Да Габрэяў 12 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Дзеля таго і мы, маючы вакол сябе такое мноства сведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, што акручвае нас, будзем цярпліва бегчы ў вызначаным нам змаганні,
Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
гледзячы на пачынальніка і завяршыцеля веры, Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, перанёс крыж, не дбаючы пра ганьбу, і сеў праваруч пасада Божага.
гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
Разважце тады пра Таго, Які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную варожасць адносна Сябе, каб і вы не аслабелі, калі ў вас сілы душы не стане.
Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць граху,
Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
і забыліся аб перасцярозе, якую вам, як сынам, дае: «Сыне мой, не грэбуй карай Госпада, не падай духам, калі Ён цябе дакарае;
і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
Бо каго Госпад любіць, таго і карае, ды б’е кожнага сына, якога прымае».
Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б’е кожнага сына, якога прымае».
Калі вы церпіце кары, дык Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. Які ж гэта быў бы сын, каб яго бацька не караў?
Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
Але калі вы застанецеся без кары, супольнікамі якой сталі ўсе, то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі.
Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы — няпраўныя дзеці, а ня сыны.
Адсюль, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і шанавалі іх, дык ці не шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу духаў і жыць?
Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
І тыя навучалі нас, як ім здавалася, на кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас супольнікамі Яго святасці.
Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты — дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.
Усякае пакаранне цяпер падаецца не радасцю, а сумам, але пасля навучаным праз яго дасць мірны плод справядлівасці.
Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а журбою; але пасьля навучаным празь яе дае мірны плод праведнасьці.
Дзеля таго «зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя»,
Таму «ўмацуйце зьняможаныя рукі й калені»
і «проста рабіце крокі нагамі вашымі, каб хто кульгавы не спрывіліў нагу, а лепш паздаравеў».
і «хадзеце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня збочыла, а лепшае выправілася».
Імкніцеся да міру з усімі і ўсвячайцеся, бо без гэтага ніхто не ўбачыць Бога.
Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, безь якое ніхто не пабачыць Госпада.
Пільнуйцеся, каб не згубіў хто ласкі Божай, каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і праз гэта каб не спракудзіліся многія,
Сачэце, каб хто ня страціў мілаты Божае; каб які «горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды», і каб ім не апаганіліся многія»;
каб не стаў хто распуснікам або бязбожнікам, як той Эзаў, які за адну страву выракся свайго першародства.
каб ня было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства.
Бо ведаеце, што пасля, жадаючы ўспадкаеміць дабраславенне, быў адхілены, і не знайшоў месца навяртання, хоць і шукаў яго са слязамі.
Бо вы ведаеце, што пасьля таго ён, хочучы ўспадкаваць дабраславеньне, быў адкінуты; ня мог перамяніць думак бацькі, хоць і прасіў за тое сьлёзна.
Бо вы прыступіліся не да гары дакранальнай і палаючага агню, і цемры ды змроку і буры,
Вы падступіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, і ўспалымнёнай вагнём, не да цемры і змроку і буры,
і гуку трубы, і гоману слоў, ад якога чуўшыя прасіліся, каб не гаварылася больш да іх слова.
не да трубнага гуку і голасу словаў, пры якім слухачы прасілі, каб ніякіх словаў ім больш не казалі,
Бо не вытрымалі таго, што ім загадана было: «Нават калі жывёла дакранецца да гары, будзе ўкаменавана, або забіта стралою».
бо яны не маглі вытрываць таго, што запавядалася: «калі і зьвер дакранецца да гары, будзе пабіты камянямі, (альбо пацэлены стралою);
І так страшным было тое, што бачылі, што Майсей сказаў: «Перапалоханы я і ў трымценні».
і такое вусьцішнае было гэта зьявішча, што і Майсей сказаў: «я ў страху і ў трымценьні».
Але вы прыступіліся да гары Сіёна і горада Бога жывога, нябеснага Ерузаліма і безлічы анёлаў, да зграмаджэння
Але вы падступіліся да гары Сіёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў,
і да Царквы першародных, якія запісаны ў небе, і да Бога, Суддзі ўсіх, і да духаў справядлівых, што дасягнулі дасканаласці,
да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці,
і да Пасярэдніка Новага Запавету, Ісуса, да крыві акраплення, што лепш за кроў Абэля прамаўляе.
і да Заступніка новага запавета Ісуса, і да Крыві акрапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Авелева.
Глядзіце, не адвярніцеся ад Гаворачага. Бо калі тыя не ўцяклі ад кары, адвярнуўшыся ад таго, які гаварыў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго, Які да нас з нябёсаў гаворыць.
Глядзеце, не адвярнецеся і вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы зь нябёсаў;
Голас Яго страсянуў тады зямлю, а цяпер абвяшчае, кажучы: «Яшчэ раз страсяну і ўстрасу не толькі зямлю, але і неба».
чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: «яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба».
Што кажа «яшчэ раз», дык абвяшчае змяненне расхістанага як створанага, каб заставалася непахіснае.
Словы «яшчэ раз» азначаюць зьмену таго, што скаланаецца, як створанага, каб заставалася непахісным.
Дык вось, прымаючы валадарства непарушнае, будзьма мець ласку, праз якую, падабаючыся Богу, будзем служыць Яму з багабойнасцю і страхам.
І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
Бо Бог наш — гэта агонь паглынаючы.
таму што Бог наш ёсьць «вагонь, які паядае».