Да Піліпянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка
Павел і Цімафей, слугі Езуса Хрыста, усім святым у Хрысце Езусе, якія знаходзяцца ў Філіпах, разам з біскупамі і дыяканамі:
ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
Дзякую майму Богу пры кожнай згадцы пра вас.
Заўсёды кожную сваю малітву за ўсіх вас я ўзношу з радасцю,
за ваш удзел у абвяшчэнні Евангелля з першага дня аж дагэтуль.
Упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Езуса Хрыста.
І гэта справядліва для мяне так думаць пра ўсіх вас, бо вы — у маім сэрцы, і ўсе вы мае саўдзельнікі ў маёй ласцы, у маіх кайданах, у абароне і ва ўмацаванні Евангелля.
Бог — мой сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Езуса Хрыста.
Таму малюся, каб вашая любоў яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні,
каб вы пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста,
напоўненыя пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста дзеля славы і хвалы Божай.
Хачу, браты, каб вы ведалі, што маё ганенне паспрыяла яшчэ большаму пашырэнню Евангелля.
Так што мае кайданы сталі бачнымі ў Хрысце ва ўсёй прэторыі і сярод усіх іншых.
Праз гэта многія з братоў у Пану, перакананыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся бясстрашна абвяшчаць слова.
Некаторыя, праўда, ад зайздрасці і дзеля спрэчкі абвяшчаюць Хрыста, іншыя ж — з добрай волі.
Гэтыя астатнія робяць гэта з любові, бо ведаюць, што я пастаўлены дзеля абароны Евангелля.
Тыя ж дзеля звады прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае кайданы яшчэ цяжэйшымі.
Дык што? Усялякім чынам, ці то дзеля выгляду, ці то праўдзіва, абвяшчаецца Хрыстус. І я гэтаму радуюся, і буду радавацца.
Бо ведаю, што гэта прывядзе мяне да збаўлення праз вашую малітву і дапамогу Духа Езуса Хрыста,
паводле чакання і маёй надзеі, што я ні ў чым не буду асаромлены. Але з поўнай адвагай, як заўсёды, так і сёння, узвялічаны будзе Хрыстус у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць.
Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстус, а смерць — гэта выгада.
А калі жыццё ў целе — гэта для мяне плён працы, то не ведаю, што выбраць.
Вабіць мяне і тое, і другое: маю жаданне памерці і быць з Хрыстом, бо гэта значна лепш;
але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.
Перакананы ў гэтым, я ведаю, што застануся і буду з вамі дзеля вашага поспеху і радасці ў веры,
каб хвала ваша ў Хрысце Езусе памножылася праз мяне, калі я зноў прыйду да вас.
Толькі вядзіце жыццё, годнае Хрыстовага Евангелля, каб я, калі прыбуду і ўбачу вас ці калі буду далёка, пачуў пра вас, што вы трываеце ў адным духу. Аднадушна змагайцеся за веру ў Евангелле
і ні ў чым не палохайцеся праціўнікаў. Гэта стане для іх прычынай згубы, а для вас — збаўленнем, і гэта ад Бога.
Вам дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,
паколькі вы вядзеце тую ж барацьбу, якую бачылі ўва мне і пра якую цяпер чуеце ад мяне.