Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
І сталася, як скончыў Ісус расказаваць двананцацём вучанікам Сваім, перайшоў стуль вучыць а абяшчаць у местах іхных.
І сталася, як Ісус скончыў павучаньне сваім дванаццацём вучням, перейшоў адтуль навучаць і прапаведваць па іншых местах.
Яан жа, пачуўшы ў вязьніцы праз учынкі Хрыстовы, паслаў двух із вучанікаў сваіх,
Іван-жа, пачуўшы ў турме аб дзейнасьці Хрыста, паслаў двох сваіх вучняў
Сказаць Яму: «Ці Ты тый, што мае прыйсьці, ці чакаць нам іншага?»
сказаць Яму: "Ці Ты той, што мае прыйсьці, ці нам чакаць другога?"
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: «Пайдзіце, накажыце Яану, што чуеце а бачыце:
І сказаў ім Ісус у адказ: "Ідзеце абвясьцеце Івану, што чулі і бачылі.
Нявісныя празіраюць і кульгавыя ходзяць, пракажаныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мертвыя ўскрысаюць і ўбогім абяшчаюць Дабравесьць.
Сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажонныя ачышчаюцца, глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Эвангельле.
Шчасьлівы, хто не спакушаецца перазь Мяне».
І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне".
Як жа яны пайшлі, Ісус пачаў гукаць грудом празь Яана: «Чаго глядзець вышлі вы на пустыню? ці трысьціны, што хістае вецер?
Калі-ж тыя адыйшлі, Ісус пачаў гаварыць аб Іване: "Чаго глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трасьціну, што хістаецца ад ветру?
Чаго ж глядзець вышлі вы? чалавека, што адзеўшыся ў мяккія адзецьці? Гля, у палацах каралеўскіх тыя, што носяць мяккія адзецьці.
Што-ж убачыць хадзілі вы? Ці чалавека апраненага ў мяккую вопратку? Вось тыя, што апранаюцца ў мяккае адзеньне знайходзяцца ў каралеўскіх дамох.
Чаго ж глядзець вышлі вы? прарокі? Але, кажу вам, і вялікшага за прароку.
Дык што-ж убачыць хадзілі вы? Прарока? Сапраўды кажу вам і больш як прарока.
Бо ён тый, пра каторага напісана: ’Вось, Я пасылаю ангіла Свайго перад відам Тваім, каторы прыгатуе дарогу Тваю перад Табою’.
Бо ён той, аб кім напісана: Вось я пасылаю майго анёла перад Тваім абліччам, які прастуе Твой шлях перад Табою.
Запраўды кажу вам: з народжаных жанкамі не паўстаў вялікшы за Яана Хрысьціцеля, але найменшы ў гаспадарстве нябёсным вялікшы за яго.
Сапраўды кажу вам: З народжаныі жанчынамі не паўстаў большы за Івана Хрысьціцеля, але найменшы ў Нябесным Валадарстве, большы за яго.
Ад дзён жа Яана Хрысьціцеля аж дагэтуль гаспадарства нябёснае здабываюць сілаю, і дужыя захапляюць яго;
Ад дзён Іване Хрысьціцеля аж да цяпер Нябеснае Валадарства здабываецца сілаю і гвалтоўнікі захопліваюць яго.
Бо ўсі прарокі а закон аж да Яана праракалі.
Бо ўсе прарокі і закон прарочылі аж да Івана,
І калі хочаце прыняць, ён Ільля, каторы мае прыйсьці.
і калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.
Хто мае вушы слухаць, няхай слухае!
Хто мае вушы, хай слухае.
Але да каго прыраўную род гэты? Ён падобны да дзяцей, што сядзяць на рынках і, гукаючы таварышам,
Але да каго прыраўную гэты род? Ён падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і крычаць да сваіх равесьнікаў,
Кажуць: ’Мы гралі вам на дудцы, і вы не скакалі; мы пяялі пахоўныя песьні, і вы ня плакалі’.
кажучы: мы гралі вам і вы не скакалі; мы галасілі і вы ня плакалі.
Бо прышоў Яан, ані есьць, ані п’ець; і кажуць: ’У ім нячысьцік’.
Бо прыйшоў Іван; ня есьць, ня п’е, і кажуць: мае нячысьціка.
Прышоў Сын Людзкі, есьць і п’ець; і кажуць: "Во чалавек, жарло й п’яніца, прыяцель мытнікаў а грэшнікаў’. І апраўджана мудрасьць учынкамі яе».
Прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п’е; і кажуць: вось чалавек абжора і выпівайка, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдалася мудрасьць уласнымі ўчынкамі".
Тады пачаў Ён упікаць местам, ідзе сталася вельмі шмат магучых учынкаў Ягоных, за тое, што яны не пакаяліся:
Тады Ён пачаў дакараць месты, у якіх найбольш выявілася Ягоная моц, за тое, што не пакаяліся.
«Бяда табе, Хоразыне! бяда табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыру а Сыдоне сталіся магучыя ўчынкі, сталыя ў вас, то даўно б яны ў зрэбніне а попеле пакаяліся б;
"Гора табе Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі-б у Тыру і Сыдоне выявілася моц, якая выявілася ў вас, то яны даўно пакаяліся-б у валасяніцы і попеле.
Але кажу вам: Тыру а Сыдону лягчэй будзе ў дзень суду, чымся вам.
Таму кажу вам: Тыру і Сыдону будзе лягчэй у судны дзень, чымся вам.
І ты, Капернауме, ці не аж да неба быў узьняты, аж да пеклы ськінены будзеш; бо калі б у Содоме былі зьдзеяны магучыя ўчынкі, сталыя ў табе, яна засталася б дагэтуль.
А ты, Капэрнаум, ці-ж уздымешся аж да неба? Не, аж да пекла зыйдзеш; бо калі-б у Садоме выявілася моц, выяўленая ў табе, то ён ператрываў-бы да сёньняшняга дня.
Але, кажу вам, што зямлі Содомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чымся табе».
Дык кажу вам, што садомскай зямлі будзе лягчэй у судны дзень, чымся табе".
У тым часе, адказуючы, Ісус сказаў: «Слаўлю Цябе, Войча, Спадару неба й зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых а разумных і аб’явіў гэта бязьлеткам.
І адазваўшыся ў той час, Ісус прамовіў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і выявіў тое дзецям.
Але, Войча! бо такое было зычэньне Твае.
Так Ойча, бо гэтак спадабалася Табе.
Усе перадаў Імне Айцец Мой, і ніхто ня знае добра Сына, апрача Айца; і Айца ня знае ніхто добра, апрача Сына, і каму Сын хоча аб’явіць.
Усё перадана Мне Маім Айцом і ніхто ня знае Сыне апрача Айца і Айца ніхто ня знае апрача Сына, і каму хоча Сын аб’явіць.
Прыйдзіце да Мяне ўсі спрацаваныя а абцяжараныя, і Я дам вам супакой.
Прыйдзеце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжаныя і Я ўмацую вас.
Вазьміце йго Мае на сябе і наўчыцеся ад Мяне, бо Я ціхі й лагоднага сэрца, і знойдзеце супакой душам сваім;
Вазьмеце Маё ярмо на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я ціхі і лагоднага сэрца і знойдзеце супакой вашым душам.
Бо йго Мае прыемнае, і цяжар Мой лягкі».
Бо Маё ярмо любае і Мой цяжар салодкі".