Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка
І сталася, калі Ісус скончыў павучанні сваім дванаццаці вучням, Ён перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іх гарадах.
І сталася, як Ісус скончыў павучаньне сваім дванаццацём вучням, перейшоў адтуль навучаць і прапаведваць па іншых местах.
А Іаан, пачуўшы ў турме пра Хрыстовы справы, паслаў праз28 сваіх вучняў
Іван-жа, пачуўшы ў турме аб дзейнасьці Хрыста, паслаў двох сваіх вучняў
сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?
сказаць Яму: "Ці Ты той, што мае прыйсьці, ці нам чакаць другога?"
І ў адказ Ісус сказаў ім: ідзіце, скажыце Іаану, што вы чуеце і бачыце:
І сказаў ім Ісус у адказ: "Ідзеце абвясьцеце Івану, што чулі і бачылі.
сляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць; мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесцяць;
Сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажонныя ачышчаюцца, глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Эвангельле.
і шчаслівы, хто не разуверыцца ўва Мне.
І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне".
Калі ж яны пайшлі, Ісус пачаў казаць натоўпам пра Іаана: На што вы выходзілі глядзець у пустэльню? Ці не на трыснёг, што ад ветру гайдаецца?
Калі-ж тыя адыйшлі, Ісус пачаў гаварыць аб Іване: "Чаго глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трасьціну, што хістаецца ад ветру?
Што ж вы выходзілі ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць шаты, знаходзяцца у царскіх харомах.
Што-ж убачыць хадзілі вы? Ці чалавека апраненага ў мяккую вопратку? Вось тыя, што апранаюцца ў мяккае адзеньне знайходзяцца ў каралеўскіх дамох.
Што ж вы выходзілі ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і большага, чым прарока.
Дык што-ж убачыць хадзілі вы? Прарока? Сапраўды кажу вам і больш як прарока.
[Бо] гэта той, пра каго напісана: «Вось, Я пасылаю Майго пасланца перад Тваім абліччам, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою».
Бо ён той, аб кім напісана: Вось я пасылаю майго анёла перад Тваім абліччам, які прастуе Твой шлях перад Табою.
Сапраўды кажу вам: між народжаных ад жанчын не паўстаў большы за Іаана Хрысціцеля; але меншы ў Царстве Нябёсаў большы за яго.
Сапраўды кажу вам: З народжаныі жанчынамі не паўстаў большы за Івана Хрысьціцеля, але найменшы ў Нябесным Валадарстве, большы за яго.
Ды ад дзён Іаана Хрысціцеля аж дасюль Царства Нябёсаў бярэцца сілаю, і тыя, што ўжываюць сілу, здабываюць яго.
Ад дзён Іване Хрысьціцеля аж да цяпер Нябеснае Валадарства здабываецца сілаю і гвалтоўнікі захопліваюць яго.
Бо ўсе прарокі і закон прарочылі да Іаана;
Бо ўсе прарокі і закон прарочылі аж да Івана,
і калі хочаце прыняць, то ён — Ілія, якому належыць прыйсці.
і калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.
Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе.
Хто мае вушы, хай слухае.
З кім жа параўнаю гэтае пакаленне? Яно падобнае да дзяцей, што сядзіць на рыначных плошчах і, аклікаючы іншых29,
Але да каго прыраўную гэты род? Ён падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і крычаць да сваіх равесьнікаў,
кажуць: «Мы ігралі вам на флейце, а вы не скакалі; мы спявалі [вам] пахавальную песню, а вы не галасілі».
кажучы: мы гралі вам і вы не скакалі; мы галасілі і вы ня плакалі.
Бо прыйшоў Іаан — не есць і не п’е; і яны кажуць: «У ім дэман».
Бо прыйшоў Іван; ня есьць, ня п’е, і кажуць: мае нячысьціка.
Прыйшоў Сын Чалавечы — і есць і п’е; і яны кажуць: «Вось, чалавек — ахвотнік паесці і выпіць, сябар зборшчыкаў падаткаў і грэшнікаў». Ды апраўдалася Мудрасць яе ўчынкамі30.
Прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п’е; і кажуць: вось чалавек абжора і выпівайка, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдалася мудрасьць уласнымі ўчынкамі".
Тады Ён пачаў дакараць гарады, дзе адбылося найбольш Яго цудаў, за тое, што яны не пакаяліся:
Тады Ён пачаў дакараць месты, у якіх найбольш выявілася Ягоная моц, за тое, што не пакаяліся.
Бяда табе, Харадзіне, бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б даўно ў валасяніцы і попеле пакаяліся.
"Гора табе Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі-б у Тыру і Сыдоне выявілася моц, якая выявілася ў вас, то яны даўно пакаяліся-б у валасяніцы і попеле.
Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў судны дзень, чым вам.
Таму кажу вам: Тыру і Сыдону будзе лягчэй у судны дзень, чымся вам.
А ты, Капернауме, хіба да неба ўзвысішся31? Да пекла зыдзем32, бо калі б у Садоме адбыліся цуды, што адбыліся ў табе, то ён застаўся б да сённяшняга дня.
А ты, Капэрнаум, ці-ж уздымешся аж да неба? Не, аж да пекла зыйдзеш; бо калі-б у Садоме выявілася моц, выяўленая ў табе, то ён ператрываў-бы да сёньняшняга дня.
Але кажу вам, што лягчэй будзе Садомскай зямлі ў судны дзень, чым табе.
Дык кажу вам, што садомскай зямлі будзе лягчэй у судны дзень, чымся табе".
У той час казаў Ісус у адказ: Усхваляю Цябе, Татухна, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям;
І адазваўшыся ў той час, Ісус прамовіў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і выявіў тое дзецям.
Так, Татухна, бо гэта было Табе даспадобы.
Так Ойча, бо гэтак спадабалася Табе.
Усё Мне перададзена Маім Бацькам, і ніхто не ведае Сына, апроч Бацькі; і ніхто не ведае Бацькі, апроч Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
Усё перадана Мне Маім Айцом і ніхто ня знае Сыне апрача Айца і Айца ніхто ня знае апрача Сына, і каму хоча Сын аб’явіць.
Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супакой.
Прыйдзеце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжаныя і Я ўмацую вас.
Вазьміце Маё ярмо на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я літасцівы і лагодны сэрцам; і знойдзеце спакой вашым душам:
Вазьмеце Маё ярмо на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я ціхі і лагоднага сэрца і знойдзеце супакой вашым душам.
бо Маё ярмо лагоднае і Мая ноша лёгкая.
Бо Маё ярмо любае і Мой цяжар салодкі".