Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
А калі настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу мелі нараду адносна Ісуса, каб забіць Яго.
Як настала раніца, усі найвышшыя сьвятары а старцы люду мелі нараду празь Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць.
І, зьвязаўшы Яго, павялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, ваяводзе.
І, зьвязаўшы Яго, завялі й выдалі Пілату Понцкаму, намесьніку.
Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срэбнікаў першасьвятарам і старшыням,
Тады Юда, што ізрадзіў Яго, абачыўшы, што Ён засуджаны, і каючыся, зьвярнуў трыццаць срэбнінікаў найвышшым сьвятаром а старцом,
кажучы: «Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную». Яны ж сказалі яму: «Што нам да гэтага? Глядзі сам».
Кажучы: «Ізграшыў я, ізрадзіўшы кроў нявінную». А яны сказалі яму: «Што нам да таго? ты абачыш».
І, кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся.
І, кінуўшы срэбнікі ў доме Божым, ён вышаў і, адышоўшыся, засіліўся.
А першасьвятары, узяўшы срэбра, сказалі: «Нельга кінуць яго ў скарбонку, бо яно — цана крыві».
Сьвятары ж, узяўшы срэбнікі, гукалі: «Нельга ўкінуць іх да скарбніцы царкоўнае, бо гэта цана крыві».
Зрабіўшы ж нараду, яны купілі за яго поле ганчара, каб хаваць чужынцаў.
Парадзіўшыся, купілі за іх поле ганчарова на пахоў чужан.
Дзеля гэтага завецца поле тое “полем крыві” аж да сёньня.
Затым і завецца поле тое «Поле Крыві» дагэтуль.
Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля,
Тады спаўнілася сказанае прарокам Ярэмам, што кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацанаванага, Каторага ацанавалі сынове Ізраеля,
і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад».
І далі іх за поле ганчарова, як Спадар прызначыў імне».
А Ісус стаў перад ваяводам; і спытаўся ў Яго ваявода, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ісус жа сказаў яму: «Ты кажаш».
Ісус жа стаў перад намесьнікам. І папытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: «Ці ты Кароль Юдэйскі?» Ісус сказаў яму: «Ты кажаш».
І, калі абвінавачвалі Яго першасьвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў.
І як вінавалі Яго найвышшыя сьвятары а старцы, Ён нічога не адказаваў.
Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьведчаць супраць Цябе?»
Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьветчаньняў на Цябе?»
І не адказаў яму ніводнага слова, так што ваявода надта дзівіўся.
І не адказаваў яму на ні воднае слова, ажно намесьнік вельма дзіваваўся.
А на сьвята ваявода меў звычай вызваляць натоўпу аднаго вязьня, якога яны хочуць.
На сьвята ж Пасхі намесьнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязьня, каторага хацелі.
Мелі ж тады знакамітага вязьня, называнага Барабба.
Быў тады ў іх ведамны астрожнік, званы Вараўва.
Дык калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я вызваліў вам: Бараббу ці Ісуса, называнага Хрыстом?»
Дык, як былі зьбершыся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом?»
Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго.
Бо ведаў, што із завідасьці Яго выдалі.
Калі ён сядзеў на судовым пасадзе, жонка ягоная паслала да яго, кажучы: «Няма чаго [рабіць] табе і Праведніку Гэтаму, бо я шмат перацярпела сёньня ў-ва сьне дзеля Яго».
Прымеж таго, як сядзеў ён на судовым седаве, жонка ягоная паслала яму сказаць: «Не рабі нічога Справядліваму гэнаму, бо я сядні ў сьне шмат цярпела за Яго».
Але першасьвятары і старшыні пераканалі натоўп, каб прасілі Бараббу, а Ісуса загубілі.
Але найвышшыя сьвятары а старцы падвучылі груды прасіць Вараўвы, а Ісуса загубіць.
Адказваючы, ваявода сказаў ім: «Каго хочаце з гэтых двух, каб я вызваліў вам?» Яны ж сказалі: «Бараббу».
Тады намесьнік, адказуючы, сказаў ім: «Каго з двух хочаце, каб я выпусьціў вам?» Яны сказалі: «Вараўву».
Кажа ім Пілат: «Што тады я ўчыню Ісусу, называнаму Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
Кажа ім Пілат: «Што ж я зраблю Ісусу, званаму Хрыстом?» Кажуць усі: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
А ваявода сказаў: «Дык якое зло ўчыніў Ён?» А яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
Намесьнік сказаў: «Якое ж ліха зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычэлі: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Бязьвінны я ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце».
Пілат, бачачы, што нічога не паможа, але паўстаець замятня, узяў вады і ўмыў рукі перад грудам, кажучы: «Ня вінен я ў крыві справядлівага гэтага; абачыце вы».
І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!»
І, адказуючы, увесь люд сказаў: «Кроў Яго на нас а на дзеці нашы».
Тады ён вызваліў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў укрыжаваны.
Тады выпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, біўшы пугамі, выдаў на ўкрыжаваньне.
Тады жаўнеры ваяводы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго ўсю кагорту.
Тады жаўнеры намесьнікавы, узяўшы Ісуса да месцкае рады, зьберлі на Яго цэлую вятку.
І, зьняўшы з Яго [ўсё], усклалі на Яго плашч пунсовы,
І, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго шкарлатны ахілім;
і, сплёўшы вянок з церня, усклалі на галаву Ягоную, і [далі] трысьціну ў правую руку Ягоную, і, кленчучы перад Ім, зьдзекваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»
І, зьвіўшы карону зь церні, узлажылі Яму на галаву Ягоную, і далі Яму ў правую руку трысьціну; і, клякаючы перад Ім, насьміхаліся зь Яго, кажучы: «Здароў, Каролю Юдэйскі!»
І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай.
І плівалі на Яго, і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве.
І, калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго плашч, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
І, як назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго шкарлатны ахілім, і адзелі ў вадзецьці Ягоныя, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
А выходзячы, яны знайшлі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; яго прымусілі несьці крыж Ягоны.
Выходзячы, яны стрэлі аднаго Кірынеяніна, імям Сымона; гэтага прысілілі несьці крыж Ягоны.
І прыйшлі на месца, называнае Галгофа, што азначае Месца Чэрапа.
І, прышоўшы на месца, званае Ґолґота, што знача «Чарэпнішча»,
Яны далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць.
Далі Яму піць віна, зьмешанага з жоўцяй; і, паспытаўшыся, не хацеў піць.
А тыя, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае праз прарока: «Падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя».
Тыя, што Яго ўкрыжавалі, дзялілі адзецьці Ягоныя, кідаючы на жэрабя;
І, пасеўшы, пільнавалі Яго там.
І, седзячы, сьцераглі Яго там.
І зьмясьцілі над галавою Яго надпіс пра віну Ягоную: «Гэта Ісус, Валадар Юдэйскі».
І, прыбілі над галавою Ягонай надпіс віны Ягонае: «Гэта Ісус, Кароль Юдэйскі».
Тады былі ўкрыжаваныя з Ім разам два разбойнікі: адзін — праваруч, а другі — леваруч.
Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго справа, а другога зьлева.
А тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі
Праходзячыя ж насьміхаліся зь Яго, ківаючы галавамі сваімі,
і кажучы: «Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, збаў Сябе Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!»
І кажучы: «Ты, што бураеш Дом Божы і за тры дні становіш яго! спасі Самога Сябе; калі Ты Сын Божы, дык іступі з крыжа».
Таксама і першасьвятары з кніжнікамі і старшынямі, зьдзекуючыся, казалі:
Падобна й найвышшыя сьвятары з кніжнікамі а старцамі, насьміхаючыся, гукалі:
«Іншых збаўляў, а Сябе ня можа збавіць! Калі Ён — Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму.
«Іншых спасаў, а Сябе Самога ня можа спасьці! калі кароль Ізраельскі Ён, хай цяпер іступе з крыжа, і ўверым у Яго;
Спадзяваўся на Бога, няхай Ён цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
Спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбаве Яго, калі Ён любы Яму. Бо Ён Сказаў: "Божы Я Сын’».
Да таго і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго.
Таксама й разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, вярнулі на Яго.
А ад шостае гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.
Ад шостае ж гадзіны цемра стала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.
Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: «Элі! Элі! Лама сабахтані?», што значыць: «Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?»
А каля дзявятае гадзіны загукаў Ісус голасам вялікім, кажучы: «Ілі, Ілі, лэма савахфані», што знача: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
А некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, казалі: «Ён Ільлю кліча».
Некатрыя з тых, што стаялі, чуючы гэта, гукалі: «Ільлю гукае Ён».
І адразу адзін з іх, пабегшы, і ўзяўшы губку, і напоўніўшы яе воцатам, і ўсклаўшы на трысьціну, даваў Яму піць.
І якга пабег адзін ізь іх, узяў губку, змачыў яе воцтам і, насадзіўшы на трысьціну, даў Яму піць.
А іншыя казалі: «Пакінь, паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго».
А засталыя казалі: «Пажджы, паглядзім, ці прыйдзе Ільля спасьці Яго».
А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.
Ісус жа, ізноў загукаўшы голасам вялікім, выпусьціў дух.
І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся.
І вось, запона ў Доме Божым разьдзерлася на дзьве часьці, з гары аж да далоўя; і зямля затрэслася; і скалы раськяпіліся;
І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых паўстала,
І грабы рашчыніліся; і шмат якія целы заснулых сьвятых ускрэсьлі;
і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім.
І, вышаўшы з грабоў па ўскрысеньню Ягоным, увыйшлі да сьвятога места, і зьявіліся шмат каму.
Сотнік жа і тыя, што з ім пільнавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што сталася, страхам напалохаліся, кажучы: «Праўда, Ён — Сын Божы».
Сотнік жа й тыя, што сьцераглі зь ім Ісуса, бачачы трасеньне зямлі і ўсе, што прылучылася, надта спалохаліся й казалі: «Запраўды Сын Божы быў Ён».
Было там шмат жанчынаў, што глядзелі здалёк, якія ішлі за Ісусам з Галілеі, паслугуючы Яму.
Там былі таксама й глядзелі зводдаль шмат якія жанкі, што йшлі за Ісусам із Ґалілеі, паслугуючы Яму;
Між імі былі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба і Ёсіі, і маці сыноў Заўдыя.
Памеж іх былі Марыя Магдалена а Марыя маці Якавава а Язэпава, і маці сыноў Зэведэевых.
А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.
Як жа настаў вечар, прышоў багаты чалавек із Арымафеі, імям Язэп, што таксама вучыўся ў Ісуса.
Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
Ён, прыступіўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю
І, узяўшы цела, Язэп завярцеў яго ў чыстае палатно;
і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў.
І палажыў яго ў новым сваім гробе, што высек ён у скале; і, прыкаціўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адышоў.
Былі ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
Была ж там Марыя Магдалена а другая Марыя, што сядзелі супроці гробу.
А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата,
Наступнога дня, што быў па дню прыгатовы, зьберліся найвышшыя сьвятары а фарысэі да Пілата,
кажучы: «Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”.
Кажучы: «Спадару! мы ўспомнелі, што ашуканец гэны, яшчэ будучы жывы, сказаў: ‘За тры дні ўскрэсну’.
Дык загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб не прыйшлі вучні Ягоныя ўначы, і ня ўкралі Яго, і не сказалі народу: “Ён уваскрос з мёртвых”. І будзе апошні падман горшы за першы».
Затым раскажы абясьпечыць гроб да трэйцяга дня, каб вучанікі Ягоныя, прышоўшы ночы, ня ўкралі Яго й не сказалі народу: ’Ускрэс ізь мертвых’; і будзе апошняя ашука горшая за першую».
Пілат жа прамовіў да іх: «Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце».
Сказаў ім Пілат: «Маеце варту; пайдзіце, абясьпечча, як знаеце».
Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень.
Яны пайшлі, абясьпечылі гроб, прыклаўшы да каменя пячаць, і вартаю.