Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і вядзе іх на гару высокую адных.
 
А праз шэсць дзён узяў Ісус Пятра, Івана і Якава, ягонага брата і ўзьвеў іх адных на высокую гару.

І Ён перамяніўся перад імі, і сьвяцілася аблічча Ягонае, як сонца, а шаты Ягоныя сталіся белыя, як сьвятло.
 
І перамяніўся перад імі; і зьзяла Ягонае аблічча, як сонца, вопратка-ж Ягоная сталася белая як сьвятло.

І вось, зьявіліся ім Майсей і Ільля, ведучы гутарку з Ім.
 
І вось зьявіўся ім Майсей і Ільля, размаўляючы з Ім.

Адказваючы, Пётар сказаў Ісусу: «Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі».
 
І азваўшыся Пятро сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць, калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і адну Ільлі.

Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае ахінула іх; і вось, голас з воблака, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце».
 
Калі-ж ён яшчэ гаварыў гэтае, сьветлая хмара ацяніла іх; і вось голас з хмары гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, якому спагадаю. Яго слухайце.

І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і моцна спужаліся.
 
І пачуўшы вучні, упалі ніцма абліччам да зямлі і вельмі перапужаліся.

І Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся!»
 
Але Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся!

Падняўшы ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.
 
Падняўшы-ж вочы свае, нікога ня ўгледзелі апрача аднаго Ісуса.

І калі яны зыходзілі з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра гэты відзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых».
 
І калі яны зыходзілі з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажэце аб гэтым відзеньні, пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне з мёртвых.

І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?»
 
адсутнічае

А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё.
 
адсутнічае

А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх».
 
адсутнічае

Тады вучні зразумелі, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля.
 
адсутнічае

І калі яны прыйшлі да натоўпу, падыйшоў да Яго чалавек, падаючы перад ім на калені і кажучы:
 
Калі-ж яны прыйшлі да грамады, падыйшоў да Яго чалавек, сукланяючыся Яму,

«Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён люнатык і цяжка церпіць; бо часта кідаецца ў агонь і часта ў ваду.
 
і кажучы: Госпадзе, зьлітуйся над маім сынам, які ў маладзік шалее і цяжка мучыцца; бо часта кідаецца ў агонь і часта ў ваду.

І я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго».
 
Я прыводзіў яго да Тваіх вучняў і яны не змаглі аздаравіць яго.

Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды».
 
Ісус-жа адказваючы сказаў: о род няверны і распусны, дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне сюды.

І забараніў яму Ісус, і дэман выйшаў з яго, і хлопец быў аздароўлены ў тую гадзіну.
 
І крыкнуў на яго Ісус; і шатан выйшаў з яго і юнак аздаравеў у тую-ж гадзіну.

Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса насамоце, сказалі: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
 
Тады вучні, прыступіўшыся дз Яго на адзіноце сказалі: чаму мы не змаглі выгнаць яго?

А Ісус сказаў ім: «Дзеля недаверства вашага. Бо сапраўды кажу вам: калі вы маеце веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гары гэтай: “Перайдзі адгэтуль туды”, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчымым для вас.
 
Ісус сказаў ім: праз малаверства ваша, бо сапраўды кажу вам, калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гэтай гары: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пярэйдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас.

Гэты ж род выходзіць толькі праз малітву і пост».
 
Гэты-ж род выганяецца толькі малітваю і постам.

Калі ж былі яны ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,
 
У час іх быцьця ў Галілеі Ісус сказаў ім: Сын Чалавечы мае быць выданы ў рукі чалавечыя,

і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». І яны дужа засмуціліся.
 
і заб’юць Яго і на трэці дзень уваскросьне. І яны дужа засмуціліся.

Калі ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дыдрахмаў і сказалі: «Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?»
 
адсутнічае

Ён кажа: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: «Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мыта ці даніну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?»
 
адсутнічае

Пётар кажа Яму: «З чужых». Сказаў яму Ісус: «Значыцца, сыны вольныя.
 
адсутнічае

Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь вуду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе».
 
адсутнічае