Мацьвея 5 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І, убачыўшы натоўпы, Ён узышоў на гару. І калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.
 
А бачачы грамады, Езус узыйшоў на гару і, калі сеў, падыйшлі да яго вучні ягоны

І Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:
 
і ён, адчыніўшы вусны свае, навучаў іх, кажучы:

Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябёсаў.
 
Багаслаўлены ўбогія духам, бо іх ёсьць каралеўства нябеснае.

Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць усцешаны.
 
Багаслаўлены ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю.

Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
 
Багаслаўлены, каторыя плачуць, бо яны будуць пацешаны.

Шчаслівыя згаладалыя і спрагнёныя праўды, бо яны натоляцца.
 
Багаслаўлены, каторыя прагнуць і смагнуць справядлівасьці, бо яны будуць насычаны.

Шчаслівыя літасцівыя, бо над імі злітуюцца.
 
Багаслаўлены міласэрныя, бо яны міласэрдзе атрымаюць.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.
 
Багаслаўлены чыстыя сэрцам, бо Яны Бога будуць відзець.

Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі.
 
Багаслаўлены супакой чынячыя, бо яны будуць названы сынамі Божымі.

Шчаслівыя, каго гоняць за праведнасць, бо іх ёсьць Царства Нябёсаў.
 
Багаслаўлены, каторыя церпяць прасьлед дзеля справядлівасьці, бо іх ёсьць каралеўства нябеснае.

Шчаслівыя вы, калі будуць вас ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць супроць вас усялякае ліхое з-за Мяне.
 
Багаслаўлены вы, калі вас будуць лаяць, і прасьледаваць, і ўсякае зло проціў вас гаварыць, лгучы дзеля мяне:

Радуйцеся і весяліцеся, таму што вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: бо так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
 
цешцеся і весялецеся, бо нагарода вашая вялікая ў небе; бо так прасьледавалі прарокаў, якія былі перад вамі.

Вы — соль зямлі, калі ж соль абяссолее, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдатная, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі.
 
Вы ёсьць соль зямлі, калі-ж соль зьвятрэе, то чым яе зрабіць салёнай? Яна нікуды болей ня варта, як толькі выкінуць яе вон і каб яе патапталі людзі.

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць наверсе гары.
 
Вы ёсьць сьветласьць сьвету; ня можа скрыцца горад паложаны на гарэ.

І, запальваючы светач, не ставяць яго пад пасудзіну, а на падстаўку, і ён свеціць усім у доме.
 
І не запальваюць сьвечку, і ня ставяць яе пад пасудзінай, але на ліхтар, каб сьвяціла ўсім, што ёсьць у доме.

Няхай свеціць так ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах.
 
Так няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя чыны і славілі Айца вашага, каторы ёсьць у небе.

Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; Я прыйшоў не адмяніць, а здзейсніць.
 
Ня думайце, што я прыйшоў скасаваць Закон або прарокаў; ня прыйшоў я касаваць, але дапоўніць.

Бо сапраўды кажу вам: пакуль не адыдзе неба і зямля, ні адна ёта і ні адна рыска ні ў якім разе не адыдзе з закона, пакуль не спраўдзіцца ўсё.
 
Сапраўды-ж кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, не загіне аніводная ёта, аніводная рыска з Закону, аж пакуль усё станецца.

Дык, хто адменіць адну з найменшых гэтых запаведзяў і так навучыць людзей, той будзе названы найменшым у Царстве Нябёсаў; а хто выканае і навучыць, той будзе названы вялікім у Царстве Нябёсаў.
 
Дык хто-б скасаваў адно з гэтых найменшых прыказаньняў і так-бы навучаў людзей, будзе названы найменшым у каралеўстве нябесным; а хто-б чыніў і навучаў, той будзе названы вялікім у каралеўстве нябесным.

Бо кажу вам, калі ваша праведнасць не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
 
Бо кажу вам, што калі ваша справядлівасьць ня будзе буйнейшай, як кніжнікаў і фарызэяў, ня ўвойдзеце ў каралеўства нябеснае.

Вы чулі, што сказана старажытным: «Не забівай, а хто заб’е, падпадзе пад суд».
 
Вы чулі, што сказана старадаўным: «Не забівай, а хто-б забіў, будзе падлеглы суду» (Вых. 20:13).

А Я кажу вам, кожны, хто [дарэмна] гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто скажа свайму брату: «Рака4» падпадзе пад суд сінедрыёна5, а хто скажа «Марэ»6, падпадзе пад кару геены вогненнай.
 
А я вам кажу, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, будзе падлеглы суду, а хто-б сказаў на брата свайго «нягоднік», будзе падлеглы суду найвышэйшаму, а хто-б сказаў «бязбожнік», будзе падлеглы пякельнаму агню.

Дык калі ты будзеш прыносіць свой дар на ахвярнік і там успомніш, што твой брат мае нешта супроць цябе,
 
Дык калі ты ахвяруеш дар свой да аўтара і там прыпомніш, што брат твой мае нешта проціў цябе,

то пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш прымірыся са сваім братам, і тады прыйдзі і прынясі свой дар.
 
пакінь там перад аўтаром свой дар і ідзі перш пагадзіся з братам сваім, а тады вярнуўшыся ахвяруеш дар свой.

Хутчэй мірыся са сваім праціўнікам, пакуль з ім у дарозе, каб праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя [не перадаў цябе] выканаўцу, і ты не быў кінуты ў турму.
 
Гадзіся з сваім праціўнікам скора, пакуль яшчэ ў дарозе з ім, каб часам праціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе і каб не пасадзілі цябе ў вастрог.

Сапраўды кажу табе: ні ў якім разе не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта7.
 
Сапраўды кажу табе: ня выйдзеш датуль, пакуль не аддасі апошняга грошыка.

Вы чулі, што сказана [для старажытных]: «Не чужалож».
 
Вы чулі, што сказана старадаўным: «Не чужалож» (Вых. 20:14),

А Я вам кажу, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо чужаложыў з ёю ў сваім сэрцы.
 
а я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, ужо саграшыў з ею ў сэрцы сваім.

Калі ж тваё правае вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела было ўкінута ў геену.
 
Калі-ж правае вока тваё ўводзіць цябе ў грэх, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш для цябе, каб згінуў адзін з тваіх членаў, чымся ўсё цела тваё мела быць кінутым у пекла.

І калі правая твая рука ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела пайшло ў геену.
 
І калі правая рука твая ўводзіць цябе ў грэх, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш для цябе, каб згінуў адзін з тваіх членаў, чымся ўсё цела тваё мела ісьці ў пекла.

І было сказана: «Хто адпусціць жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст».
 
І сказана так так-жа: «Хто-б пакідаў сваю жонку, няхай дасьць ёй разводны ліст» (Паўл. Пр. 24:1),

А Я кажу вам, што кожны, хто адпускае жонку сваю, апроч як з прычыны распусты, даводзіць яе да чужаложства; і хто ажэніцца з адпушчанаю, чужаложыць.
 
а я вам кажу: што кожны, хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя прычыны чужаложства, прыводзіць яе да чужаложства, а хто-б ажаніўся з пакіненай, чужаложыць.

Яшчэ вы чулі, што было сказана старажытным: «Не парушай клятвы, а выконвай перад Госпадам свае клятвы».
 
Вы чулі яшчэ, што сказана старадаўным: «Не прысягай на няпраўду, але спаўняе перад Богам прысягі твае» (Лев. 19:12).

А Я кажу вам, каб вы не кляліся зусім: ні небам, таму што яно трон Божы;
 
А я вам кажу: аніяк не прысягайце — ані на неба, бо яно трон Божы,

ні зямлёю, таму што яна падножжа Яго ног, ні Іерусалімам, таму што ён горад вялікага Цара;
 
ані на зямлю, бо яна падножжам ног ягоных, ані на Ерузалім, бо ён горад вялікага караля.

сваёю галавою не кляніся, таму што не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
 
І не прысягай на галаву сваю, бо ня можаш зрабіць ніводнага воласа белым або чорным.

А ваша слова няхай будзе: «так, так», «не, не», а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
 
Але няхай будзе мова вашая: «так, так», «не, не», а што болей за гэтае, ад злога ёсьць.

Вы чулі, што было сказана: «Вока за вока і зуб за зуб».
 
Вы чулі, што сказана: Вока за вока і зуб за зуб» (Вых. 21:24).

А Я кажу вам, каб вы не супраціўляліся злому, але хто б’е цябе ў [тваю] правую шчаку, павярні да яго і другую;
 
А я вам кажу: не супраціўляйцеся злому, але хто калі ўдарыць цябе ў правую шчаку, настаў яму і другую,

і хто хоча судзіцца з табою і ўзяць твой хітон8, — уступі яму і плашч;
 
а таму, хто хоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку тваю, аддай яму і вопратку,

і хто прымусіць цябе ісці адну мілю9, ідзі з ім дзве.
 
і хто-б прымушаў цябе ісьці тысячу крокаў, дзі з ім і другія дзьве.

Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
 
Просіць хто ў цябе, дай яму, а хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.

Вы чулі, што было сказана: «Любі свайго блізкага і ненавідзь свайго ворага».
 
Вы чулі, што сказана: «Любі бліжняга твайго і мей у ненавісьці ворага твайго» (Лев. 19:18).

А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, [дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас] і маліцеся за тых, што [крыўдзяць вас і] гоняць вас;
 
А я вам кажу: Любеце ворагаў вашых, добра чынеце тым, каторыя прасьледуюць і чэрняць вас,

каб вам зрабіцца сынамі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, таму што Ён узводзіць Сваё сонца над злымі і добрымі і пралівае дождж на праведных і няправедных.
 
каб вы былі сынамі Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каторы загадывае сонцу свайму усхадзіць над добрымі і благімі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое самае робяць і зборшчыкі падаткаў?
 
Бо калі вы любіце тых, што вас любяць, якую-ж нагароду мець будзеце? Ці-ж ня робяць гэтага і мытнікі?

І калі будзеце вітаць толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?
 
І калі вы вітаецеся толькі з братамі сваімі, што-ж асабліўшае робіце? Ці-ж і пагане гэтага ня робяць?

Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябесны.
 
Дык будзьце дасканальны, як і Айцец ваш нябесны дасканальны ёсьць.