы.
 
Бо наш Бог — гэта паглынаючы агонь.