Мацьвея 27 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

А калі настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу мелі нараду адносна Ісуса, каб забіць Яго.
 
А калі настала раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супроць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць;

І, зьвязаўшы Яго, павялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, ваяводзе.
 
і, звязаўшы Яго, адвялі і перадалі [Понцію] Пілату, намесніку.

Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срэбнікаў першасьвятарам і старшыням,
 
Тады Іуда, што Яго выдаў, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,

кажучы: «Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную». Яны ж сказалі яму: «Што нам да гэтага? Глядзі сам».
 
кажучы: Саграшыў я, выдаўшы нявінную кроў. — А яны сказалі: Што нам да таго? Глядзі сам.

І, кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся.
 
І ён, кінуўшы срэбранікі ў храме, адышоў; і, пайшоўшы, павесіўся.

А першасьвятары, узяўшы срэбра, сказалі: «Нельга кінуць яго ў скарбонку, бо яно — цана крыві».
 
А першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: Іх не дазваляецца класці ў храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.

Зрабіўшы ж нараду, яны купілі за яго поле ганчара, каб хаваць чужынцаў.
 
І, зрабіўшы нараду, яны купілі за іх поле ганчара пахавання чужаземцаў.

Дзеля гэтага завецца поле тое “полем крыві” аж да сёньня.
 
Таму тое поле завецца Полем Крыві па сённяшні дня.

Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля,
 
Тады спраўдзілася сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевы,

і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад».
 
і далі іх за ганчарова поле, як загадаў мне Госпад».

А Ісус стаў перад ваяводам; і спытаўся ў Яго ваявода, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ісус жа сказаў яму: «Ты кажаш».
 
Ісус жа стаў перад намеснікам; і намеснік спытаўся ў Яго, кажучы: «Ці Ты Іудзейскі Цар?» — Ісус жа сказаў [яму]: Ты праўду кажаш.

І, калі абвінавачвалі Яго першасьвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў.
 
І, калі першасвятары і старэйшыны абвінавачвалі Яго, Ён нічога не адказваў.

Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьведчаць супраць Цябе?»
 
Тады Пілат кажа Яму: Ці Ты не чуеш, колькі сведчанняў супроць Цябе?

І не адказаў яму ніводнага слова, так што ваявода надта дзівіўся.
 
І Ён не адказваў ні на адно слова, так што намеснік надта здзіўляўся.

А на сьвята ваявода меў звычай вызваляць натоўпу аднаго вязьня, якога яны хочуць.
 
А на свята намеснік меў звычай адпускаць натоўпу аднаго вязня, якога яны хацелі.

Мелі ж тады знакамітага вязьня, называнага Барабба.
 
І быў ў іх тады вядомы вязень, якога звалі [Ісус] Варава.

Дык калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я вызваліў вам: Бараббу ці Ісуса, называнага Хрыстом?»
 
Дык калі яны сабраліся, Пілат сказаў ім: Каго хочаце, каб я адпусціў вам: [Ісуса] Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?

Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго.
 
Бо ён ведаў, што праз зайздрасць выдалі Яго.

Калі ён сядзеў на судовым пасадзе, жонка ягоная паслала да яго, кажучы: «Няма чаго [рабіць] табе і Праведніку Гэтаму, бо я шмат перацярпела сёньня ў-ва сьне дзеля Яго».
 
Калі ж ён сядзеў на судзейскім крэсле, яго жонка паслала да яго сказаць: Нічога не рабі Таму Праведніку; бо я сёння ў сне шмат нацярпелася з-за Яго.

Але першасьвятары і старшыні пераканалі натоўп, каб прасілі Бараббу, а Ісуса загубілі.
 
Але першасвятары і старэйшыны падбілі натоўпы, каб прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.

Адказваючы, ваявода сказаў ім: «Каго хочаце з гэтых двух, каб я вызваліў вам?» Яны ж сказалі: «Бараббу».
 
І намеснік сказаў у адказ: Каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? — І яны сказалі: Вараву.

Кажа ім Пілат: «Што тады я ўчыню Ісусу, называнаму Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
 
Пілат кажа ім: Дык што мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом? — Яны ўсе кажуць [яму]: Няхай будзе ўкрыжаваны!

А ваявода сказаў: «Дык якое зло ўчыніў Ён?» А яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»
 
А ён82 сказаў: Што ж благое зрабіў Ён? — Ды яны яшчэ мацней крычалі і казалі: Няхай будзе ўкрыжаваны!

Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Бязьвінны я ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце».
 
І Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а ўсчынаецца большае замяшанне, узяўшы вады, умыў рукі перад натоўпам, кажучы: Не вінаваты я ў крыві Гэтага [Праведніка]; глядзіце вы.

І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!»
 
І ўвесь народ сказаў у адказ: Яго кроў на нас і на нашых дзецях!

Тады ён вызваліў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў укрыжаваны.
 
Тады ён адпусціў ім Вараву; а Ісуса, збічаваўшы, выдаў, каб укрыжавалі.

Тады жаўнеры ваяводы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго ўсю кагорту.
 
Тады намеснікавы воіны, забраўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго ўсю кагорту.

І, зьняўшы з Яго [ўсё], усклалі на Яго плашч пунсовы,
 
І, раздзеўшы Яго, яны надзелі на Яго пурпуровы плашч,

і, сплёўшы вянок з церня, усклалі на галаву Ягоную, і [далі] трысьціну ў правую руку Ягоную, і, кленчучы перад Ім, зьдзекваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»
 
і, звіўшы вянок з калючак, усклалі Яму на галаву і далі палку ў правую руку; і, кленчачы перад Ім, глуміліся з Яго, кажучы: Радуйся, Цар Іудзейскі!

І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай.
 
І, напляваўшы на Яго, узялі палку і білі Яго па галаве.

І, калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго плашч, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
 
І калі наглуміліся з Яго, яны знялі з Яго плашч і апранулі Яго ў Яго адзенне і павялі на ўкрыжаванне.

А выходзячы, яны знайшлі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; яго прымусілі несьці крыж Ягоны.
 
Выходзячы ж, яны сустрэлі аднаго кірэнца, імем Сіман; гэтага і прымусілі ўзяць Яго крыж.

І прыйшлі на месца, называнае Галгофа, што азначае Месца Чэрапа.
 
І, прыйшоўшы на месца, званае Галгофа, што значыць «месца чэрапа»,

Яны далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць.
 
далі Яму піць віна, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў яго піць.

А тыя, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае праз прарока: «Падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя».
 
Тыя ж, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі Яго адзенне, кідаючы жэрабя;

І, пасеўшы, пільнавалі Яго там.
 
і, седзячы, вартавалі Яго там.

І зьмясьцілі над галавою Яго надпіс пра віну Ягоную: «Гэта Ісус, Валадар Юдэйскі».
 
І змясцілі над Яго галавою надпіс Яго віны: Гэта Ісус, Цар Іудзейскі.

Тады былі ўкрыжаваныя з Ім разам два разбойнікі: адзін — праваруч, а другі — леваруч.
 
Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго праваруч і аднаго леваруч.

А тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі
 
А тыя, што міма праходзілі, ганьбілі Яго, ківаючы сваімі галовамі

і кажучы: «Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, збаў Сябе Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!»
 
і кажучы: Ты, што руйнуеш храм і за тры дні будуеш, уратуй Самога Сябе, калі ты Сын Божы, [і] зыдзі з крыжа!

Таксама і першасьвятары з кніжнікамі і старшынямі, зьдзекуючыся, казалі:
 
Падобна і першасвятары з кніжнікамі, старэйшынамі [і фарысеямі,] насміхаючыся, казалі:

«Іншых збаўляў, а Сябе ня можа збавіць! Калі Ён — Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму.
 
Іншых ратаваў — Сябе Самога не можа ўратаваць. [Калі] Ён Цар Ізраілеў, няхай цяпер зыдзе з крыжа, і мы ўверуем у Яго.

Спадзяваўся на Бога, няхай Ён цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
 
Спадзяваўся на Бога: няхай Ён цяпер выбавіць [Яго], калі Ён Яму даспадобы. Бо Ён сказаў: «Я — Сын Божы».

Да таго і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго.
 
Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

А ад шостае гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.
 
Ад шостай жа гадзіны зрабілася цемра на ўсёй зямлі — да дзевятай гадзіны.

Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: «Элі! Элі! Лама сабахтані?», што значыць: «Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?»
 
А каля дзевятай гадзіны Ісус ускрыкнуў моцным голасам, кажучы: Элі, Элі, лема савахвані? — гэта значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»83

А некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, казалі: «Ён Ільлю кліча».
 
І некаторыя з тых, што стаялі там, пачуўшы, казалі: Ён кліча Ілію.

І адразу адзін з іх, пабегшы, і ўзяўшы губку, і напоўніўшы яе воцатам, і ўсклаўшы на трысьціну, даваў Яму піць.
 
І адразу адзін з іх пабег, і, узяўшы губку, намачыў яе ў воцаце і, надзеўшы на палку, даваў Яму піць.

А іншыя казалі: «Пакінь, паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго».
 
А астатнія казалі: Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ілія ратаваць Яго.

А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.
 
Ісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусціў дух.

І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся.
 
І вось, заслона храма разадралася зверху да нізу напалам, і зямля задрыжала, і раскалоліся скалы.

І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых паўстала,
 
І магільні расчыніліся, і шмат цел спачылых святых былі ўваскрэшаны,

і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім.
 
і, выйшаўшы з магільняў пасля Яго ўваскрэсення, яны ўвайшлі ў святы горад і з’явіліся многім.

Сотнік жа і тыя, што з ім пільнавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што сталася, страхам напалохаліся, кажучы: «Праўда, Ён — Сын Божы».
 
А сотнік і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што адбылося, вельмі спалохаліся, кажучы: Сапраўды Ён быў Сын Божы.

Было там шмат жанчынаў, што глядзелі здалёк, якія ішлі за Ісусам з Галілеі, паслугуючы Яму.
 
Было ж там шмат жанчын, якія глядзелі здалёку, тыя, што ішлі ўслед за Ісусам з Галілеі, прыслугоўваючы Яму;

Між імі былі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба і Ёсіі, і маці сыноў Заўдыя.
 
між іх была Марыя Магдаліна, Марыя, маці Іякава і Іосіфа84, і маці сыноў Зевядзеевых.

А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.
 
Калі ж звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф, які і сам быў Ісусавым вучнем;

Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
 
ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Ісусава цела. Тады Пілат загадаў аддаць [цела].

І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю
 
І, узяўшы цела, Іосіф абгарнуў яго чыстым кужэльным палатном,

і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў.
 
і паклаў яго ў сваёй новай магільні, якую высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магільню, пайшоў.

Былі ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
 
І была там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупроць магілы.

А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата,
 
На другі ж дзень, што ідзе за днём Падрыхтавання85, сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата,

кажучы: «Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”.
 
кажучы: Гаспадару, мы ўспомнілі, што той ашуканец казаў яшчэ пры жыцці: «Пасля трох дзён уваскрэсну».

Дык загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб не прыйшлі вучні Ягоныя ўначы, і ня ўкралі Яго, і не сказалі народу: “Ён уваскрос з мёртвых”. І будзе апошні падман горшы за першы».
 
Дык загадай ахоўваць магілу да трэцяга дня; каб Яго вучні, прыйшоўшы [ўночы], не ўкралі Яго і не сказалі народу: «Ён уваскрэшаны з мёртвых»; і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.

Пілат жа прамовіў да іх: «Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце».
 
Пілат сказаў ім: Маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.

Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень.
 
І яны пайшлі і пачалі ахоўваць магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.