Мацьвея 4 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Тады Ісус быў ўзведзены Духам у пустэльню дзеля спакусы д’яблам.
 
Тады Ісус быў заведзены Духам у пустыню дзеля спакусы праз нячыстага.

І, прапасьціўшыся сорак дзён і сорак начэй, Ён урэшце адчуў голад.
 
І прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй потым пачуў годад.

І, падышоўшы, спакуснік сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлябамі.
 
І прыступіўся спакусьнік і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлябамі.

Ён жа сказаў у адказ: Напісана: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што зыходзіць з вуснаў Божых».
 
Ён-жа адказаў яму: напісана: не адным хлебам жыў будзе чалавек, але кожным словам, што выходзіць з Божых вуснаў.

Тады д’ябал бярэ Яго ў святы горад і ставіць Яго на крыле святыні,
 
Тады ўзяў Яго д’ябал ў сьвяты горад і паставіў на вяршыне даху сьвятыні

і кажа Яму: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Сваім Анёлам Ён загадае пра Цябе і на руках панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень нагою Сваёю».
 
ды кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Ангелам сваім накажа аб табе і на руках панясуць цябе, каб часам ня выцеўся аб камень тваею нагою.

Ісус сказаў яму: напісана: «Не выпрабоўвай Госпада, твайго Бога».
 
Ісус сказаў яму: Так-жа напісана: Неспакушай Госпада Бога твайго.

Зноў д’ябал бярэ Яго на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе царствы свету і іх славу,
 
І зноў узяў Яго д’ябал на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх.

і сказаў3 Яму: Гэта усё дам Табе, калі Ты, упаўшы, паклонішся мне.
 
І сказаў Яму: усё гэта дам Табе, калі ўпаўшы паклонішся мне.

Тады Ісус кажа яму: Адыдзі, сатана! Бо напісана: «Госпаду, твайму Богу, пакланяйся і Яму аднаму служы».
 
Тады Ісус кажа яму: адыйдзі, шатан! бо напісана: Госпаду Богу твайму будзеш кланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

Тады д’ябал пакідае Яго; і вось, Анёлы падышлі і служылі Яму.
 
Тады пакінуў Яго д’ябал і вось ангелы прыступілся і служылі Яму.

А Ён, пачуўшы, што Іаан аддадзены пад варту, адышоў у Галілею,
 
Пачуўшы, што Ян у турме, Ісус адыйшоў у Галілею.

І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нефалімавых;
 
І пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім у местах Завулонавых і Нафтолімавых,

каб спраўдзілася сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
 
каб збылося сказанае прарокам Ісаіяю, які кажа:

«Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на прыморскай дарозе, Заіярданне, Галілея язычніцкая, —
 
зямля Завулонава і зямля Нафталімава на дарозе прыморскай за Іарданам. Галілея паганская,

народ, што сядзіць у цемры, убачыў вялікае святло, а тым, што сядзяць у краіне і ў цяні смерці, узышло святло».
 
народ сядзячы ў цемры, угледзеў вялікае сьвятло, і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, зазьзяла сьвятло.

З таго часу пачаў Ісус прапаведаваць і казаць: Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
 
З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Нябеснае Валадарства.

Праходзячы ж каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сімана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата, якія закідвалі сетку ў мора: бо былі яны рыбаловы.
 
Прайходзячы каля Галілейскага мора, Ісус убачыў двох братоў: Сымона, называнага Пятром, і Андрэя ягонага брата, як яны закідалі меткі ў мора, бо яны былі рыбакамі.

І кажа ім: Ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
 
І сказаў ім: ідзеце за Мною і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

І яны адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі ўслед за Ім.
 
І яны зараз-жа пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.

І прайшоўшы адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Іякава Зевядзеева і Іаана, яго брата, у лодцы з Зевядзеем, іх бацькам, калі яны папраўлялі свае сеткі, і паклікаў іх.
 
Ідучы адтуль далей, убачыў двох другіх братоў, Якава Завядзеявага і Яна ягонага брата ў чаўне з Завядзеем іхным бацькам, як яны ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх.

Яны адразу ж, пакінуўшы лодку і свайго бацьку, пайшлі за Ім.
 
І яны зараз-жа, пакінуўшы човен і свайго бацьку, пайшлі за Ім.

І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах і прапаведуючы Дабравесце Царства і вылечваючы кожную хваробу і кожную немач у народзе.
 
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў іхных бажніцах і абвяшчаючы Эвангельле аб Валадарстве ды лечучы ўсякую хваравітасьць і ўсякую немач у людзей.

І разышлася чутка пра Яго па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх хворых, што цярпелі ад розных хвароб і мук, [і] апанаваных дэманамі, і эпілептыкаў, і спаралізаваных, і Ён вылечваў іх.
 
І разыйшлася аб Ім чутка па ўсёй Сырыі і прыносілі да Яго ўсіх нядужых з рознымі хворасьцямі, і падачкаю, і апанаваных нячыстымі, і лунатыкаў, і спараліжаваных і Ён іх аздараўляў.

І ішлі ўслед за Ім вялікія натоўпы з Галілеі, і Дзесяцігораддзя, і Іерусаліма, і Іудзеі, і з Заіардання.
 
І йшло за Ім мноства народу з Галілеі і з Дзесяціградзьдзя, і з Ерузаліму і з Юдэі і з-за Іарданіі.