Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
І сталася, як Ісус скончыў усі гэтыя словы, што сказаў вучанікам сваім:
І сталася: калі Ісус закончыў усе гэтыя словы, Ён сказаў Сваім вучням:
«Вы ведаеце, што за два дні будзе Пасха, і Сын Людзкі будзе ізраджаны, каб быў укрыжаваны».
Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне.
Тады зьберліся найвышшыя сьвятары а кніжнікі а старцы люду да двору найвышшага сьвятара, званага Каяфаю.
Тады першасвятары, [кніжнікі] і старэйшыны народа сабраліся ў двор першасвятара, званага Каіафа,
І зрадзіліся ўзяць Ісуса хітрынёю й забіць;
і змовіліся хітрасцю схапіць Ісуса і забіць.
Але гукалі: «Адно ня ў сьвята, каб ня было ўзрушэньня ў люду».
Але казалі: Толькі не ў свята, каб не ўзнікла замяшанне ў народзе.
Як жа Ісус быў у Віфані, у доме Сымона пракажанага,
Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона-пракажонага,
Дабліжылася да Яго жонка з алябастровым слоікам вельма дарагога алею і ўзьліла Яму ўзьляжачаму на галаву.
падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконікам шматкаштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён узлягаў.
Абачыўшы гэта, вучанікі абурыліся, кажучы: «Нашто гэтае раськідонства?
А вучні, убачыўшы гэта, абурыліся, кажучы: «Навошта гэтая трата?
Бо можна было б прадаць гэта за шмат і даць убогім».
Бо можна было б гэта [міра] дорага прадаць і даць убогім.
А, ведаючы гэта, Ісус кажа ім: «Нашто робіце прыкрасьць жонцы? Яна добры ўчынак учыніла Імне;
Але Ісус, даведаўшыся, сказаў ім: Навошта робіце прыкрасць жанчыне? Добры ж учынак яна зрабіла для Мяне;
Бо ўбогіх заўсёды маеце із сабою, а Мяне не заўсёды маеце.
бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою; а Мяне не заўсёды маеце;
Узьліўшы алей гэты на цела Мае, яна прыгатавала Мяне да пахову.
бо, выліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне да пахавання.
Запраўды кажу вам: ідзе-лень будзе абяшчана Евангеля гэта на цэлым сьвеце, сказана будзе таксама, што зрабіла гэтая — на памятку празь яе».
Сапраўды кажу вам: дзе ні будзе прапаведана гэтае Дабравесце на цэлым свеце, будзе сказана і пра тое, што зрабіла яна, на ўспамін пра яе.
Тады адзін із двананцацёх, званы Юда Іскарыёт, падышоў да найвышшых сьвятароў.
Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,
Ён сказаў: «Што хочаце імне даць, і я вам выдам Яго?» Яны адважылі яму трыццаць срэбнікаў.
сказаў: Што вы хочаце даць мне, і я вам выдам Яго? — І яны вызначылі яму трыццаць срэбранікаў80.
І адгэнуль ён шукаў прылучаю ізрадзіць Яго.
І з таго часу ён шукаў зручнага моманту, каб выдаць Яго.
На першы дзень Праснакоў дабліжыліся вучанікі да Ісуса, кажучы: «Ідзе хочаш Ты прыгатаваць табе есьці пасху?»
А ў першы [дзень] Праснакоў вучні падышлі да Ісуса, кажучы [Яму]: Дзе Ты хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе спажыць пасху?
Ён сказаў: «Пайдзіце да места да таго а таго і скажыце яму: "Вучыцель кажа: час Мой блізка, у цябе спраўлю пасху з вучанікамі Сваімі’».
Ён жа сказаў: Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: «Настаўнік кажа: «Мой час блізкі; Я з Маімі вучнямі спраўлю пасху ў цябе».
Вучанікі зрабілі, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
І вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
Як жа настаў вечар, Ён сеў за стол із двананцацьма вучанікамі.
Калі ж звечарэла, Ён узлёг з дванаццаццю.
І, як яны елі, сказаў: «Запраўды кажу вам, што адзін із вас ізрадзе Мяне».
І калі яны елі, Ён сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне.
Яны вельма засмуціліся й пачалі казаць Яму, кажны зь іх: «Ці ня я, Спадару?»
І яны, моцна засмуціліся, кожны з іх пачаў казаць Яму: Не я ж, Госпадзе?
Ён жа, адказуючы, сказаў: «Хто мачае з Імною руку ў місе, тый ізрадзе Мяне.
А Ён сказаў у адказ: Той, хто апусціў са Мною руку ў місу, гэты выдасць Мяне.
Запраўды Сын Людзкі йдзець, як напісана празь Яго, але бяда таму чалавеку, што ізраджае Сына Людзкога; валей было б не радзіцца таму чалавеку».
Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; добра было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся.
Пры гэтым і Юда, што ізраджаў Яго, сказаў: «Ці ня я, Раббі?» Кажа яму: «Ты сказаў».
У адказ жа Іуда, што выдаваў Яго, сказаў: Ці не я, Равві? — Ён кажа яму: Ты сам гэта сказаў.
І як яны елі, Ісус узяў букатку і дабраславіў, паламіў, і даў вучанікам, і сказаў: «Вазьміце, ежча, гэта ё цела Мае».
А калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў яго і, даўшы вучням, сказаў: Вазьміце, ешце, гэта Маё цела.
І, узяўшы чару, і падзяку ўчыніўшы, падаў ім і сказаў: «Піце зь яе ўсі;
І, узяўшы чашу і ўзнёсшы падзяку, падаў ім, кажучы: Піце з яе ўсе;
Бо гэта ё кроў Мая новага Закону, за шмат каго выліваная на дараваньне грахоў.
бо гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што за многіх праліваецца дзеля даравання грахоў.
Кажу ж вам, што адгэтуль ніяк ня буду піць із плоду гэтага віна аж да таго дня, калі буду піць із вамі новае ў гаспадарстве Айца Свайго».
Але кажу вам, што з гэтага часу не буду піць ад гэтага плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць новае віно з вамі ў Царстве Майго Бацькі.
І, запяяўшы, пайшлі на гару Аліўную.
І, праспяваўшы гімн81, яны пайшлі на Аліўную гару.
Тады кажа ім Ісус: «Усі вы празь Мяне спакусіцеся гэтае ночы, бо напісана: "Вытну пастыра, і рассыпяцца авечкі чарады’.
Тады Ісус кажа ім: Усе вы зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «Удару пастыра, і рассыплюцца авечкі чарады».
Па ўскрысеньню ж Сваім выпераджу вас у Ґалілеі».
Але пасля таго, як буду Я ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі.
Пётра ж, адказуючы, сказаў Яму: «Калі ўсі спакусяцца празь Цябе, я ніколі не спакушуся».
У адказ жа Пётр сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся.
Ісус сказаў яму: «Запраўды кажу табе, што гэтае ночы ўперад, чымся запяець пятух, трэйчы запрэшся Мяне».
Ісус сказаў яму: Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым праспявае певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне.
Кажа Яму Пётра: «Хоць бы я меў памерці з Табою, ніяк не запруся Цябе». Падобна казалі і ўсі вучанікі.
Кажа Яму Пётр: Нават калі мне трэба будзе памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. — Падобна і ўсе вучні сказалі.
Потым прыходзе зь імі Ісус на месца, званае Ґефсыманя, і кажа вучанікам: «Пасядзіце тут, пакуль Я пайду памаліцца там».
Тады Ісус прыходзіць з імі на месца, званае Гефсіманіяй, і кажа вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я пайду і там памалюся.
І, узяўшы із Сабою Пётру а абодвых сыноў Зэведэевых, пачаў смуціцца а тужыць.
І, узяўшы Пятра і двух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і тужыць.
Тады кажа ім: «Глыбака смутная душа мая аж да сьмерці, пабудзьце тут з Імною і будзьце чукавыя».
Тады Ён кажа ім: Смуткуе Мая душа да смерці, застаньцеся тут са Мною і не спіце.
І, адышоўшыся крыху, паў на від Свой, маліўся й казаў: «Войча Мой! калі льга, няхай абмінець Мяне чара гэтая; ня як Я хачу, адылі, але як Ты».
І, прайшоўшы трошкі далей, упаў Сваім тварам, молячыся і кажучы: Татухна Мой, калі можна, няхай абміне Мяне гэтая чаша; але не як Я хачу, а як Ты.
І прыходзе да вучанікаў, і засьпяець іх сьпячых, і кажа Пётру: «Ці так не маглі вы вытрываць адну гадзіну з Імною, каб ня спаць?
І Ён прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Вы так не змаглі адной гадзіны патрываць са Мною, каб не спаць.
Будзьце чукавыя й маліцеся, каб ня ўвыйсьці ў спакусу. Запраўды дух бадзёры, але цела млявае».
Не спіце і маліцеся, каб не ўвайсці ў спакусу. Дух дзейны, а цела нядужае.
Яшчэ, адышоўшыся ўдругава, маліўся, кажучы: «Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Імне ня піць яе, няхай станецца воля Твоя».
Зноў, адышоўшыся другі раз, памаліўся, кажучы: Татухна Мой, калі не можа абмінуць [Мяне] гэтая [чаша], каб Мне не піць яе, няхай здзейсніцца Твая воля.
І, прышоўшы, засьпяець іх ізноў сьпячых, бо ў іх вочы ацяжэлі.
І, прыйшоўшы, зноў знайшоў, што яны спяць: бо вочы іх ацяжэлі.
І, пакінуўшы іх, адышоў ізноў і маліўся трэйці раз, кажучы йзноў гэта самае слова.
І, пакінуўшы іх, Ён зноў адышоў і памаліўся трэці раз, зноў сказаўшы тое самае слова.
Тады прыходзе да вучанікаў Сваіх і кажа ім: «Сьпіце ж а супачывайце, вось, дабліжылася гадзіна, і Сын Людзкі будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
Тады Ён прыходзіць да [Сваіх] вучняў і кажа ім: Вы ўсё яшчэ спіце і адпачываеце; вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
Устаньце, ідзіма: вось, дабліжыўся тый, што Мяне ізраджае».
Уставайце, хадзем, вось наблізіўся той, хто Мяне выдае.
І, як яшчэ гукаў Ён, во, Юда, адзін із двананцацёх, прышоў, і зь ім вялікі груд ізь мячамі а кіямі ад найвышшых сьвятароў а старцоў люду.
І, калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасвятароў і старэйшын народу.
А ізраджаючы Яго даў ім знак, сказаўшы: «Каго я пацалую, Тый і ё, схапіце Яго».
А той, хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, Ён і ёсць; схапіце Яго».
І, якга падышоўшы да Ісуса, сказаў: «Здароў будзь, Раббі!» і горача пацалаваў Яго.
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: Радуйся, Равві, — і пацалаваў Яго.
Ісус жа сказаў яму: «Прыяцелю, чаго прышоў ты?» Тады падышлі й налажылі рукі на Ісуса і ўзялі Яго.
А Ісус сказаў яму: Дружа, чаго ты прыйшоў? — Тады яны падышоўшы, наклалі рукі на Ісуса і схапілі Яго.
І вось, адзін із былых ізь Ісусам, выцягнуўшы руку, агаліў меч свой і, выцяўшы слугу найвышшага сьвятара, адцяў яму вуха.
І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, працягнуўшы руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы першасвятаровага раба, адсек яму вуха.
Тады кажа яму Ісус: «Зьвярні меч свой на месца яго, бо ўсі тыя, што бяруць меч, ад мяча загінуць.
Тады Ісус кажа яму: Вярні свой меч на яго месца; бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча загінуць.
Ці думаеш, што Я цяпер ня мог бы прасіць Айца Свайго, і Ён даў бы Імне балей, чымся двананцаць легіёнаў ангілаў?
Ці думаеш, што Я не магу ўпрасіць Майго Бацьку і Ён не выставіць Мне цяпер больш за дванаццаць легіёнаў Анёлаў?
Як жа споўняцца Пісьмы, што так мае быць?»
Дык як жа спраўдзяцца Пісанні, што так павінна адбыцца?
Тае ж гадзіны сказаў Ісус грудом: «Бы на разбойніка вышлі вы зь мячамі а кіямі ўзяць Мяне; кажны дзень у сьвятыні Я сядзеў, вучачы, і вы не схапілі Мяне.
У тую гадзіну Ісус сказаў натоўпам: Як на разбойніка вы выйшлі з мячамі і каламі, каб ўзяць Мяне? Штодня Я сядзеў у храме [з вамі], навучаючы, і вы не схапілі Мяне.
«Гэта ж усе было, каб споўніліся пісаньні прарокаў». Тады ўсі вучанікі, пакінуўшы Яго, уцяклі.
Гэта ж ўсё адбылося, каб спраўдзіліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, уцяклі.
А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы, найвышшага сьвятара, ідзе зьберліся кніжнікі а старцы.
А тыя, што схапілі Ісуса, адвялі Яго да Каіафы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
Пётра ж ішоў за ім здалеку, аж да двору найвышшага сьвятара; і, увыйшоўшы ўнутр, сеў із паслугачымі, каб бачыць канец.
Пётр жа здалёку ішоў услед за Ім да першасвятаровага двара; і, увайшоўшы ўсярэдзіну, сеў са служкамі, каб бачыць канец.
Найвышшыя сьвятары а старцы а ўвесь сынэдрыён шукалі хвальшывага сьветчаньня на Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць;
А першасвятары [і, старэйшыны] і ўвесь сінедрыён шукалі лжэсведчання супроць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць.
І не знаходзілі; і не знайшлі, дарма што шмат хвальшывых сьветак прыходзіла. Але, наапошку, прышло двух хвальшывых сьветак.
І не знайшлі, хоць падыходзіла шмат ілжэсведкаў. А ўрэшце два [лжэсведкі], падышоўшы,
І сказалі: «Ён казаў: "Магу абурыць дом Бо жы і за тры дні пастанавіць яго"».
сказалі: Гэты чалавек казаў: «Я магу зруйнаваць храм Божы і за тры дні пабудаваць [яго]».
І, устаўшы, найвышшы сьвятар сказаў Яму: «Нічога не адказуеш на тое, што яны на Цябе сьветчаць?»
І першасвятар, устаўшы, сказаў Яму: Нічога не адказваеш на тое, што яны сведчаць супроць Цябе?
Ісус маўчаў. І найвышшы сьвятар сказаў Яму: «Запрысягаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?»
Ісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: Заклінаю Цябе Жывым Богам, каб ты сказаў нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
Ісус сказаў яму: «Ты сказаў; нават кажу вам: адгэтуль абачыце Сына Людзкога, на правіцы моцы седзячага і прыходзячага на булакох нябёсных».
Ісус кажа яму: Ты сказаў праўду. Акрамя таго кажу вам: з гэтага часу вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы Божай і прыходзіць на нябесных воблаках.
Тады найвышшы сьвятар разьдзер адзецьці свае й сказаў: «Ён блявузґае! нашто яшчэ нам сьветкі? во, цяпер вы чулі блявузґаньне Ягонае!
Тады першасвятар разадраў сваю вопратку, кажучы: Ён зняважыў Бога! Якая яшчэ патрэба ў сведках? Вось, цяпер вы чулі богазнявагу!
Як вам здаецца?» Яны ж, адказуючы, сказалі: «Вінен сьмерці».
Як вам здаецца? — Яны ж сказалі ў адказ: Ён заслугоўвае смерці.
Тады плівалі Яму ў від і поўшылі Яго; а іншыя білі далонямі рук сваіх,
Тады наплявалі Яму ў твар і таўклі Яго кулакамі; а іншыя білі па шчоках,
Кажучы: «Прарачы нам, Хрысьце, хто выцяў Цябе?»
кажучы: Прароч нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?»
А Пётра сядзеў у дварэ вонках. І падышла да Яго адна паслужніца, кажучы: «І ты быў зь Ісусам Ґалілеянінам».
А Пётр сядзеў звонку, на двары, і падышла да яго адна служанка і сказала: І ты быў з Ісусам Галілеянінам.
Але ён заперачыў перад усімі, сказаўшы: «Ня ведаю, што ты кажаш».
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: Не ведаю, пра што ты кажаш.
Як жа ён выходзіў на ґанак, абачыла яго другая, і кажа бытым там: «І гэты быў зь Ісусам Назарэцянінам».
А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго іншая і кажа тым, што былі там: [І] гэты быў з Ісусам Назарэем.
І ён ізноў заперачыў з прысягаю, што ня знае гэтага чалавека.
І зноў ён адрокся з клятвай: Я не ведаю Гэтага Чалавека.
За часінку, падышоўшы тыя, што там стаялі, сказалі Пётру: «Запраўды й ты зь іх, бо й мова твая выдаець цябе».
А трохі пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і твая гаворка выдае цябе.
Тады ён пачаў клясьціся а прысягаць: «Я ня знаю гэтага чалавека». І якга пятух запяяў.
Тады ён пачаў клясціся і бажыцца: Я не ведаю Гэтага Чалавека. — І адразу праспяваў певень.
І Пётра ўспомнеў слова Ісусава, што сказаў яму: «Уперад чымся пятух запяець, трэйчы запрэшся Мяне». І, вышаўшы вонкі, плакаў горка.
І ўспомніў Пётр слова, сказанае [яму] Ісусам: «Перш чым праспявае певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». — І, выйшаўшы адтуль, ён горка заплакаў.