1 Пятра 5 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Пастыраў вашых умаўляю я, супастыр і сьведка цярпеньняў Хрыстовых і саўдзельнік у славе, якая павінна адкрыцца:
Старостаў, якія сярод вас, прашу я, сустаршыня і сьведка пакутаў Хрыстовых і супольнік славы, якая мае адкрыцца:
пасьвіце Божы статак, які ў вас, наглядайце за ім ня з прынукі, а з ахвоты і богаспадобна, ня дзеля гнюснай карысьлівасьці, а з руплівасьці,
пасьвіце Божы статак, які ў вас, гледзячы за ім не пад прынукаю, але добраахвотна, і не дзеля прыбыткаў, але з ахвотаю,
і не пануючы над спадчынай Божай, а даючы прыклад статку, —
і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад статку,
і калі зьявіцца Пастыраначальнік, вы атрымаеце неўвядальны вянок славы.
і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце вянок славы, які ня счэзьне.
Таксама і малодшыя, карэцеся пастырам; а ўсе, скараючыся адно аднаму, набярэцеся пакорлівай мудрасьці, таму што Бог ганарыстым працівіцца, а пакорным дае мілату.
Таксама і вы, маладыя, падпарадкоўвайцеся старостам, а ўсе, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакорнасьць, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае.
Дык вось упакорцеся пад моцнай рукою Божай, хай узьнясе вас у свой час;
Дык скарыцеся пад уладную руку Божую, каб Ён узьвялічыў вас у свой час.
усе клопаты вашыя ўскладзеце на Яго, бо Ён дбае пра вас.
Усе турботы свае ўскладайце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас.
Цьверазейце, чувайце, бо супраціўнік ваш д’ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць;
Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.
стойце супроць яго цьвёрдаю вераю, ведаючы, што такія самыя цярпеньні выпадаюць і братам вашым у сьвеце.
Супрацьстаньце яму цьвёрдай вераю, ведаючы, што такія самыя пакуты здараюцца з братамі вашымі ў сьвеце.
А Бог усялякай мілаты, паклікаўшы нас у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, Сам пасьля нядоўгага цяпреньня вашага, няхай удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непахіснымі.
А Бог усякае ласкі, Які паклікаў нас, што крыху цярпелі, у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, няхай Сам удасканаліць вас, няхай умацуе, няхай узмоцніць, няхай угрунтуе.
Яму слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
Гэта сьцісла напісаў я вам праз Сылуана, вернага, як думаю, вашага брата, каб упэўніць вас, суцяшаючы і сьведчачы, што гэта ў ісьціне мілата Божая, у якой вы стаіце.
Гэта коратка напісаў я вам праз Сілуана, вернага, як лічу, брата, каб суцешыць і засьведчыць, што праўдзівая ласка Божая, у якой вы стаіцё.
Вітае вас выбраная, падобна вам, царква ў Вавілоне і Марк, сын мой.
Вітае вас [царква], што ў Бабілоне, выбраная разам з вамі, і Марк, мой сын.
Вітайце адно аднаго пацалункам любові. Мір вам усім у Хрысьце Ісусе. Амін.
Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові. Супакой вам усім, якія ў Хрысьце Ісусе. Амэн.