Мацьвея 14 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
У той час пачуў Ірад тэтрарх чутку пра Ісуса
У той час пачуў Ірад-тэтрарх погаласку пра Ісуса
і сказаў слугам сваім: «Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрошаны з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго».
і сказаў сваім слугам: Гэта Іаан Хрысціцель; ён уваскрэшаны з мёртвых, і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у ім.
Бо Ірад, схапіўшы Яна, увязьніў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата свайго,
Бо Ірад, схапіўшы Іаана, звязаў [яго] і пасадзіў у турму з-за Ірадыяды, жонкі свайго брата Філіпа;
бо Ян казаў яму: «Не належыцца табе мець яе».
бо Іаан казаў яму: Не дазваляецца табе мець яе.
І, хочучы забіць яго, баяўся натоўпу, бо яго мелі за прарока.
І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся натоўпу, бо яго лічылі за прарока.
А калі Ірад спраўляў народзіны, дачка Ірадыяды таньчыла пасярод іх і спадабалася Іраду.
А калі быў Ірадаў дзень нараджэння, Ірадыядзіна дачка танцавала перад гасцямі і спадабалася Іраду;
Таму ён з прысягаю паабяцаў ёй даць, чаго б ні папрасіла.
таму ён з клятваю паабяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.
Яна ж, падвучаная маці сваёй, сказала: «Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысьціцеля».
А яна, падвучаная сваёю маці: Дай мне, — кажа, — тут на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля.
І засумаваў валадар, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі з ім, загадаў даць.
І засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў загадаў даць;
І паслаў адсячы галаву Яну ў вязьніцы.
і, паслаўшы, абезгаловіў Іаана ў турме.
І прынесьлі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, і яна занесла маці сваёй.
І прынеслі яго галаву на талерцы і аддалі дзяўчыне; і яна аднесла сваёй маці.
І вучні ягоныя, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго; і, пайшоўшы, паведамілі Ісусу.
Вучні ж яго, падышоўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі Ісусу.
І, пачуўшы, Ісус адыйшоў адтуль на чаўне ў пустыннае месца адзін, і натоўп, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з гарадоў пехатою.
І, пачуўшы, Ісус адплыў адтуль у лодцы ў пустэльнае месца асобна; і, пачуўшы, натоўпы пайшлі ўслед за Ім пешкі з гарадоў.
І, выйшаўшы, Ісус убачыў шматлікія натоўпы, і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нямоглых іхніх.
І [Ісус], выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі і вылечыў іх хворых.
А калі настаў вечар, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Тут месца пустыннае, і гадзіна ўжо позьняя; адпусьці натоўпы, каб, пайшоўшы ў мястэчкі, купілі сабе ежы».
А калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні [Яго], кажучы: Пустэльнае гэта месца, і ўжо час позні; адпусці натоўпы, каб пайшлі ў сёлы і купілі сабе яды.
А Ісус сказаў ім: «Ня трэба ім ісьці. Вы дайце ім есьці».
А [Ісус] сказаў ім: Не трэба ім адыходзіць; вы дайце ім есці.
Яны ж кажуць Яму: «Нічога тут ня маем, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы».
А яны кажуць Яму: У нас тут нічога няма, толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.
А Ён сказаў: «Прынясіце Мне іх сюды».
Ён жа сказаў: Нясіце Мне іх сюды.
І, загадаўшы натоўпам узьлегчы на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, і, зірнуўшы ў неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлеб, а вучні — натоўпу.
І, загадаўшы натоўпам узлегчы на траве, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны і, паглядзеўшы на неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — натоўпам.
І елі ўсе, і насыціліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, дванаццаць поўных кашоў.
І ўсе елі і наеліся; а з пазасталых кавалкаў назбіралі дванаццаць поўных кошыкаў.
А тых, што елі, было каля пяці тысячаў мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.
А тых, што елі, было каля пяці тысяч мужчын, апроч жанчын і дзяцей.
І адразу змусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць натоўпы.
І Ён39 адразу змусіў [Сваіх] вучняў увайсці ў лодку і плысці раней за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусціць натоўпы.
І, адпусьціўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і, як надыйшоў вечар, быў там адзін.
І, адпусціўшы натоўпы, Ён узышоў на гару асобна памаліцца. І, калі звечарэла, Ён быў там адзін.
А човен ужо быў пасярод мора, кіданы хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
А лодка ўжо была на многія стадыі ад берага40, і яе біла хвалямі, бо вецер быў сустрэчны.
А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.
А ў чацвёртую ж варту ночы Ён прыйшоў41 да іх, ідучы па моры.
І вучні, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, стрывожыліся, кажучы: «Гэта здань», і ад страху закрычалі.
І вучні, убачыўшы Яго, што Ён ідзе па моры, зжахнуліся, кажучы: Гэта здань! — І са страху закрычалі.
Ісус жа адразу загаварыў з імі, кажучы: «Будзьце пэўныя, гэта Я; ня бойцеся».
Але [Ісус] адразу загаварыў з імі, кажучы: Адважней, гэта Я; не бойцеся.
Адказваючы ж Яму, Пётар сказаў: «Госпадзе! Калі гэта Ты, загадай мне ісьці да Цябе па вадзе».
У адказ жа Яму Пётр сказаў: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай, каб я прыйшоў да Цябе па вадзе.
Ён жа сказаў: «Ідзі». І, выйшаўшы з чаўна, Пётар пайшоў па вадзе, ідучы да Ісуса.
І Ён сказаў: Прыйдзі. — І Пётр, сышоўшы з лодкі, пайшоў па вадзе і падышоў42 да Ісуса.
Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!»
Але, бачачы [моцны] вецер, спалохаўся і, пачаўшы тапіцца, закрычаў, кажучы: Госпадзе, ратуй мяне!
А Ісус адразу, працягнуўшы руку, схапіў яго і кажа яму: «Малаверны! Чаму ты засумняваўся?»
І Ісус адразу працягнуў руку, падхапіў яго і кажа яму: Малавер, чаму засумняваўся?
І калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сьціх.
І, калі падняліся43 ў лодку, вецер суняўся.
А тыя, што былі ў чаўне, падыйшоўшы, пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты — Сын Божы!»
А тыя, што былі ў лодцы, [падышлі], упалі перад Ім, кажучы: Сапраўды Ты Сын Божы.
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэцкую.
І яны, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.
І людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ў-ва ўсю ваколіцу тую, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых.
І, пазнаўшы Яго, людзі тае мясцовасці паслалі вестку ва ўсю тую ваколіцу; і даставілі да Яго ўсіх хворых,
І прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і ўсе, якія дакрануліся, былі аздароўленыя.
і яны прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю Яго вопраткі; і ўсе, што дакрануліся, выздаравелі.