Мацьвея 20 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

«Бо гаспадарства нябёснае падобнае да гаспадара дамовы, што вышаў золкам наняць работнікаў на вінішча свае.
 
Бо Царства Нябёсаў падобнае да таго чалавека, гаспадара дома, які выйшаў на золку наняць работнікаў у свой вінаграднік.

І, згадзіўшы работнікаў па дынару на дзень, паслаў на вінішча свае.
 
А, згадзіўшы работнікаў па дынарыю ў дзень, паслаў іх у свій вінаграднік.

Вышаўшы каля трэйцяе гадзіны, ён абачыў другіх, што стаялі на рынку дзяньгубячы.
 
І, выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рыначнай плошчы без работы,

І тым сказаў: «Ідзіце й вы на вінішча мае, і што будзе належыцца, дам вам». Яны пайшлі.
 
ён і тым сказаў: ідзіце і вы ў [мой] вінаграднік, і, што будзе належыць, дам вам.

Ізноў вышаўшы каля шостае а дзявятае гадзіны, зрабіў тое самое.
 
І яны пайшлі. І зноў, выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, ён зрабіў тое самае.

І каля адзінанцатае вышаўшы, ён знайшоў іншых, дзяньгубна стоячых, і кажа ім: «Што вы стаіце тут увесь дзень, дзяньгубячы?»
 
А выйшаўшы каля адзінаццатай [гадзіны], знайшоў іншых, што стаялі [без работы], і кажа ім: Чаму стаіце вы тут цэлы дзень без работы?

Яны кажуць: «Ніхто нас не згадзіў». Ён кажа ім: «Ідзіце й вы на вінішча мае, і што будзе належыцца, адзяржыце».
 
Яны кажуць яму: Таму што ніхто нас не наняў. — Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў [мой] вінаграднік [і, што належыць справядліва атрымаеце].

Як жа настаў вечар, кажа гаспадар вінішча загадніку свайму: «Гукні работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх аж да першых».
 
А калі звечарэла, кажа гаспадар вінаградніка свайму аканому: Пакліч работнікаў і выдай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.

І прышлыя каля адзінанцатае гадзіны адзяржалі па дынару.
 
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынарыю.

Прышлыя ж першыя падумалі, што яны адзяржаць балей; але й яны адзяржалі па дынару.
 
А першыя, прыйшоўшы, думалі, што яны атрымаюць больш; але атрымалі і яны па дынарыю.

І, адзяржаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дамовы, кажучы:
 
І, атрымаўшы, наракалі на гаспадара дома,

«Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўнаваў іх із намі, што перацярпелі цяжар дня а вад».
 
кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, а ты зраўняў іх з намі, што перацярпелі цяжар дня і спёку.

Ён жа, адказуючы, сказаў аднаму зь іх: «Прыяцелю! я ня крыўджу цябе; ці не за дынар ты згадзіўся з імною?
 
Ён жа сказаў аднаму з іх у адказ: Дружа, я не крыўджу цябе; ці не за дынарый умовіўся ты са мною?

Вазьмі свае і йдзі; я ж хачу даць гэтаму апошняму, што й табе.
 
Вазьмі сваё ды ідзі. Я ж хачу гэтаму апошняму даць, як і табе.

Ці ж не дазволена імне зрабіць, што я хачу з маім? Ці вока твае завіднае, што я добры?»
 
Хіба не дазваляецца мне рабіць тое, што я хачу з тым, што маё? Ці тваё вока зайздроснае, што я добры?

Гэтак апошнія будуць першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пазваных, але мала абраных».
 
Так будуць апошнія першымі і першыя — апошнімі. [Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных].

І манючыся неўзабаве ўзыходзіць да Ерузаліму, Ісус узяў двананцацёх вучанікаў асобна й сказаў ім: ;
 
І Ісус, узыходзячы ў Іерусалім, узяў асобна дванаццаць [вучняў] і ў дарозе сказаў ім:

«Вось, мы ўзыходзім да Ерузаліму, і Сын Людзкі будзе выданы найвышшым сьвятаром а кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць
 
Вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам; і асудзяць Яго на смерць,

І выдадуць Яго паганам на зьдзек а біцьцё а ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень ускрэсьне».
 
і выдадуць Яго язычнікам на глумленне, і бічаванне, і ўкрыжаванне, і на трэці дзень Ён будзе ўваскрэшаны65.

Тады падышла да Яго маці сыноў Зэведэевых із сынамі сваімі, кланяючыся й чагось просячы ў Яго.
 
Тады падышла да Яго маці сыноў Зевядзеевых са сваімі сынамі, кланяючыся і нешта просячы ў Яго.

Ён сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна кажа Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае маглі сесьці ў Цябе адзін із правага боку, а другі зь левага ў гаспадарстве Тваім».
 
Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш? — Яна кажа Яму: Скажы, каб гэтыя мае два сыны селі адзін праваруч Цябе, а другі леваруч Цябе — у Тваім Царстве.

Ісус, адказуючы, сказаў ёй: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, каторую Я неўзабаве буду піць, альбо хрысьціцца хрыстом, каторым Я хрышчуся?» Яны кажуць Яму: «Можам».
 
Ісус жа сказаў у адказ: Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я рыхтуюся піць [або хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?] — Яны кажуць Яму: Можам.

І кажа ім: «Чару маю будзеце піць і хрыстом, каторым Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; але даць сесьці ў Мяне з правага боку і зь левага — не маё гэта даваць, але каму прыгатаваў Айцец Мой».
 
Ён кажа ім: Маю чашу піць будзеце [і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца], а сесці праваруч Мяне і леваруч — не Мне даваць: гэта для тых, каму гэта падрыхтавана Маім Бацькам.

Пачуўшы, дзесяцёх абурыліся на двух братоў.
 
І, пачуўшы, дзесяць абурыліся на двух братоў.

Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вялікія маюць уладу над імі.
 
Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: Вы ведаеце, што начальнікі язычнікаў пануюць над імі, і вялікія маюць уладу над імі.

Але памеж вас хай ня будзе гэтак: але хто хоча памеж вас быць вялікім, няхай будзе ваш слугачы;
 
Не так [няхай] будзе між вас, а хто хоча зрабіцца вялікім між вас, [няхай] будзе вашым слугою;

І хто-лень хоча памеж вас быць першы, хай будзе вам за нявольніка;
 
а хто хоча між вас быць першым, будзе вашым рабом;

Таксама як Сын Людзкі ня прышоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыцьцё Свае на выкуп за шмат».
 
як і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць Сваё жыццё ў выкуп за многіх.

І як выходзілі яны зь Ерыхону, за Ім ішоў чысьлены груд.
 
І калі яны выходзілі з Іерыхона, услед за Ім пайшоў вялікі натоўп.

І вось, двух нявісных, што сядзелі ля дарогі, пачуўшы, што Ісус праходзе тудэй, загукалі, кажучы: «Зьмілуйся над намі, Спадару, Сыну Давідаў!»
 
І вось два сляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Ісус, закрычалі, кажучы: Злітуйся над намі, [Госпадзе], Сыне Давідаў!

Груд сварыўся на іх, каб маўчэлі; але яны болей крычэлі: «Зьмілуйся над намі, Спадару, Сыну Давідаў!»
 
Натоўп жа дамагаўся, каб яны маўчалі; але яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: Злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!

Ісус, адзержыўшыся, пагукаў іх і сказаў: «Чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?»
 
І Ісус, прыпыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: Што хочаце, каб Я вам зрабіў?

Яны кажуць Яму: «Спадару, каб адчыніліся вочы нашы».
 
Яны кажуць Яму: Госпадзе, каб адкрыліся нашы вочы.

Ісус жа, зьмілаваўшыся над імі, даткнуўся да ачоў іхных, і якга пачалі бачыць вочы іхныя, і яны пайшлі за ім.
 
І Ісус, злітаваўшыся, дакрануўся да іх вачэй, і яны адразу змаглі бачыць і пайшлі ўслед за Ім.