Мацьвея 14 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

У тым часе тэтрах Гірад пачуў ведамкі празь Ісуса.
 
У той час пачуў Ірад-тэтрарх погаласку пра Ісуса

І сказаў служцом сваім: «Гэта Яан Хрысьціцель; ён ускрэс ізь мертвых і затым магучыя ўчынкі дзеюцца Ім.
 
і сказаў сваім слугам: Гэта Іаан Хрысціцель; ён уваскрэшаны з мёртвых, і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у ім.

Бо Гірад няў Яана, зьвязаў яго й пасадзіў у вязьніцу за Гіродыяду, жонку Піліпаву, брата свайго;
 
Бо Ірад, схапіўшы Іаана, звязаў [яго] і пасадзіў у турму з-за Ірадыяды, жонкі свайго брата Філіпа;

Бо Яан казаў яму: «Ня маеш права ты мець яе».
 
бо Іаан казаў яму: Не дазваляецца табе мець яе.

І хацеў забіць яго, але баяўся гурбы, бо мелі яго за прароку.
 
І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся натоўпу, бо яго лічылі за прарока.

На ўгодкі радзінаў Гірадавых, дачка Гіродыяды скакала сярод іх і ўпадабаў яе Гірад.
 
А калі быў Ірадаў дзень нараджэння, Ірадыядзіна дачка танцавала перад гасцямі і спадабалася Іраду;

Затым ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна папросе.
 
таму ён з клятваю паабяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.

А яна, падвучаная маткаю сваёй, сказала: «Дай імне тут на талерцы галаву Яана Хрысьціцеля».
 
А яна, падвучаная сваёю маці: Дай мне, — кажа, — тут на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля.

І засмуціўся кароль; але, дзеля прысягі і ўзьляжачых ізь ім, расказаў ёй даць.
 
І засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў загадаў даць;

І паслаў, і сьцялі галаву Яана ў вязьніцы,
 
і, паслаўшы, абезгаловіў Іаана ў турме.

І прынесьлі галаву ягоную на талерцы, і далі дзеўцы, а яна занесла яе маці сваёй.
 
І прынеслі яго галаву на талерцы і аддалі дзяўчыне; і яна аднесла сваёй маці.

Вучанікі ж ягоныя, прыступіўшы, ўзялі цела і пахавалі яго; і пайшлі, наказалі Ісусу.
 
Вучні ж яго, падышоўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі Ісусу.

Ісус, пачуўшы, адплыў стуль стругам адзін на пустыннае месца; а груды, пачуўшы праз гэта, пайшлі за Ім ізь мест пехатой.
 
І, пачуўшы, Ісус адплыў адтуль у лодцы ў пустэльнае месца асобна; і, пачуўшы, натоўпы пайшлі ўслед за Ім пешкі з гарадоў.

І, вышаўшы, Ісус абачыў чысьлены груд людзёў, і зжаліўся над імі, і ўздаравіў хворых іхных.
 
І [Ісус], выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі і вылечыў іх хворых.

А як настаў вечар, прыступіліся да Яго вучанікі Ягоныя, кажучы: «Пустыня тутака, дый час ужо позны, адпусьці груды, каб яны пайшлі да сёлаў і купілі сабе ежы».
 
А калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні [Яго], кажучы: Пустэльнае гэта месца, і ўжо час позні; адпусці натоўпы, каб пайшлі ў сёлы і купілі сабе яды.

Але Ісус сказаў ім: «Ня надабе ім ісьці; вы дайце ім есьці».
 
А [Ісус] сказаў ім: Не трэба ім адыходзіць; вы дайце ім есці.

Яны ж кажуць Яму: «Мы ня маем нічога, апрача пяцёх букаткаў і дзьвюх рыбаў».
 
А яны кажуць Яму: У нас тут нічога няма, толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.

Ён сказаў: «Прынясіце іх Імне сюды».
 
Ён жа сказаў: Нясіце Мне іх сюды.

і расказаў грудом сесьці на траву, і, узяўшы пяць букаткаў і дзьве рыбы, глянуў на неба, дабраславіў і, паламіўшы, даў букаткі вучанікам, а вучанікі — грудом.
 
І, загадаўшы натоўпам узлегчы на траве, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны і, паглядзеўшы на неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — натоўпам.

І елі ўсі, і пад’елі; і набралі засталых кавалкаў двананцаць кашоў поўных.
 
І ўсе елі і наеліся; а з пазасталых кавалкаў назбіралі дванаццаць поўных кошыкаў.

А тых, што елі, было каля пяцёх тысячаў чалавекаў, апрача жанок а дзяцей.
 
А тых, што елі, было каля пяці тысяч мужчын, апроч жанчын і дзяцей.

І зараз прысіліў Ісус вучанікаў сваіх увыйсьці ў струг і пераплысьці ўперад за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьце груды.
 
І Ён39 адразу змусіў [Сваіх] вучняў увайсці ў лодку і плысці раней за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусціць натоўпы.

І адпусьціўшы груды, Ён узышоў на гару памаліцца на адзіноце; і ўвечары заставаўся там адзін.
 
І, адпусціўшы натоўпы, Ён узышоў на гару асобна памаліцца. І, калі звечарэла, Ён быў там адзін.

А струг пасярод мора быў кіданы хвалямі, бо вецер быў праціўны.
 
А лодка ўжо была на многія стадыі ад берага40, і яе біла хвалямі, бо вецер быў сустрэчны.

Чацьвертае варты ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па мору.
 
А ў чацвёртую ж варту ночы Ён прыйшоў41 да іх, ідучы па моры.

І вучанікі, бачачы Яго йдучага па мору, спалохаліся й сказалі: «Гэта здань»; і із страху закрычэлі.
 
І вучні, убачыўшы Яго, што Ён ідзе па моры, зжахнуліся, кажучы: Гэта здань! — І са страху закрычалі.

Але Ісус якга загукаў да іх, кажучы: «Асьмельцеся; гэта Я, не палохайцеся».
 
Але [Ісус] адразу загаварыў з імі, кажучы: Адважней, гэта Я; не бойцеся.

І, адказуючы Яму, Пётра сказаў: «Спадару, калі гэта Ты, раскажы імне прайсьці да Цябе па вадзе».
 
У адказ жа Яму Пётр сказаў: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай, каб я прыйшоў да Цябе па вадзе.

Ён сказаў: «Ідзі». І, зышоўшы із струга, Пётра пайшоў па вадзе і падышоў да Ісуса;
 
І Ён сказаў: Прыйдзі. — І Пётр, сышоўшы з лодкі, пайшоў па вадзе і падышоў42 да Ісуса.

Але, бачачы вялікі вецер, спалохаўся і, пачаўшы тапіцца закрычэў, кажучы: «Спадару! ратуй мяне».
 
Але, бачачы [моцны] вецер, спалохаўся і, пачаўшы тапіцца, закрычаў, кажучы: Госпадзе, ратуй мяне!

Ісус якга выцягнуў руку, ухапіў яго й кажа яму: «Малаверны, чаму ты суміўся?»
 
І Ісус адразу працягнуў руку, падхапіў яго і кажа яму: Малавер, чаму засумняваўся?

І як увыйшлі яны ў струг, вецер сьціх.
 
І, калі падняліся43 ў лодку, вецер суняўся.

Былыя ў струзе падышлі, пакланіліся Яму й сказалі: «Запраўды Ты Сын Божы».
 
А тыя, што былі ў лодцы, [падышлі], упалі перад Ім, кажучы: Сапраўды Ты Сын Божы.

І, пераплыўшы, прыбылі да зямлі Ґенісарэцкае.
 
І яны, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.

І як людзі таго месца добра пазналі Яго, яны паслалі да ўсяе зямлі навокал, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых,
 
І, пазнаўшы Яго, людзі тае мясцовасці паслалі вестку ва ўсю тую ваколіцу; і даставілі да Яго ўсіх хворых,

І прасілі Яго, каб толькі даткнуцца да кутаса адзецьця Ягонага; і тыя, што даткнуліся, былі сусім уздароўлены.
 
і яны прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю Яго вопраткі; і ўсе, што дакрануліся, выздаравелі.