Мацьвея 1 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка
Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраамавага.
Кніга радаводу Ісуса Хрыста сына Давідавага, сына Аўраамавага.
Ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, ад Ісаака нарадзіўся Іакаў, ад Іакава ж нарадзіўся Іуда і яго браты,
Аўраам радзіў Ісаака, Ісаак радзіў Якава, Якаў радзіў Юду і ягоных братоў.
ад Іуды ж нарадзіўся Фарэс і Дзара ад Фамары, ад Фарэса ж нарадзіўся Гесром, ад Гесрома ж нарадзіўся Арам,
Юда радзіў Фарэса і Зару ад Тамары, Фарэс радзіў Эзрома, Эзром радзіў Арама,
ад Арама ж нарадзіўся Амінадаў, ад Амінадава ж нарадзіўся Наасон, ад Наасона ж нарадзіўся Салмон,
Арама радзіў Амінадава, Амінадаў радзіў Наасона, Наасон-жа радзіў Сальмона,
ад Салмона ж нарадзіўся Ваоз ад Рахавы, ад Ваоза ж нарадзіўся Авід ад Руфі, ад Авіда ж нарадзіўся Іесей,
Сальмон радзіў Боаза ад Рахавы, Боаз радзіў Обэда ад Руты,
ад Іесея ж нарадзіўся цар Давід. Ад [цара] Давіда нарадзіўся Саламон ад той, што была за Урыем,
Обэд радзіў Ессея, Ессей радзіў Давіда цара, Давід радзіў Салямона ад тае, што была Урыявай,
ад Саламона ж нарадзіўся Раваам, ад Раваама ж нарадзіўся Авія, ад Авіі ж нарадзіўся Аса,
Салямон радзіў Рабоама, Рабоам радзіў Абіаю, Абія радзіў Асу,
ад Асы ж нарадзіўся Іасафат, ад Іасафата ж нарадзіўся Іарам, ад Іарама ж нарадзіўся Адзія,
Аса радзіў Ёзафата, Ёзафат радзіў Ёрама, Ёрам радзіў Озію,
ад Адзіі ж нарадзіўся Іаафам, ад Іаафама ж нарадзіўся Ахадз, ад Ахадза ж нарадзіўся Эдзекія;
Озія радзіў Ёатама, Ёатам радзіў Ахаза, Ахаз радзіў Эзэхію,
ад Эдзекіі ж нарадзіўся Манасія, ад Манасіі ж нарадзіўся Амос, ад Амоса ж нарадзіўся Іасія,
Эзэхія радзіў Манасію, Манасія радзіў Амона, Амон радзіў Ёсію,
1 ад Іасіі ж нарадзіўся Іеханія і яго браты пры Вавілонскім высяленні.
Ёсія радзіў Ехонію і ягоных братоў перад перасяленьнем у Бабілён.
Пасля ж Вавілонскага высялення ад Іеханіі нарадзіўся Салафііль, ад Салафііля ж нарадзіўся Дзарававель,
А пасьля перасяленьня ў Бабілён Ехонія радзіў Салятіэля, Салятіэль радзіў Зоробабэля,
ад Дзарававеля ж нарадзіўся Авіуд, ад Авіуда ж нарадзіўся Эліякім, ад Эліякіма ж нарадзіўся Адзор,
Зоробабэль радзіў Абіуда, Абіюд радзіў Эліякіма, Эліякім радзіў Азора,
ад Адзора ж нарадзіўся Садок, ад Садока ж нарадзіўся Ахім; ад Ахіма ж нарадзіўся Эліуд,
Азор радзіў Садока, Садок рэдзіў Ахіма, Ахім радзіў Эліуды,
ад Эліуда ж нарадзіўся Эляадзар, ад Эляадзара ж нарадзіўся Матфан, ад Матфана ж нарадзіўся Іякаў,
Эліуд радзіў Маттана, Маттан радзіў Якава,
ад Іякава ж нарадзіўся Іосіф, муж Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога завуць Хрыстос.
Якаў радзіў Язэпа, мужа Марыі, ад каторае нарадзіўся Ісус, што называецца Хрыстос.
Такім чынам, усіх пакаленняў ад Аўраама да Давіда — чатырнаццаць пакаленняў, і ад Давіда да Вавілонскага высялення — чатырнаццаць пакаленняў, і ад Вавілонскага высялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.
Гэтак усіх родаў ад Аўрааме да Давіда чатырнаццаць родаў; і ад Давіда да перасяленьня ў Бабілён чатырнаццаць родаў; і ад перасяленьня ў Бабілён да Хрыста чатырнаццаць родаў.
Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было так. Пасля заручын Яго Маці Марыі з Іосіфам, перш чым яны зышліся, выявілася, што яна мае ва ўлоні ад Святога Духа.
А нараджэньнем Ісуса Хрыста было вось як: Па заручынах Ягонае маці Марыі з Язепам, перад тым, як яны сышліся, выявілася, што яна цяжарная ад Сьвятога Духа.
Іосіф жа, Яе муж, будучы праведным і не хочучы зняславіць Яе, вырашыў употай адпусціць Яе.
Язэп-же муж яе, будучы праведным і ня хочучы зьнеслаўляць яе, хацеў тайком адпусьціць яе.
Але калі ён задумаў гэта, вось, Анёл Гасподні з’явіўся яму ў сне, кажучы: Іосіфе, сыне Давідаў, не бойся прыняць Марыю, тваю жонку; бо зароджанае ў Ёй — ад Святога Духа.
Але калі ён гэтае падумаў, вось ангел Гасподні зьявіўся яму ўва сьне і сказаў: Язэп, сын Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, тваю жонку, бо зароджанае ў ёй ёсьць ад Сьвятога Духа.
Народзіць жа Яна Сына, і ты назавеш Яго імем Ісус, бо Ён уратуе Свой народ ад іх грахоў.
Вось-жа народзіць сына і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць людзей сваіх ад іхных грахоў.
А ўсё гэта адбылося, каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
А ўсе гэта здарылася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
«Вось, Дзева зачне ў лоне і народзіць Сына, і назавуць Яго імем Эмануіл, што ў перакладзе азначае: З намі Бог».
Вось дзева прыйме ў нутро і народзіць сына і дадуць яму імя Эмануэль, гэта значыць: з намі Бог.
І Іосіф, устаўшы ад сну, зрабіў, як загадаў яму Анёл Гасподні, і ён прыняў сваю жонку.
Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму Гасподні ангел, і прыняў сваю жонку
І не знаў Яе, пакуль не нарадзіла Яна [Свайго] Сына [Першынца]; і ён назваў Яго імем Ісус.
і не пазнаваў яе ажно нарадзіла свайго Сына першароднага, і даў Яму імя Ісус.