Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Яўрэяў 2 Да Яўрэяў 2 разьдзел

1 Таму мы павінны асабліва прытрымлівацца пачутага, каб не аднясло нас плынню.
2 Бо калі слова, сказанае праз Анёлаў, было трывалым, а ўсялякае злачынства і непаслухмянасць атрымала справядлівую адплату,
3 то як мы пазбегнем, занядбаўшы гэтакае вялікае выратаванне, якое, атрымаўшы пачатак у тым, што было прапаведана Госпадам, было ўмацавана ў нас тымі, хто пачуў Яго,
4 пры тым, што Бог засведчыў і знакамі, і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Святога Духа, раздаванымі паводле Яго волі?
5 Бо не Анёлам Ён падпарадкаваў будучую населеную зямлю, пра якую мы кажам.
6 Але нехта недзе засведчыў, кажучы: «Што ёсць чалавек, што Ты памятаеш яго, альбо сын чалавечы, што Ты клапоцішся пра яго?
7 Ты ненадоўга прынізіў яго перад Анёламі, славаю і гонарам увянчаў яго [і паставіў яго над работаю Тваіх рук],
8 усё падпарадкаваў пад яго ногі». Бо калі падпарадкаваў яму ўсё, Ён нічога не пакінуў непадпарадкаванага яму. Але цяпер мы яшчэ не бачым, каб яму ўсё было падпарадкавана.
9 Але бачым Ісуса, ненадоўга прыніжанага перад Анёламі з-за таго, што Ён перацярпеў смерць, увенчанага славаю і гонарам, каб з ласкі Божай Ён спазнаў смерць за кожнага.
10 Бо належала Яму, для Якога — усё, і праз Якога — усё, прыводзячы многіх сыноў у славу, зрабіць Пачынальніка іх выратавання дасканалым праз пакуты.
11 Бо Той, Хто асвячае, і тыя, каго асвячаюць, — усе ад Аднаго; з гэтай прычыны Ён не саромеецца называць іх братамі,
12 кажучы: «Я абвяшчу Тваё імя Маім братам; сярод царквы буду ўслаўляць Цябе».
13 І яшчэ: «Я буду ўпэўнены ў Ім». І яшчэ: «Вось Я і дзеці, якіх Мне даў Бог».
14 Таму, як дзеці далучаны да крыві і цела, то Ён і Сам такім жа чынам прычасціўся таго ж, каб смерцю пазбавіць сілы таго, хто мае ўладу смерці, гэта значыць д’ябла,
15 і вызваліць усіх тых, якія з-за страху смерці былі праз усё жыццё падданы рабству.
16 Бо, вядома, Ён не пра Анёлаў клапоціцца, а клапоціцца пра нашчадкаў Аўраамавых.
17 Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да Сваіх братоў, каб стаць літасцівым і адданым Першасвятаром на службе перад Богам дзеля выкупу грахоў народа.
18 Бо як Сам перацярпеў, будучы выпрабаваны, так Ён можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Яўрэяў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014