Мацьвея 2 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць:
 
Калі Ісус радзіўся ў Бэтлееме Іудэйскім у дні цара, вось магі з Усходу прыйшлі ў Ерузалім і кажуць:

«Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».
 
дзе ёсьць народжаны цар Іудэйскі? Бо мы бачылі ягоную зорку на Усходзе і прыйшлі пакланіцца яму,

Пачуўшы гэтае, Ірад валадар устрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім.
 
Пачуўшы гэтае, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалім з ім.

І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос.
 
І сабраўшы ўсіх старшых сьвятароў і народных кніжнікаў, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?

Яны ж сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока:
 
Яны-ж сказалі яму: у Бэтлееме Іудэйскім, бо гэтак ёсьць напісана прарокам:

“І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль”».
 
і ты, Бэтлееме, зямля Іудэйская, нічым ня меншы паміж Іудэйскіх княстваў, бо з цябе выйдзе правадыр, каторы ўпасе мой народ ізраільскі.

Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі.
 
Тады Ірад тайком прыклікаў магаў, рупна выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі

І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».
 
і пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: ідзеце і добра распытайцеся аб дзіцяці і калі знойдзеце, паведамеце мяне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.

Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над [месцам], дзе было Дзіцятка.
 
Яны, выслухаўшы цара, адыйшлі. І вось зорка, якую яны бачылі на Усходзе, ішла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы не затрымалася над мейсцам, дзе было Дзіцятка.

Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю.
 
Угледзеўшы-ж зорну, яны ўзрадаваліся вялікаю радасьцю.

І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну.
 
І ўвайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Ягонаю Маткаю Марыяю і ўпаўшы пакланіліся Яму; ды адчыніўшы свае скарбы, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан, і сьмірну.

І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.
 
І атрымаўшы ў сьне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншым шляхам вярнуліся ў свой край.

Калі ж яны адыйшлі, вось, анёл Госпада зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго».
 
Калі-ж яны адыйшлі, Гасподні ангел зьявіўся ў сьне Язэпу кажучы: устань, вазьмі Дзіця і Ягоную Матку і бяжы ў Ягіпет і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб Яго загубіць.

Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і пайшоў у Эгіпет.
 
І ён устаў ноччу, узяў Дзіцятка і Ягоную Матку і пайшоў у Ягіпет.

І там быў да сьмерці Ірада, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Эгіпту паклікаў Я сына Майго».
 
І там быў да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: Я з Ягіпту паклікаў Майго Сына.

Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў.
 
Тады Ірад пабачыўшы, што магі падвялі яго, вельмі разгневаўся і паслаў выбіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ягоных ваколіцах ад двух гадоў і малодшых, паводля часу, які выведаў ад магаў.

Тады споўнілася сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа:
 
Тады збылося сказанае прарокам Ераміяю, каторы кажа:

«Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма».
 
у Раме быў чутны голас, плач наўзрыд і вялікі лямант; Рахіля плача па сваіх дзецях і ня хоча суняцца, бо іх няма.

А пасьля сьмерці Ірада, вось, анёл Госпада ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце
 
Па сьмерці-ж Ірада, вось ангел Гасподні ўва сьне зьявіўся Язэпу ў Ягіпце

і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці».
 
і кажа: устань, вазьмі Дзіцятка і Ягоную Матку ды йдзі ў зямлю Ізраіляву, бо памерлі тыя; што шукалі душу Дзіцятка.

Ён устаў, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраіля.
 
Ён устаў, узяў Дзіцятка і Ягоную Матку і прыйшоў у зямлю Ізраіляву.

А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; але, атрымаўшы слова ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.
 
Пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, ягонага бацькі, пабаяўся туды йсьці, але папярэджаны ад Бога ў сьне, пайшоў у Галілейскія межы.

І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.
 
І прыйшоўшы, асеў у месьце званым Назарэт, каб збылося сказанае прарокам, што назавецца Назарэем.