Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
І сталася: калі Ісус закончыў усе гэтыя словы, Ён сказаў Сваім вучням:
І сталася, калі скончыў Езус усе гэтыя мовы, сказаў сваім вучням:
Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне.
Вы ведаеце, што за два дні будзе Пасха, і Сын чалавечы будзе выданы, каб быць укрыжаваным.
Тады першасвятары, [кніжнікі] і старэйшыны народа сабраліся ў двор першасвятара, званага Каіафа,
Тады сабраліся вышэйшыя сьвятары і старшыя народу ў двор архісьвятара, які зваўся Каіфаш,
і змовіліся хітрасцю схапіць Ісуса і забіць.
і зрабілі нараду, каб Езуса ўзяць хітрасьцяй і забіць.
Але казалі: Толькі не ў свята, каб не ўзнікла замяшанне ў народзе.
Але казалі: Ня ў дзень сьвяточны, каб часам забурэньня ня было ў народзе.
Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона-пракажонага,
Калі-ж Езус быў у Бэтаніі ў доме Сымона Пракажанага,
падышла да Яго жанчына з алебастравым флаконікам шматкаштоўнага міра і выліла Яму на галаву, калі Ён узлягаў.
прыступіла да яго жанчына, маючы алябастравую пасудзіну з дарагім алейкам і выліла на галаву яго, калі сядзеў за сталом.
А вучні, убачыўшы гэта, абурыліся, кажучы: «Навошта гэтая трата?
Вучні-ж, бачачы, загневаліся і казалі: Нашто гэтае марнатраўства?
Бо можна было б гэта [міра] дорага прадаць і даць убогім.
Бо можна было гэтае прадаць за дарагую цану і даць убогім.
Але Ісус, даведаўшыся, сказаў ім: Навошта робіце прыкрасць жанчыне? Добры ж учынак яна зрабіла для Мяне;
А Езус ведаючы, сказаў ім: Нашто робіце прыкрасьць гэтай жанчыне? Яна-ж добры ўчынак учыніла для мяне.
бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою; а Мяне не заўсёды маеце;
Убогіх вы заўсёды маеце з сабою, а мяне не заўсёды маеце.
бо, выліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне да пахавання.
Бо яна, выліўшы гэты алеяк на маё цела, учыніла на пахаваньне маё.
Сапраўды кажу вам: дзе ні будзе прапаведана гэтае Дабравесце на цэлым свеце, будзе сказана і пра тое, што зрабіла яна, на ўспамін пра яе.
Сапраўды кажу вам, дзе-толькі будзе абвяшчацца гэта эванэлія па ўсім сьвеце, і што яна ўчыніла, будзе сказана на памяць аб ёй.
Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,
Тады пайшоў адзін з дванаццацёх, каторы называўся Юдаш Іскарыёт да старшых сьвятараў
сказаў: Што вы хочаце даць мне, і я вам выдам Яго? — І яны вызначылі яму трыццаць срэбранікаў80.
і сказаў ім: Што хочаце мне даць і я яго вам выдам? Яны-ж назначылі яму трыццаць сярэбранікаў.
І з таго часу ён шукаў зручнага моманту, каб выдаць Яго.
І ад тае пары шукаў зручнае часіны, каб яго выдаць.
А ў першы [дзень] Праснакоў вучні падышлі да Ісуса, кажучы [Яму]: Дзе Ты хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе спажыць пасху?
У першы-ж дзень Праснакоў прыступілі вучні да Езуса, кажучы: Дзе хочаш прыгатаваць табе есьці Пасху?
Ён жа сказаў: Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: «Настаўнік кажа: «Мой час блізкі; Я з Маімі вучнямі спраўлю пасху ў цябе».
Езус-жа сказаў: Ідзеце ў горад да аднаго чалавека і скажэце яму: «Вучыцель кажа: час мой блізкі, у цябе раблю Пасху з вучнямі маімі».
І вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
І вучні зрабілі так, як ім загадаў Езус і прыгатавалі Пасху.
Калі ж звечарэла, Ён узлёг з дванаццаццю.
Калі-ж настаў вечар, ён сядзеў з дванацацьма сваімі вучнямі.
І калі яны елі, Ён сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне.
І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас мяне выдасьць.
І яны, моцна засмуціліся, кожны з іх пачаў казаць Яму: Не я ж, Госпадзе?
І моцна пасмутнеўшы, яны кожны адзін пачалі гаварыць: Ці гэта я, Пане?
А Ён сказаў у адказ: Той, хто апусціў са Мною руку ў місу, гэты выдасць Мяне.
Ён-жа, адказваючы, сказаў: Хто мачае са мною руку ў місу, той мяне выдасьць.
Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; добра было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся.
Сын-то чалавечы ідзе, як напісана аб ім, але гора таму чалавеку, праз каторага Сын чалавечы будзе выданы, лепш было-б яму, каб не нарадзіўся той чалавек.
У адказ жа Іуда, што выдаваў Яго, сказаў: Ці не я, Равві? — Ён кажа яму: Ты сам гэта сказаў.
Адказваючы-ж Юдаш, каторы яго выдаў, сказаў: Ці гэта я, вучыцель? Кажа яму: Ты сказаў.
А калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў яго і, даўшы вучням, сказаў: Вазьміце, ешце, гэта Маё цела.
А калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, і багаславіў, і ламаў, і даў вучням сваім, і сказаў: Бярэце і ешце: гэтае ёсьць цела маё.
І, узяўшы чашу і ўзнёсшы падзяку, падаў ім, кажучы: Піце з яе ўсе;
І ўзяўшы келіх, учыніў падзяку і даў ім, кажучы: Пеце з гэтага ўсе;
бо гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што за многіх праліваецца дзеля даравання грахоў.
бо гэтая ёсьць кроў мая новага закону, якая за многіх будзе праліта на адпушчэньне грахоў.
Але кажу вам, што з гэтага часу не буду піць ад гэтага плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць новае віно з вамі ў Царстве Майго Бацькі.
Кажу-ж вам: Ня буду піць ад гэтай пары з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі яго буду піць з вамі новы ў каралеўстве Айца майго.
І, праспяваўшы гімн81, яны пайшлі на Аліўную гару.
І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
Тады Ісус кажа ім: Усе вы зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «Удару пастыра, і рассыплюцца авечкі чарады».
Тады сказаў ім Езус: Усе вы згоршыцеся з мяне ў гэту ноч. Бо ёсьць напісана: «Удэру пастыра і разсеюцца авечкі стады».
Але пасля таго, як буду Я ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі.
Але потым як уваскрэсну, пайду перад вамі ў Галілею.
У адказ жа Пётр сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся.
Адказваючы-ж Пётр сказаў яму: І калі-б усе згоршыліся з цябе, я ніколі ня згоршуся.
Ісус сказаў яму: Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым праспявае певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне.
Сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, што ў гэту ноч, перш чым запяе певень, ты трэйчы адрачэсься ад мяне.
Кажа Яму Пётр: Нават калі мне трэба будзе памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. — Падобна і ўсе вучні сказалі.
Сказаў яму Пётр: Калі-б нават мне трэба было памерці з табою, я ад цябе не адракуся. Таксама гаварылі і ўсе вучні.
Тады Ісус прыходзіць з імі на месца, званае Гефсіманіяй, і кажа вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я пайду і там памалюся.
Тады прыйшоў Езус з імі да сялібы, якая завецца Гэтсэмані і сказаў сваім вучням: Пасядзеце тут, пакуль я пайду туды і памалюся.
І, узяўшы Пятра і двух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і тужыць.
І ўзяшы Пятра і двух сыноў Зэбэдэявых, пачаў сумаваць і тужыць.
Тады Ён кажа ім: Смуткуе Мая душа да смерці, застаньцеся тут са Мною і не спіце.
Тады сказаў ім: Сумная душа мая аж да сьмерці. Пабудзьце тут і чуйце за мною.
І, прайшоўшы трошкі далей, упаў Сваім тварам, молячыся і кажучы: Татухна Мой, калі можна, няхай абміне Мяне гэтая чаша; але не як Я хачу, а як Ты.
І адыйшоўшы трохі, упаў на твар свой і маліўся, кажучы: Ойча мой! Калі магчыма, няхай адыйдзе ад мяне гэты келіх, аднак-ж не як я хачу, але як Ты.
І Ён прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Вы так не змаглі адной гадзіны патрываць са Мною, каб не спаць.
І прыйшоў да сваіх вучняў і знайшоў іх сплючых. І сказаў Пятру: Так вы не маглі аднэй гадзіны чуць за мною?
Не спіце і маліцеся, каб не ўвайсці ў спакусу. Дух дзейны, а цела нядужае.
Чуйце і малецеся, каб ня ўпасьці ў пакусу. Дух-то ахвочы, але цела нядужае.
Зноў, адышоўшыся другі раз, памаліўся, кажучы: Татухна Мой, калі не можа абмінуць [Мяне] гэтая [чаша], каб Мне не піць яе, няхай здзейсніцца Твая воля.
Ізноў другі раз адыйшоў і маліўся, кажучы: Ойча мой! Калі ня можа гэты келіх прайсьці, каб мне яго ня піць, няхай станецца воля твая.
І, прыйшоўшы, зноў знайшоў, што яны спяць: бо вочы іх ацяжэлі.
І прыйшоў ізноў і знайшоў іх сплючых, бо вочы іх былі абцяжэўшы.
І, пакінуўшы іх, Ён зноў адышоў і памаліўся трэці раз, зноў сказаўшы тое самае слова.
І пакінуўшы іх, ізноў адыйшоў і трэці раз маліўся, кажучы тыя самыя словы.
Тады Ён прыходзіць да [Сваіх] вучняў і кажа ім: Вы ўсё яшчэ спіце і адпачываеце; вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
Тады прыйшоў да вучняў сваіх і сказаў ім: Спеце ўжо і адпачывайце! Вось надыйшла часіна і Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
Уставайце, хадзем, вось наблізіўся той, хто Мяне выдае.
Устаньце, пойдзем, вось прыбліжыўся той, што мяне выдасьць.
І, калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасвятароў і старэйшын народу.
Калі ён яшчэ гаварыў, вось Юдаш, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і з ім вялікая грамада з мяхамі і кіямі, пасланыя архісьвятарамі і старшымі народу.
А той, хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, Ён і ёсць; схапіце Яго».
А той, што выдаў яго, даў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта ён, бярэце яго.
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: Радуйся, Равві, — і пацалаваў Яго.
І зараз падыйшоўшы да Езуса, сказаў: Прывітаны будзь, вучыцель! І пацалаваў яго.
А Ісус сказаў яму: Дружа, чаго ты прыйшоў? — Тады яны падышоўшы, наклалі рукі на Ісуса і схапілі Яго.
А Езус сказаў яму: Дружа, пашто ты прыйшоў? Тады прыступілі і налажылі рукі на Езуса і ўзялі яго.
І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, працягнуўшы руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы першасвятаровага раба, адсек яму вуха.
І вось адзін, што былі з Езусам, працягнуўшы руку, выняў меч свій і , ўдарыўшы слугу архісьвятара, адсек яму вуха.
Тады Ісус кажа яму: Вярні свой меч на яго месца; бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча загінуць.
Тады сказаў яму Езус: Вярні твой меч за сваё месца, бо ўсе, што бяруць меч, ад мяча пагінуць.
Ці думаеш, што Я не магу ўпрасіць Майго Бацьку і Ён не выставіць Мне цяпер больш за дванаццаць легіёнаў Анёлаў?
Няўжо думаеш, што я не магу папрасіць Айца майго і ён даў-бы мне цяпер болей як дванаццаць легіёнаў анёлаў?
Дык як жа спраўдзяцца Пісанні, што так павінна адбыцца?
Ды як-жа споўняцца Пісаньні, што гэтак мусіць стацца?
У тую гадзіну Ісус сказаў натоўпам: Як на разбойніка вы выйшлі з мячамі і каламі, каб ўзяць Мяне? Штодня Я сядзеў у храме [з вамі], навучаючы, і вы не схапілі Мяне.
У тую часіну сказаў Езус грамадам: Так як на разбойніка вы выйшлі з мячамі і кіямі ўзяць мяне.
Гэта ж ўсё адбылося, каб спраўдзіліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, уцяклі.
Гэтае-ж усё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы яго, паўцекалі.
А тыя, што схапілі Ісуса, адвялі Яго да Каіафы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
Яны-ж, узяўшы Езуса, павялі да Каіфаша, архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі і старшыя.
Пётр жа здалёку ішоў услед за Ім да першасвятаровага двара; і, увайшоўшы ўсярэдзіну, сеў са служкамі, каб бачыць канец.
А Пётр ішоў за ім здалёк аж да двара архісьвятара і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сядзеў за слугамі, каб бачыць канец.
А першасвятары [і, старэйшыны] і ўвесь сінедрыён шукалі лжэсведчання супроць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць.
А архісьвятар і ўся Рада шукалі фальшывыя сьведчаньні проціў Езуса, каб яму сьмерць зрабіць,
І не знайшлі, хоць падыходзіла шмат ілжэсведкаў. А ўрэшце два [лжэсведкі], падышоўшы,
і не знайшлі, хоць многа прыходзіла фальшывых сьведкаў. Уканцы-ж прыйшлі два фальшывыя сьведкі
сказалі: Гэты чалавек казаў: «Я магу зруйнаваць храм Божы і за тры дні пабудаваць [яго]».
і сказалі: Гэты казаў: «Я магу зруйнаваць сьвятыню Божую і пасьля трох дзён яе адбудаваць».
І першасвятар, устаўшы, сказаў Яму: Нічога не адказваеш на тое, што яны сведчаць супроць Цябе?
І ўстаўшы, архісьвятар сказаў яму: Нічога не адказваеш на тое, што гэтыя проціў цябе сьведчаць?
Ісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: Заклінаю Цябе Жывым Богам, каб ты сказаў нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
Але Езус маўчаў. І архісьвятар сказаў яму: Запрысягаю цябе Богам жывым, каб ты нам сказаў, ці ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы?
Ісус кажа яму: Ты сказаў праўду. Акрамя таго кажу вам: з гэтага часу вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы Божай і прыходзіць на нябесных воблаках.
Кажа яму Езус: Ты сказаў. Аднака-ж кажу вам: адцяпер убачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божай і прыходзячага ў воблаках нябесных.
Тады першасвятар разадраў сваю вопратку, кажучы: Ён зняважыў Бога! Якая яшчэ патрэба ў сведках? Вось, цяпер вы чулі богазнявагу!
Тады архісьвятар разарваў адзеньне сваё, кажучы: Ён зблюзьніў! Нашто нам яшчэ патрэбны сьведкі? Вось цяпер вы чулі блюзьнерства.
Як вам здаецца? — Яны ж сказалі ў адказ: Ён заслугоўвае смерці.
Што вам здаецца? Яны-ж адказваючы, сказалі: Ён падлеглы сьмерці.
Тады наплявалі Яму ў твар і таўклі Яго кулакамі; а іншыя білі па шчоках,
Тады плявалі на твар ягоны і білі яго кулакамі, другія-ж білі яго па шчоках, кажучы:
кажучы: Прароч нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?»
Прароч нам Хрысце, хто гэта цябе ўдарыў?
А Пётр сядзеў звонку, на двары, і падышла да яго адна служанка і сказала: І ты быў з Ісусам Галілеянінам.
А Пётр сядзеў вонках на дварэ. І прыступіла да яго адна служка, кажучы: І ты быў з Езусам Галілейскім.
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: Не ведаю, пра што ты кажаш.
Але ён адрокся перад усімі, кажучы: Ня ведаю, што ты гаворыш.
А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго іншая і кажа тым, што былі там: [І] гэты быў з Ісусам Назарэем.
Калі-ж ён выходзіў за дзьверы, убачыла яго другая служка і сказала тым, што там былі: І гэты быў з Езусам Назарэйскім.
І зноў ён адрокся з клятвай: Я не ведаю Гэтага Чалавека.
І ўзноў адрокся пад прысягай: Што ня знаю чалавека.
А трохі пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і твая гаворка выдае цябе.
І крыху потым падыйшлі тыя, што стаялі і сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая цябе выдае.
Тады ён пачаў клясціся і бажыцца: Я не ведаю Гэтага Чалавека. — І адразу праспяваў певень.
Тады пачаў клясьціся і прысягаць, што ня знае чалавека. І зараз-жа запяяў певень.
І ўспомніў Пётр слова, сказанае [яму] Ісусам: «Перш чым праспявае певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». — І, выйшаўшы адтуль, ён горка заплакаў.
І прыпомніў Пётр слова Езуса, якое быў сказаўшы: «Перш чым запяе певень, ты трэйчы адрачэсься ад мяне». І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.