1 Пятра 3 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,
 
Таксама і вы, жанчыны, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб тыя з іх, якія непаслухмяныя слову, паводзінамі жанчын былі здабытыя без слова,

калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.
 
калі ўбачаць вашыя беззаганныя і богабаязныя паводзіны.

Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,
 
Няхай аздобаю вашай будзе не вонкавае заплятанне валасоў, не залатое ўпрыгожанне ці хараство адзення,

а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.
 
але ўкрыты чалавек сэрца ў незнішчальнасці лагоднага і рахманага духу, які вельмі каштоўны для Бога.

Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:
 
Бо гэтак некалі і святыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам.

так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы — дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.
 
Гэтак Сара была паслухмянай Абрагаму, называючы яго гаспадаром. Вы сталі яе дзецьмі, бо робіце дабро і не баіцеся нічога страшнага.

Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.
 
І вы, мужы, разумна жывучы з імі, як слабейшаму жаночаму начынню аддавайце пашану, будучы суспадкаемцамі ласкі жыцця, каб не ставіць перашкодаў вашай малітве.

Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;
 
Нарэшце, будзьце ўсе аднадумцамі, чулымі, любячымі братоў, міласэрнымі, пакорнымі.

не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.
 
Не аддавайце злом за зло, ці знявагай за знявагу, але наадварот, благаслаўляйце, бо дзеля гэтага вы пакліканы, каб унаследаваць благаслаўленне.

Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
 
Бо хто хоча любіць жыццё і ўбачыць шчаслівыя дні, няхай стрымлівае язык ад зла, а вусны — ад подступу.

ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;
 
Няхай адвернецца ад зла і робіць дабро, няхай шукае спакою і ідзе за ім.

бо вочы Госпада — да праведных, і вушы Ягоныя — да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).
 
Бо вочы Пана скіраваны на справядлівых, і вушы Яго — на іхнія просьбы, але аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло.

І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?
 
Калі будзеце рупліўцамі дабра, то хто будзе вам шкодзіць?

Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.
 
Калі церпіце за справядлівасць, вы шчаслівыя! А пагрозаў іхніх не бойцеся і не палохайцеся.

Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;
 
Хрыста Панасвяціце ў сэрцах вашых, будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею.

майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
 
Але рабіце гэта лагодна, з бояззю Божай і добрым сумленнем, каб у тым, за што абгаворваюць вас як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыццё ў Хрысце.

Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;
 
Таму што лепей, калі ў гэтым воля Божая, цярпець за добрыя ўчынкі, чым за благія.

бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,
 
Бо і Хрыстус раз пацярпеў за грахі, справядлівы за несправядлівых, каб прывесці вас да Бога. Забіты ў целе, але ажыўлены ў Духу.

якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;
 
У Ім таксама Ён прыйшоў абвяшчаць тым духам, што ў вязніцы, якія некалі былі непакорнымі,

яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.
 
калі Божая доўгацярплівасць чакала ў дні Ноя, у час пабудовы каўчэга, на якім нямногія, усяго восем душ, уратаваліся ад вады.

Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,
 
Яна і вас сёння, паводле гэтага ўзору, ратуе праз хрост, не праз абмыццё цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрасенне Езуса Хрыста,

Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.
 
які, узышоўшы на неба, знаходзіцца праваруч Бога, і якому пакарыліся анёлы і ўлады, і моцы.