Мацьвея 20 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Бо Царства Нябёсаў падобнае да таго чалавека, гаспадара дома, які выйшаў на золку наняць работнікаў у свой вінаграднік.
 
Падобнае ёсьць каралеўства нябеснае да чалавека гаспадара, каторы выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.

А, згадзіўшы работнікаў па дынарыю ў дзень, паслаў іх у свій вінаграднік.
 
І зрабіўшы ўмову з работнікамі па дынары ў дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.

І, выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рыначнай плошчы без работы,
 
І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку

ён і тым сказаў: ідзіце і вы ў [мой] вінаграднік, і, што будзе належыць, дам вам.
 
і сказаў: Ідзеце і вы ў мой вінаграднік і што будзе належыцца, дам вам.

І яны пайшлі. І зноў, выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, ён зрабіў тое самае.
 
Яны-ж пайшлі. Ізноў-жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай і зрабіў таксама.

А выйшаўшы каля адзінаццатай [гадзіны], знайшоў іншых, што стаялі [без работы], і кажа ім: Чаму стаіце вы тут цэлы дзень без работы?
 
І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых і сказаў ім: Што вы тут стаіцё цэлы дзень без работы?

Яны кажуць яму: Таму што ніхто нас не наняў. — Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў [мой] вінаграднік [і, што належыць справядліва атрымаеце].
 
Кажуць яму: Бо нас ніхто не наняў. Кажа ім: ідзеце і вы ў мой вінаграднік.

А калі звечарэла, кажа гаспадар вінаградніка свайму аканому: Пакліч работнікаў і выдай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
 
Калі-ж надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых.

І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынарыю.
 
Дык калі падыйшлі тыя, што былі прыйшоўшы каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дынары.

А першыя, прыйшоўшы, думалі, што яны атрымаюць больш; але атрымалі і яны па дынарыю.
 
А першыя, падыйшоўшы, думалі, што атрымаюць болей, але і яны атрымалі па дынары.

І, атрымаўшы, наракалі на гаспадара дома,
 
І ўзяўшы, наракалі на гаспадара,

кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, а ты зраўняў іх з намі, што перацярпелі цяжар дня і спёку.
 
кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, каторыя перанеслі цяжар дня і сьпеку.

Ён жа сказаў аднаму з іх у адказ: Дружа, я не крыўджу цябе; ці не за дынарый умовіўся ты са мною?
 
А ён адказваючы аднаму з іх, сказаў: Дружа! я не рабіў табе крыўды, ці-ж не за дынар ты са мною ўмовіўся?

Вазьмі сваё ды ідзі. Я ж хачу гэтаму апошняму даць, як і табе.
 
Вазьмі, што тваё і ідзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць як і табе.

Хіба не дазваляецца мне рабіць тое, што я хачу з тым, што маё? Ці тваё вока зайздроснае, што я добры?
 
Ці-ж ня можна мне зрабіць, што хачу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры?

Так будуць апошнія першымі і першыя — апошнімі. [Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных].
 
Так апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо многа пакліканых, але мала выбраных.

І Ісус, узыходзячы ў Іерусалім, узяў асобна дванаццаць [вучняў] і ў дарозе сказаў ім:
 
А ідучы ў Ерузалім, Езус узяў дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:

Вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам; і асудзяць Яго на смерць,
 
Вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць,

і выдадуць Яго язычнікам на глумленне, і бічаванне, і ўкрыжаванне, і на трэці дзень Ён будзе ўваскрэшаны65.
 
і выдадуць яго паганам на зьдзек і бічаваньне і ўкрыжаваньне, і на трэці дзень уваскрэсьне.

Тады падышла да Яго маці сыноў Зевядзеевых са сваімі сынамі, кланяючыся і нешта просячы ў Яго.
 
Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэявых з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў яго.

Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш? — Яна кажа Яму: Скажы, каб гэтыя мае два сыны селі адзін праваруч Цябе, а другі леваруч Цябе — у Тваім Царстве.
 
Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Яна сказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін з правага боку твайго, а другі з левага ў каралеўстве тваім.

Ісус жа сказаў у адказ: Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я рыхтуюся піць [або хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?] — Яны кажуць Яму: Можам.
 
А Езус, адказаўшы, сказаў: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую я буду піць? Кажуць яму: Можам.

Ён кажа ім: Маю чашу піць будзеце [і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца], а сесці праваруч Мяне і леваруч — не Мне даваць: гэта для тых, каму гэта падрыхтавана Маім Бацькам.
 
Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, але сядзець з правага майго боку або з левага гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.

І, пачуўшы, дзесяць абурыліся на двух братоў.
 
А дзесяць, пачуўшы, абурыліся на двух братоў.

Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: Вы ведаеце, што начальнікі язычнікаў пануюць над імі, і вялікія маюць уладу над імі.
 
Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што павадыры народаў пануюць над імі і тыя, каторыя большыя ёсьць, выконываюць над імі ўладу.

Не так [няхай] будзе між вас, а хто хоча зрабіцца вялікім між вас, [няхай] будзе вашым слугою;
 
Ня так будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць большым, няхай будзе вашым прыслужнікам,

а хто хоча між вас быць першым, будзе вашым рабом;
 
і хто-б хацеў між вамі быць першым, будзе вашым слугою.

як і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць Сваё жыццё ў выкуп за многіх.
 
Так як Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё за выкуп за многіх.

І калі яны выходзілі з Іерыхона, услед за Ім пайшоў вялікі натоўп.
 
І калі яны выходзілі з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамады,

І вось два сляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Ісус, закрычалі, кажучы: Злітуйся над намі, [Госпадзе], Сыне Давідаў!
 
і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, і закрычалі, кажучы: Пане, зжалься над намі, сыне Давіда!

Натоўп жа дамагаўся, каб яны маўчалі; але яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: Злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!
 
А грамада сварылася на іх, каб замоўклі. Але яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Пане, зжалься над намі, сыне Давіда.

І Ісус, прыпыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: Што хочаце, каб Я вам зрабіў?
 
І стаў Езус і паклікаў іх і сказаў: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў?

Яны кажуць Яму: Госпадзе, каб адкрыліся нашы вочы.
 
Кажуць яму: Пане, каб адчыніліся вочы нашыя!

І Ісус, злітаваўшыся, дакрануўся да іх вачэй, і яны адразу змаглі бачыць і пайшлі ўслед за Ім.
 
А Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да вачэй іх і зараз жа сталі відзець і пайшлі за ім.