Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
І, выйшаўшы з Храма, ішоў Ісус, і падышлі Яго вучні, каб паказаць Яму збудаванні Храма.
І Езус, выйшаўшы з сьвятыні, ішоў. І прыступілі вучні ягоны, каб паказаць будоўлі сьвятыні.
Ён жа ў адказ ім: Бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: ні ў якім разе не астанецца тут каменя на камені, які не будзе зруйнаваны.
Ён-жа, адказваючы, сказаў ім: Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам, не астанецца тут камень на камені, якога-б не зруйнавалі.
Калі ж Ён сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні на адзіноце, кажучы: Скажы нам, калі гэта будзе і які знак Твайго прышэсця і сканчэння гэтага веку?
А калі ён сядзеў на Аліўнай гарэ, прыступілі да яго вучні асобна, кажучы: Скажы нам, калі гэтае будзе, і які знак твайго прыходу і сканчэньня сьвету?
І ў адказ Ісус сказаў ім: Глядзіце, каб хто вас не ўвёў у зман;
І адказваючы, Езус сказаў ім: Глядзеце, каб вас ніхто ня зьвёў.
бо многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Я Хрыстос», і многіх увядуць у зман.
Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Я ёсьць Хрыстус», і многіх зьвядуць.
Будзеце ж чуць пра войны і погаласкі пра войны; глядзіце, не трывожцеся: бо гэта павінна адбыцца; але гэта яшчэ не канец.
Бо пачуеце аб войнах і весьцях ваенных; глядзеце, каб ня трывожыцца, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будуць голад і [зараза] і месцамі землятрусы,
Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства, і будуць паморы і галады і землетрасеньні па мясцох.
але ўсё гэта пачатак родавых боляў.
А гэтае ўсё — пачатак гора.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць вас забіваць; і ўзненавідзяць вас усе народы з-за Майго імя.
Тады будуць выдаваць вас на мучэньне, і будуць забіваць вас, і будзеце ў ненавісьці ў усіх народаў дзеля імені майго.
І тады многія зняверацца і будуць выдаваць адзін аднаго і ўзненавідзець адзін аднаго;
І тады згоршацца многія, і будуць мець у ненавісьці адзін другога.
і многія лжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
І паўстане многа фальшывых прарокаў і многіх зьвядуць.
і з-за таго, што памножыцца беззаконне, пахаладае ў многіх любоў.
І дзеля таго што пашырыцца нягоднасьць, астыне міласьць у многіх.
А хто вытрывае да канца, той будзе ўратаваны.
Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
І будзе прапаведана гэтае Евангелле Царства на цэлым свеце дзеля сведчання ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
І будуць абвяшчаць гэтую эванэлію каралеўства па ўсім сьвеце на пасьведчаньне ўсім народам. І тады прыйдзе канец.
Дык, калі ўбачыце брыдоту спусташэння, пра якую сказана праз Данііла-прарока, — што паўстане на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, аб якой казаў прарок Даніла, стаяючую на месцы сьвятым — хто чытае, няхай разумее —
тады тыя, хто ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;
тады тыя, што ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы,
хто на даху, няхай не спускаецца ўзяць што-небудзь са свайго дома;
а каторыя на даху, няхай ня зыходзяць узяць што-небудзь з свайго дому,
і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад, каб узяць сваю вопратку.
а каторыя на полі, няхай не варочаюцца, каб узяць сваю вопратку.
Бяда ж тым, хто мае ва ўлонні, і тым, хто корміць грудзьмі ў тыя дні!
А гора цяжарным і кормячым у гэтыя дні.
Маліцеся ж, каб не выпала вам уцякаць узімку ці ў суботу.
Прасеце-ж, каб уцяканьне вашае ня было зімою або ў суботу.
Бо тады будзе вялікае гора, якога не было ад пачатку свету аж дагэтуль і ніколі не будзе.
Бо будзе тады вялікае ўцісьненьне, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль і ня будзе.
І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не ўратаваўся б ніхто; але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.
І калі-б ня былі скарочаны гэныя дні, ня захавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаны гэныя дні.
Тады, калі хто вам скажа: «Вось, тут Хрыстос», — ці «Тут!», — не верце;
Тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, або там — ня верце.
бо паўстануць ілжэхрысты і лжэпрарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі можна, і выбраных.
Бо паўстануць фальшывыя Хрыстусы і фальшывыя прарокі і будуць рабіць вялікія знакі і цуды, так каб былі ўведзены ў блуд — калі магчыма — нават выбраныя.
Вось, Я наперад вам сказаў.
Вось я наперад сказаў вам.
Дык, калі скажуць вам: «Вось, Ён у пустэльні», — не выходзьце; «Вось, Ён ва ўнутраных пакоях», — не верце;
Дык калі-б вам сказалі: «Вось у пустыні ёсьць» — ня выходзьце; «вось у таёмных мясцох» — ня верце.
бо як маланка бліскае на ўсходзе і свеціць аж на захадзе, такое будзе прышэсце Сына Чалавечага;
Бо як маланка выходзіць з усходу і зьяўляецца аж на захадзе, так будзе і прыход Сына чалавечага.
[бо] дзе будзе труп, там збяруцца арлы.
Дзе-б толькі было цела, там і арлы зьбяруцца.
І зразу, пасля ўціску тых дзён, сонца зацьміцца, і месяц не дасць свайго святла, і зоркі ўпадуць з неба, і нябесныя сілы захістаюцца.
А зараз-жа пасьля ўцішненьня гэных дзён сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць свайго сьвятла, і зоры будуць падаць з неба, і сілы нябесныя будуць зрушаны.
І тады з’явіцца на небе знак Сына Чалавечага; і тады загалосяць усе зямныя плямёны і ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці на нябесных воблаках з сілаю і вялікай славаю;
І тады зьявіцца на небе знак Сына чалавечага, і тады загалосяць усе пакаленьні зямлі, і ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках нябесных з вялікай моцай і славай.
І Ён пашле Сваіх Анёлаў з гучнагалосай трубою, і яны збяруць Яго выбраных ад чатырох вятроў, ад краю нябёс да краю іх.
І пашле анёлаў сваіх з трубою і вялікім голасам, і зьбяруць выбраных ягоных з чатырох вятроў, ад краю аж да краю неба.
Ад фігавага ж дрэва вучыцеся прыпадабненню: калі галіна яго ўжо робіцца мяккаю і выпускае лісце, то ведаеце, што лета блізка;
А ад фіговага дзерава вучэцеся падабенства: калі ўжо ягоная галіна робіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета.
так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах.
Сапраўды кажу вам: не міне гэтае пакаленне, як усё гэта адбудзецца.
Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэта станецца.
Неба і зямля мінуць, а Мае словы не мінуць.
Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
Пра дзень жа той і гадзіну ніхто не ведае, ні Анёлы нябесныя, ні Сын — толькі [Мой] Бацька адзін.
Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы нябесныя, адзін толькі Айцец.
Бо як у Ноевы дні, такое будзе прышэсце Сына Чалавечага.
А як было ў дні Ноя, так будзе і прыход Сына чалавечага.
Бо як у [тыя] дні перад патопам елі і пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
Бо як у дні перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі, аж да таго дня, у каторы Ной увайшоў у карабель,
і не ўведалі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх; такое будзе [і] прышэсце Сына Чалавечага.
і ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і не панёс усіх, — так будзе і прыход Сына чалавечага.
Тады два будзе ў полі: адзін будзе ўзяты, а адзін — пакінуты;
Тады двух будзе на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены,
дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзята, а адна — пакінута.
дзьве мелючыя ў жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінена.
Дык будзьце пільныя, бо не ведаеце, у які дзень78 прыходзіць ваш Госпад.
Дык чуйце, бо ня ведаеце, у якой гадзіне Пан ваш прыйдзе.
Ведайце ж тое, што калі б гаспадар дома ведаў, у каторую варту прыходзіць злодзей, то ён упільнаваў бы і не даў бы падкапаць свайго дома.
А тое ведайце, што калі-б гаспадар ведаў, у якую гадзіну злодзей мае прыйсьці, дык ня спаў-бы і не дапусьціў-бы падкапаць свайго дому.
Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся, прыходзіць Сын Чалавечы.
Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы, бо Сын чалавечы прыйдзе ў гадзіну, каторай ня ведаеце.
Дык хто верны і разумны раб, якога гаспадар паставіў над сваімі слугамі, каб даваў ім у свой час ежу?
Хто, думаеш, ёсьць верны і разумны слуга, каторага паставіў пан ягоны над сваімі людзьмі, каб даваць ім у пару ежу?
Шчаслівы той раб, якога гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што ён так робіць;
Багаслаўлены гэны слуга, каторага пан ягоны, калі прыйдзе, застане гэтак робячы.
сапраўды кажу вам, што ён паставіць яго над усёю сваёю маёмасцю.
Сапраўды кажу вам, што над усім сваім дабром паставіць яго.
Калі ж той ліхі раб скажа ў сэрцы сваім: «Не хутка прыйдзе мой гаспадар»
А калі-б гэны слуга быў благі і сказаў у сэрцы сваім: «Пан мой пазьніцца прыйсьці»
і пачне біць сваіх таварышаў, будзе есці і піць з п’яніцамі,
і пачаў-бы біць сваіх таварышаў, еў-б і піў-бы з п’яніцамі,
то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае,
прыйдзе пан гэнага слугі ў дзень, у які ён не спадзяецца, і ў гадзіне, якой ня ведае,
і рассячэ яго папалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.
і разьдзеліць яго і паложыць ягону часьць з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгот зубоў.