Дзеі 1 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка
Першую кнігу я склаў, о Тэофіле, пра ўсё, што Ісус пачаў рабіць і чаму вучыць
аж да таго дня, калі Ён быў узнесены, даўшы праз Святога Духа наказы Апосталам, якіх Ён выбраў;
якім Ён і паказаў Сябе жывым, пасля Сваіх пакутаў, многімі бясспрэчнымі доказамі, на працягу сарака дзён з’яўляючыся ім і кажучы пра Царства Божае.
І, сабраўшы іх, Ён загадаў ім не адлучацца ад Іерусаліма, а чакаць абяцанага Бацькам: Пра што вы чулі ад Мяне,
бо Іаан хрысціў вадою, вы ж праз некалькі гэтых дзён будзеце ахрышчаны Святым Духам.
Дык тыя, што зышліся, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе, ці не ў гэты час Ты ўзнаўляеш царства Ізраілю?
Ён жа сказаў ім: Не вам ведаць часы ці абставіны, якія Бацька вызначыў Сваёю ўладаю,
але вы атрымаеце сілу, калі Святы Дух зыдзе на вас, і вы будзеце Маімі сведкамі і ў Іерусаліме, і ва ўсёй Іудзеі, і ў Самарыі, і аж да краю зямлі.
І, сказаўшы гэта, калі яны яшчэ бачылі Яго, Ён быў узняты, і воблака забрала Яго ад іх вачэй.
І калі яны пільна ўглядаліся ў неба, як Ён узыходзіў, і вось, сталі пры іх у белых шатах два чалавекі,
якія і сказалі: Мужы галілейскія, што вы стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, узнесены ад вас у неба, прыйдзе гэтак жа, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў у неба.
Тады яны вярнуліся ў Іерусалім з гары, якая называецца Элеон і знаходзіцца паблізу Іерусаліма, адлеглая на суботні дзень хады1.
І калі яны ўвайшлі, то падняліся ў верхні пакой, дзе яны жылі: Пётр, Іаан, Іякаў2 і Андрэй, Філіп і Фама, Варфаламей і Матфей, Іякаў, сын Алфееў, Сіман Зілот і Іуда, брат Іякаваў.
Усе яны аднадушна шчыравалі ў малітве [і прашэнні] разам з жанчынамі і з Марыям3, Ісусавай маці, і [з] Яго братамі.
І ў гэтыя дні Пётр, стаўшы пасярэдзіне братоў4, сказаў, (а была грамада людзей разам каля ста дваццаці):
Мужы браты, належала спраўдзіцца Пісанню, у якім Святы Дух наперад сказаў вуснамі Давідавымі пра Іуду, які зрабіўся павадыром для тых, хто схапіў Ісуса,
бо ён быў залічаны да нас і атрымаў жэрабя гэтага служэння.
Дык ён набыў поле платаю за няправеднасць і, упаўшы ўніз галавою, лопнуў пасярэдзіне, і вываліся ўсе яго вантробы.
І гэта стала вядома ўсім жыхарам Іерусаліма, так што поле тое названа на іх уласнай гаворцы Акелдамах, гэта значыць «поле крыві».
Бо напісана ў кнізе Псалмоў: «Няхай апусцее дом яго і няхай ніхто не жыве ў ім» і «пасаду яго няхай прыме іншы».
Дык трэба, каб з людзей, хто спадарожнічаў разам з намі ўвесь час, калі сярод нас уваходзіў і выходзіў Госпад Ісус,
пачынаючы ад Іаанавага хрышчэння да таго дня, калі Ён быў узнесены ад нас, — каб адзін з іх быў разам з намі сведка Яго ўваскрэсення.
І паставілі двух: Іосіфа, якога звалі Варсавам, па мянушцы Юст, і Матфія.
І, памаліўшыся, яны сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцазнаўца ўсіх, пакажы, каго Ты аднаго выбраў з гэтых двух,
каб ён прыняў месца5 гэтага служэння і Апостальства, ад якога адпаў Іуда, каб пайсці ў сваё месца.
І далі ім жэрабі. І выпала жэрабя на Матфія, і ён быў прылічаны да адзінаццаці Апосталаў.