Да Габрэяў 10 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Бо закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыходзяць.
 
Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.

Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, не мелі б ужо аніякага ўсведамлення грахоў.
 
Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.

Аднак у іх прыпамінанне грахоў штогод усё ж застаецца.
 
Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;

Бо немагчыма крывёй валоў і казлоў зняць грахі.
 
бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.

Таму, прыходзячы на свет, кажа Хрыстос: «Ахвяры і прынашэння не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.
 
Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.

Цэласпаленні і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе.
 
Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.

Тады сказаў Я: вось, іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю».
 
Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа»;

Сказаўшы раней: «Ахвяр і прынашэнняў, цэласпаленняў і ахвяр за грэх не захацеў Ты, і не спадабаліся яны Табе», хоць і складаюцца паводле закону,
 
сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні ўсеспаленьняў, ні ахвяры за грэх, — якія прыносяцца паводле закона, — Ты не захацеў і не ўпадабаў,

потым сказаў: «Вось, іду, каб выканаць волю Тваю, Божа». Касуе першую, каб устанавіць другую.
 
потым дадаў: «вось, іду выканаць волю тваю, Божа». Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.

На моцы той волі асвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Ісуса Хрыста.
 
Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.

І кожны святар штодзень служыць і часта складае тыя самыя ахвяры, якія ніяк не могуць зняць грахоў.
 
І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.

Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,
 
А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,

чакаючы, аж дакуль непрыяцелі Яго будуць пакладзены пад ногі Яго.
 
чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены «падножжам ног Ягоных».

Вось, Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на векі тых, якія асвечаны.
 
Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.

Сведчыць нам аб гэтым і Дух Святы, бо пасля таго Ён сказаў:
 
Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:

«Вось якім будзе запавет, які Я размяшчу ў іх сэрцах і ў думках іх упішу іх,
 
«вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,

ды грахоў і беззаконняў іх ужо ўспамінаць не буду».
 
і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш».

А дзе дараванне гэтых, там ужо больш не трэба ахвяры за грэх.
 
А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.

Дык, маючы тады, браты, пэўнасць увайсці ў святое праз кроў Ісуса,
 
І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым,

Які праклаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела Сваё,
 
які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз плоць Сваю,

і вялікага Першасвятара над домам Бога,
 
і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,

прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, крапленнем ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.
 
прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю,

Трымаймася непарушна вызнання надзеі, бо верны ёсць Той, Які даў абяцанне;
 
будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў;

і зважайма адзін на аднаго, заклікаючы да любові і да добрых учынкаў.
 
будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках;

Не прапускайма нашых супольных сходаў, як сталася звычкай некаторых, але суцяшаймася, і тым больш, чым больш вы бачыце надыходзячы дзень гэты.
 
ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго.

Бо калі мы самахоць грашым, прыняўшы пазнанне праўды, дык не застаецца ўжо ахвяры за грэх,
 
Бо, калі мы, атрымаўшы спазнаньне ісьціны, самахоць грэшым, дык не застаецца больш ахвяры за грахі,

але толькі нейкае страшнае чаканне суда і жар агню, які павінен будзе пажэрці супраціўнікаў.
 
а нейкае страшнае чаканьне суду і лютасьці вагню, гатовага зжэрці супраціўцаў.

Хто адкінуў закон Майсея, таго без ніякай міласэрнасці караюць смерцю пры двух або трох сведках.
 
Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью,

Падумайце самі, наколькі ж страшнейшых кар варты той, які Сына Божага патаптаў, ці кроў запавету, якой быў асвечаны, за звычайную лічыў і Духа ласкі зняважыў?
 
дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавета, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?

Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «Мне помста, і Я дам адплату», — кажа Госпад, — або зноў: «Сам Госпад будзе судзіць Свой народ».
 
Мы ведаем Таго, Хто сказаў: «у Мяне адпомста, Я аддам, кажа Гасподзь». І яшчэ: «Гасподзь будзе судзіць народ Свой».

Страшна трапіць у рукі Бога жывога.
 
Страшна трапіць у рукі Бога жывога!

Прыпомніце мінулыя дні, у якія вы, асвечаныя, перанеслі вялікую навалу пакут,
 
Успомніце ранейшыя дні вашыя, калі вы, дасьведчаныя, вытрымалі вялікі подзьвіг пакутаў,

іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зняваг і цярпенняў або іншы раз быўшы сучаснікамі тых, што падобнае перажывалі.
 
то самі сярод глумленьня і зьдзекаў, служачы відовішчам іншым, то будучы супольнікамі тых, што гэта зазналі;

Бо спачувалі кайданам маім, і з радасцю прынялі вы рабунак вашай маёмасці, ведаючы, што маеце [ў небе] багацце лепшае, трывалае.
 
бо вы і маім кайданам спагадалі, і рабунак маёмасьці вашай прымалі з радасьцю, ведаючы, што ёсьць у вас на нябёсах маёмасьць лепшая і непрамінушчая.

Дык не пакідайце мужнасці вашай, якая мае вялікую ўзнагароду.
 
Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое мае атрымаць вялікую аддзяку.

Цярплівасць жа вам патрэбна, каб, спаўняючы волю Божую, атрымаць абяцанае.
 
Цярплівасьць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае;

Яшчэ вось крыху, крыху і прыйдзе Той, Які павінен прыйсці, і не замарудзіць.
 
«яшчэ крыху, зусім крыху, і Той, Хто мае прыйсьці, прыйдзе і не забавіцца.

Бо “справядлівы з веры жыве; калі б хто хістаўся, не спагадная да таго душа Мая”.
 
Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, ня хінецца да таго душа Мая».

Мы ж не з’яўляемся адступнікамі на загубу, але веруючымі на збаўленне душы.
 
А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы.