Мацьвея 28 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Як мінула сыбота, золкам першага дня тыдня, прышла Марыя Магдалена а другая Марыя глядзець гробу.
 

І вось, сталася вялікае трасеньне зямлі, бо ангіл Спадароў, зышоўшы зь неба, прыступіўшы, адкаціў камень ад дзьвярэй і сядзеў на ім.
 

Від ягоны быў, як маланьня, і адзецьце ягонае белае, як сьнег.
 

І із страху яго вартаўнікі дрыжэлі й сталі, як мертвыя.
 

І, адказуючы, ангіл сказаў жанкам: «Не лякайцеся, бо я ведаю, што Ісуса ўкрыжаванага шукаеце:
 

Яго няма тут, бо Ён ускрэс, як сказаў. Падыйдзіце, абачча месца, ідзе Спадар ляжаў.
 

І борзда йдзіце, і скажыце вучанікам Ягоным, што Ён ускрэс ізь мертвых, і вось, Ён выперадзе іх да Ґалілеі; там абачыце Яго. Вось, я сказаў вам».
 

І, вышаўшы борзда з гробу, яны із страхам і радасьцяй вялікай пабеглі наказаць вучанікам Ягоным.
 

І як яны йшлі наказаць вучанікам, вось, Ісус пераняў іх, кажучы: «Здаровы!» І яны, дабліжыўшыся, ухапіліся за ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму.
 

Тады сказаў ім Ісус: «Не палохайцеся; ідзіце, накажыце братом Маім, каб ішлі да Ґалілеі, і там яны абачаць Мяне».
 

Як жа яны адышлі, вось, некатрыя з вартаўнікоў, прышоўшы да места, наказалі найвышшым сьвятаром усе, што сталася.
 

І гэтыя, зьбершыся із старцамі й зрадзіўшыся, узяўшы досыць срэбла, далі жаўнерам,
 

Кажучы: «Скажыце, што вучанікі Ягоныя, прышоўшы ночы, укралі Яго, як мы спалі.
 

А калі дзейкі праз гэта дойдуць да намесьніка, мы пераканаем яго і вас абясьпечым».
 

Дык гэтыя ўзялі срэбла й зрабілі, як гэныя навучылі. І разьнеслася слова гэтае памеж Юдэяў дагэтуль.
 

Адзінанцацёх жа вучанікаў пайшлі да Ґалілеі, на гару, куды прызначыў ім Ісус.
 

І, абачыўшы Яго, пакланіліся Яму; але некатры сумляўся.
 

А Ісус, дабліжыўшыся, гутарыў зь імі, кажучы: «Уся ўлада дана Імне на нябёсах і на зямлі.
 

Дык ідзіце й рабіце ўсі народы вучанікамі Маімі, хрысьцячы іх у імя Айца а Сына а Сьвятога Духа,
 

Вучачы іх заховаваць усе, што Я расказаў вам; і вось, Я з вамі ўсі дні аж да сканчэньня веку». Амін.