Мацьвея 10 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І, паклікаўшы дванаццаць Сваіх вучняў, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і вылечваць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
 
І паклікаў дванецццацёх Сваіх вучняў. Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і лячыць усякую хворасьць і ўсякую немач.

А імёны дванаццаці Апосталаў такія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Іякаў Зевядзееў, і Іаан, яго брат;
 
А імёны дванаццацёх апосталаў вось якія: першы Сымон, названы Пятром і Андрэй ягоны брат, Якаў Завэдзяў і Іван ягоны брат,

Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей, зборшчык падаткаў; Іякаў Алфееў і Фадзей25;
 
Піліп і Баўтрумей, Тамаш і Матэй мытар, Якаў Альфэяў і Таддэй,

Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
 
Сымон Канаіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.

Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: На дарогу да язычнікаў не хадзіце і ў горад самарыцян не ўваходзьце;
 
Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: "На шлях паганаў ня йдзеце і ў месты самаранскія не ўвайходзьдзе,

а ідзіце лепш да загубленых авечак Ізраілевага дому.
 
але найбольш ідзеце да загінуўшых авец Ізраілявага дому.

І, ходзячы, прапаведуйце, кажучы: «Наблізілася Царства Нябёсаў».
 
А ходзячы абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Нябеснае Валадарства.

Хворых вылечвайце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, дэманаў выганяйце; дарма атрымалі — дарма давайце.
 
Аздараўляйце хворых, ачышчайце пракажонных, уваскрашайце памёршых, выганайце злых духаў. Дарма атрымалі, дарма давайце.

Не набірайце ні золата, ні серабра, ні медзі ў свае паясы,
 
Не бярэце ні золата, ні серабра, ні грошай у вашыя паясы,

ні торбы ў дарогу, ні двух хітонаў, ні сандаляў, ні посаха. Бо варты работнік сваёй спажывы.
 
ні торбы на дарогу, ні дзьвёх адзежын, ні абутку, ні кія, бо работнік варт свае стравы.

А ў які б горад ці сяло вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны; і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;
 
У якое-б места ці сяло вы ня прыйшлі, распытайцеся, хто ў ім дастойны і там аставайцеся, пакуль ня выйдзеце.

а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, [кажучы: «Мір дому гэтаму»].
 
А ўвайходзячы ў дом, вітайце Яго, хажучы: мір гэтаму дому!

І калі дом годны, няхай зыдзе ваш мір на яго; калі ж не будзе годны, няхай ваш мір да вас вернецца.
 
І калі дом будзе дастойны, ваш мір зыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, то ваш мір вернецца да вас.

А хто не прымае вас і не паслухае вашых слоў, то, выходзячы з таго дома ці з горада страсіце пыл з вашых ног.
 
А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць вашых словаў, дык выходзячы з дому, ці з таго места, атрасеце пыл з вашых ног.

Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду.
 
Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў дзень суду, чымся таму месту.

Вось, Я пасылаю вас, як авечак між ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубы.
 
Вось Я пасыдаю вас, як авец між ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі і простыя, як галубы.

І асцерагайцеся людзей: бо яны будуць аддаваць вас у сінедрыёны і бічаваць вас у сваіх сінагогах;
 
Сьцеражэцеся-ж людзей, бо яны будуць аддаваць вас у суд і ў сваіх бажніцах будуць бічаваць вас.

і да намеснікаў і да цароў павядуць вас з-за Мяне на сведчанне ім і язычнікам.
 
І павядуць вас да начальнікаў і каралёў за Мяне дзеля сьведчаньня перад імі і паганамі.

Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць;
 
Калі-ж вас будуць выдаваць, дык ня турбуйцеся аб тым, як і што вам гаварыць, бо вам у той час будзе дадзена, што сказаць.

бо не вы будзеце казаць, а Дух вашага Бацькі будзе казаць у вас.
 
Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Вашага Айца будзе гаварыць у вас.

І аддасць брат брата на смерць і бацька — дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх.
 
Будзе выдаваць брат брата на сьмерць, а бацька — дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх;

І будуць усе ненавідзець вас з-за Майго імя; а хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны.
 
і будуць вас ненавідзець за Маё імя, але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

А калі вас будуць гнаць у гэтым горадзе, уцякайце ў другі; бо праўду кажу вам: не паспееце ні ў якім разе абысці Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы.
 
Калі-ж вас будуць прасьледаваць у адным месьце, уцякайце ў другое, бо сапраўды кажу вам, не абойдзеце местаў Ізраілявых, як прыйдзе Сын Чалавечы.

Вучань не вышэйшы за настаўніка і слуга за свайго гаспадара.
 
Вучань ня большы за настаўніка і слуга ня большы за свайго гаспадара.

Даволі для вучня, каб ён зрабіўся, як яго настаўнік, і слуга — як яго гаспадар. Калі гаспадара дома назвалі Веельзевулам, то тым больш — яго дамашніх!
 
Даволі для вучня, каб ён быў, як ягоны настаўнік, а слуга, як ягоны гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі бэльзэбубам, тымболей ягоных хатніх.

Дык не бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што не адкрыецца; і таемнага, што не будзе вядома.
 
Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога ўкрытага, што-б ня выявілася, ні таёмнага, што ня сталася-б вядомым.

Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах.
 
Што кажу вам у цемры, гаварэце пры сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў.

І не бойцеся тых, хто забівае цела, а душы не можа забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела і душу загубіць у геене.
 
І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы ня могуць забіць, але бойцеся больш таго, хто можа і душу і цела загубіць у гэеньне.

Хіба не прадаюцца два вераб’і за асарый26? І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без ведама вашага Бацькі.
 
Ці-ж не два вераб’і прадаюцца за асара? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі вашага Айца.

У вас жа і валасы на галаве ўсе палічаны.
 
У вас-жа і ўсе валасы на галаве палічаны.

Дык не бойцеся: бо вы даражэйшыя за мноства вераб’ёў.
 
Ня бойцеся-ж, вы лепшыя за многіх вераб’ёў.

Дык кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, вызнаю і Я яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах;
 
Вось-жа кожнага, хто будзе прызнаваць Мяне перед людзьмі, таго і Я прызнаю перад Маім Айцом, каторы ёсьць у небе.

а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся і Я ад яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах.
 
А хто адрачэцца Мяне перед людзьмі, таго і Я адракуся перад Маім Айцом, каторы ёсьць у небе.

Не думайце, што Я прыйшоў мір прынесці на зямлю; Я прыйшоў прынесці не мір, а меч.
 
Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў прынесьці, але меч.

Бо Я прыйшоў аддзяліць: чалавека — ад яго бацькі, і дачку — ад яе маці, і сынавую — ад яе свекрыві;
 
Бо Я прыйшоў парозьніць чалавека з ягоным бацькам і дачку з яе маткаю і нявестку з яе сьвякроўю.

і ворагі чалавеку — яго дамашнія.
 
І ворагі чалавеку ягоныя хатнія.

Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не годны Мяне,
 
Хто любіць бацьку ці матку больш чым Мяне, ня варт Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш чым Мяне, ня варт Мяне.

і хто не бярэ свайго крыжа, а ідзе ўслед за Мною, не годны Мяне.
 
І хто не бярэ свайго крыжа і ня йдзе за Мною, той ня варт Мяне.

Хто знойдзе сваё жыццё ў гэтым веку, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё27 дзеля Мяне, знойдзе яго.
 
Хто захоўвае сваю душу, загубіць яе; а хто загубіць сваю душу дзеля Мяне, знойдзе яе.

Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае таго, хто паслаў Мяне.

Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае праведніка ў імя праведніка, атрымае ўзнагароду праведніка.
 
Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае нагароду прарока; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, дастае нагароду справядлівага.

І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, той ні ў якім разе не страціць сваёй узнагароды.
 
І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі кубкам сьцюдзённае вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ня страціць свае нагароды".