Мацьвея 2 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць:
Як жа нарадзіўся Ісус у Бэтлееме Юдэйскім, за дзён караля Гірада, вось, мудрыцы з усходу прыбылі да Ерузаліму й сказалі:
«Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».
«Ідзе кароль Юдэйскі, што нарадзіўся? бо мы бачылі на ўсходзе зорку Ягоную і прышлі пакланіцца Яму».
Пачуўшы гэтае, Ірад валадар устрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім.
Пачуўшы гэта, кароль Гірад парушыўся, і ўвесь Ерузалім ізь ім.
І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос.
І, зьбершы ўсіх найвышшых сьвятароў а кніжнікаў люду, распытаваў у іх, ідзе меў Хрыстос нарадзіцца.
Яны ж сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока:
І яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісаў прарока:
“І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль”».
"І ты, Бэтлееме, зямля Юдзіна, ані ня меншы памеж правадыроў Юдзіных, бо зь цябе выйдзе правадыр, што будзе пасьціць люд Мой — Ізраеля’».
Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі.
Тады Гірад патай прыгукаў мудрыцоў і дакладна ў іх выведаў праз час, калі зьявілася зорка.
І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».
І, пасылаючы іх да Бэтлеему, сказаў: «Ідзіце і ўсё дакладна даведайцеся празь Дзецянё; і, як толькі знойдзеце Яго, накажыце імне, каб і я прышоў а пакланіўся Яму».
Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над [месцам], дзе было Дзіцятка.
Яны ж выслухалі караля й пайшлі. І вось, зорка, што яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль, прыйшоўшы, ня стала над местам, ідзе было Дзецянё.
Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю.
І, абачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцяй надзвычайнай.
І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну.
І, увыйшоўшы ў хату, абачылі Дзецянё з Марыяю, Маткаю Ягонай, і, паўшы, пакланіліся Яму; і адчыніўшы скарбы свае, абраклі Яму дары: золата, кадзіла а міру.
І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.
І, перасьцярэжаныя Богам у сьне, каб не зварачаліся да Гірада, адышлі яны іншай дарогаю да краю свайго.
Калі ж яны адыйшлі, вось, анёл Госпада зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго».
І, як яны адышлі, вось, ангіл Спадароў зьявіўся Язэпу ў сьненьню, кажучы: «Устань, вазьмі Дзецянё а Маці Ягоную, і ўцякай да Ягіпту, і будзь там, пакуль Я не скажу табе; бо Гірад будзе шукаць Дзецяняці, каб загубіць Яго».
Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і пайшоў у Эгіпет.
І. ён устаў, узяў Дзецянё а Маці Ягоную ночы, і здаліўся да Ягіпту.
І там быў да сьмерці Ірада, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Эгіпту паклікаў Я сына Майго».
І быў там аж да сьмерці Гірада, каб спаўнілася сказанае Спадаром прарокам: «Зь Ягіпту Я прыгукаў Сына Свайго».
Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў.
Тады Гірад, абачыўшы, што мудрыцы насьміяліся зь яго, надта загневаўся, і паслаў, і забіў усі дзеці, што былі ў Бэтлееме а ў вусіх аколіцах яго, ад двух год і ніжэй, подле часу, каторы ён распытаў у мудрыцоў.
Тады споўнілася сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа:
Тады спаўнілася сказанае Ярэмам прарокам:
«Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма».
«Быў чуваць голас у Раме, галашэньне а плач а шмат жалобы: Рахіль плача па дзяцёх сваіх і не даецца пацешыць, бо іх няма».
А пасьля сьмерці Ірада, вось, анёл Госпада ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце
Але, як Гірад памер, вось, ангіл Спадароў зьявіўся ў сьненьню Язэпу ў Ягіпце,
і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці».
Кажучы: «Устань, вазьмі дзецянё а маці Ягоную і йдзі да зямлі Ізраелявае, бо памерлі тыя, што шукалі жыцьця Дзецяняці».
Ён устаў, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраіля.
І ён устаў, і ўзяў Дзецянё а Маці Ягоную, і прышоў да зямлі Ізраелявае.
А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; але, атрымаўшы слова ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.
Але пачуўшы, што каралюе ў Юдэі Архелай, — замест Гірада, бацькі свайго, — пабаяўся йсьці туды; а ў сьненьню перасьцярэжаны, адыйшоў да зямлі Ґалілейскае.
І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.
І прыйшоў, і жыў у месьце, званым Назарэт, каб спаўнілася сказанае прарокамі, што Ён Назарэцянінам будзе названы.