Мацьвея 5 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І, убачыўшы натоўпы, Ён узышоў на гару. І калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.
 
Калі Ісус убачыў грамаду народу, Ён узыйшоў на гару і, калі сеў, падыйшлі да Яго ягоныя вучні і

І Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:
 
Ён, адчыніўшы свае вусны, навучаў іх, кажучы:

Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябёсаў.
 
Шчасьлівыя ўбогіх духам, бо іх ёсьць Нябеснае Валадарства.

Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць усцешаны.
 
Шчасьлівыя ціхія, бо яны завалодзюць зямлёю.

Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
 
Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны ўцешацца.

Шчаслівыя згаладалыя і спрагнёныя праўды, бо яны натоляцца.
 
Шчасьлівыя галодныя і смагнучыя справядлівасьці, бо яны насыцяцца.

Шчаслівыя літасцівыя, бо над імі злітуюцца.
 
Шчасьлівыя міласэрныя, бо ян будуць памілаваныя.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.
 
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі.
 
Шчасьлівыя, што чыняць згоду, бо яны будуць названыя Божымі сынамі.

Шчаслівыя, каго гоняць за праведнасць, бо іх ёсьць Царства Нябёсаў.
 
Шчасьлівыя тыя, каго прасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць Нябеснае Валадарства.

Шчаслівыя вы, калі будуць вас ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць супроць вас усялякае ліхое з-за Мяне.
 
Шчасьлівыя вы, калі вас будуць зьневажаць, прасьледаваць і ўсяк несправядліва абмаўляць дзела Мяне,

Радуйцеся і весяліцеся, таму што вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: бо так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
 
радуйцеся і цешцеся, бо вялікая ваша нагарода на небе.

Вы — соль зямлі, калі ж соль абяссолее, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдатная, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі.
 
Вы соль зямлі; калі-ж соль зьвятрэе, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні навошта не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон, каб тапталі людзі.

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць наверсе гары.
 
Вы сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары.

І, запальваючы светач, не ставяць яго пад пасудзіну, а на падстаўку, і ён свеціць усім у доме.
 
І запаліўшы сьвечку, не стаўляюць яе пад бочкў, але на сьвечнік, і сьвеціць усім, хто ёсьць у хаце.

Няхай свеціць так ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах.
 
Гэтак няхай вашае сьвятло сьвеціць перад людзьмі, каб яны, бачучы вашыя добрыя ўчынкі, уславілі вашага Айца, што ў небе.

Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; Я прыйшоў не адмяніць, а здзейсніць.
 
Ня думайце, што Я прыйшоў скасаваць закон, ці прарокаў; не скасаваць Я прыйшоў, але выканаць.

Бо сапраўды кажу вам: пакуль не адыдзе неба і зямля, ні адна ёта і ні адна рыска ні ў якім разе не адыдзе з закона, пакуль не спраўдзіцца ўсё.
 
Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ці рыса з закону не адменіцца, пакуль ня выпаўніцца ўсё.

Дык, хто адменіць адну з найменшых гэтых запаведзяў і так навучыць людзей, той будзе названы найменшым у Царстве Нябёсаў; а хто выканае і навучыць, той будзе названы вялікім у Царстве Нябёсаў.
 
Вось-жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньнаў і навучыць таго людзей, той будзе названы найменшым у Нябесным Валадарстве.

Бо кажу вам, калі ваша праведнасць не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
 
Бо кажу вам, калі вашая праведнасьць ня будзе большаю чым у кніжнікаў і фарысэяў, той ня ўвойдзе ў Нябеснае Валадарства.

Вы чулі, што сказана старажытным: «Не забівай, а хто заб’е, падпадзе пад суд».
 
Вы чулі, што сказана старадаўным: не забівай; хто-ж заб’е, падлягае суду.

А Я кажу вам, кожны, хто [дарэмна] гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто скажа свайму брату: «Рака4» падпадзе пад суд сінедрыёна5, а хто скажа «Марэ»6, падпадзе пад кару геены вогненнай.
 
А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на свайго брата, падлягае суду; а хто скажа свайму брату: нікчэмны, падлягае вярхоўнаму суду; а хто скажа: шалёны, падлягае вогненней гэеньне.

Дык калі ты будзеш прыносіць свой дар на ахвярнік і там успомніш, што твой брат мае нешта супроць цябе,
 
І калі ты прынясеш тваю ахвяру на ахвярнік і там прыпомніш, што твой брат мае нешта супраць цябе,

то пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш прымірыся са сваім братам, і тады прыйдзі і прынясі свой дар.
 
пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з тваім братам, а тады ўжо прыйдзі і прынясі тваю ахвяру.

Хутчэй мірыся са сваім праціўнікам, пакуль з ім у дарозе, каб праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя [не перадаў цябе] выканаўцу, і ты не быў кінуты ў турму.
 
Гадзіся з тваім супернікам хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб часам супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе і ня ўкінулі-б цябе ў астрог.

Сапраўды кажу табе: ні ў якім разе не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта7.
 
Сапраўды кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэляга.

Вы чулі, што сказана [для старажытных]: «Не чужалож».
 
Вы чулі, што сказана старадаўным: Ня блудзі.

А Я вам кажу, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо чужаложыў з ёю ў сваім сэрцы.
 
А я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну і пажадлівыму думкамі, ужо блудзіць з ёю ў сваім сэрцы.

Калі ж тваё правае вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела было ўкінута ў геену.
 
Калі-ж тваё правае вока вядзе цябе да граху; вырві яго і кінь ад сябе, бо ляпей табе, каб загінуў адзін член твайго цела, чымся ўсё цела тваё будзе ўкінена ў гэенну.

І калі правая твая рука ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела пайшло ў геену.
 
І калі твая правая рука спакушае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо ляпей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, чымся ўсё цела тваё мела йсьці ў гэенну.

І было сказана: «Хто адпусціць жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст».
 
Сказана таксама: Хто разлучыцца з сваею жонкаю, няхай ёй дасьць разводны ліст.

А Я кажу вам, што кожны, хто адпускае жонку сваю, апроч як з прычыны распусты, даводзіць яе да чужаложства; і хто ажэніцца з адпушчанаю, чужаложыць.
 
А Я кажу вам: хто разводзіцца з сваею жонкаю, апрача віны чужаложства, той робіць яе распусьніцаю, а хто жэніцца з разьведзенаю — чужаложыць,

Яшчэ вы чулі, што было сказана старажытным: «Не парушай клятвы, а выконвай перад Госпадам свае клятвы».
 
Яшчэ вы чулі, што сказана старадаўным: Не ламай прысягі, але выконвай перад Богам твае прысягі.

А Я кажу вам, каб вы не кляліся зусім: ні небам, таму што яно трон Божы;
 
А Я кажу вам: не прысягайце зусім; ні небам, бо яно Божы пасад,

ні зямлёю, таму што яна падножжа Яго ног, ні Іерусалімам, таму што ён горад вялікага Цара;
 
ні зямлёю, бо яна Ягоны падножак, ні Ерузалімам, бо гэта места вялікага валадара;

сваёю галавою не кляніся, таму што не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
 
ні сваею галавою ня прысягай, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым, ці чорным.

А ваша слова няхай будзе: «так, так», «не, не», а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
 
Але няхай вашае слова будзе: так, так; не, не, а што больш таго, тое ад злога.

Вы чулі, што было сказана: «Вока за вока і зуб за зуб».
 
Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб.

А Я кажу вам, каб вы не супраціўляліся злому, але хто б’е цябе ў [тваю] правую шчаку, павярні да яго і другую;
 
А Я кажу вам: не супраціўляйцеся злому, але хто вытне цябе ў правую шчаку, павярні да яго і другую,

і хто хоча судзіцца з табою і ўзяць твой хітон8, — уступі яму і плашч;
 
і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;

і хто прымусіць цябе ісці адну мілю9, ідзі з ім дзве.
 
і хто прымусіць цябе йсьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.

Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
 
Таму, хто ў цябе просіць — дай і ня ўхіляйся ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць.

Вы чулі, што было сказана: «Любі свайго блізкага і ненавідзь свайго ворага».
 
Вы чулі, што сказана: любі твайго бліжняга і ненавідзь твайго ворага.

А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, [дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас] і маліцеся за тых, што [крыўдзяць вас і] гоняць вас;
 
А Я кажу вам: любеце вашых ворагаў, рабеце дабро тым, што вас ненавідзяць і малецеся за тых, што вас прасьледуюць і крыўдзяць,

каб вам зрабіцца сынамі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, таму што Ён узводзіць Сваё сонца над злымі і добрымі і пралівае дождж на праведных і няправедных.
 
каб вы сталіся сынамі вашага нябеснага Айца, Які загадвае свайму сонцу ўсходзіць над дрэннымі і добрымі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое самае робяць і зборшчыкі падаткаў?
 
Бо калі вы будзеце любіць тых, што вас любяць, якую-ж будзеце мець нагароду? Ці-ж ня тое самае робяць і мытнікі?

І калі будзеце вітаць толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?
 
І калі вы вітаеце толькі вашых братоў, што асаблівае робіце? Ці-ж ня так робяць і пагане?

Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябесны.
 
Будзьце-ж дасканалымі, як ваш нябесны Айцец ёсьць дасканалы.