Мацьвея 13 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

У той дзень Ісус, выйшаўшы з дома, сеў каля мора;
 
У той дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў каля мора.

і сабраліся да Яго вялікія натоўпы, так што Ён увайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.
 
І зьявіліся да яго вялікія грамады, так што ён, увайшоўшы ў лодку, сеў, а ўся грамада стаяла на беразе.

І гаварыў многае ў прыпавесцях, кажучы: Вось, выйшаў сейбіт сеяць.
 
І гаварыў ім многа ў прыповесьцях, кажучы: Вось выйшаў, што сее, сеяць.

І калі ён сеяў, адны зерні ўпалі пры дарозе і, наляцелі птушкі і падзяўблі іх.
 
І калі ён сеяў, адны ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі іх.

Другія ж ўпалі на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі; і зараз жа ўзышлі, бо зямля была не глыбокая;
 
А іншыя ўпалі на месца камяністае, дзе ня мелі многа зямлі; і зараз узышлі, бо зямля была неглыбокай.

а калі ўзышло сонца — іх апаліла; і яны, з-за таго, што не мелі карэння, засохлі.
 
Калі-ж узыйшло сонца, яны павялі і, таму што ня мелі кораня, пасохлі.

Іншыя ж ўпалі ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі іх.
 
А іншыя ўпалі ў церні, і ўзрасьлі церні і заглушылі іх.

Іншыя ж упалі на добрую зямлю і давалі плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, іншае ж у трыццаць.
 
Іншыя-ж упалі на добрую зямлю і далі плод: адно соты, другое шэсьцьдзесяты, іншае трыццаты.

Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе!
 
Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

І вучні, падышоўшы, сказалі Яму: Чаму Ты кажаш ім у прыпавесцях?
 
І прыступіўшыся, вучні сказалі яму: Чаму гаворыш ім у прыповесьцях?

Ён сказаў ім у адказ: Таму што вам дадзена ўведаць таямніцы Царства Нябёсаў, а ім не дадзена.
 
Ён, адказаўшы сказаў ім: Затым, што ва дадзена пазнаць тайніцы каралеўства нябеснага, а ім ня дадзена.

Бо хто мае, таму будзе дадзена і прыспараць будзе, а хто не мае, ад таго забярэцца і тое, што мае.
 
Бо хто мае, таму будзе дадзена і будзе мець дастатак, а хто мае, у таго будзе аднята і тое, што мае.

Дзеля таго ў прыпавесцях ім кажу, бо яны, гледзячы, не бачаць і, слухаючы, не чуюць і не разумеюць,
 
Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць і не разумеюць.

і спраўджваецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: «Слыхам вы будзеце чуць, а не зразумееце; зрокам глядзець будзеце, а не ўбачыце.
 
І спаўняецца на іх прароцтва Ізаія (6:9-10), каторы кажа: «Слухам будзеце слухаць і не зразумееце, і зрокам будзеце глядзець і ня ўбачыце.

Бо атлусцела сэрца гэтага народа, і вушамі туга чулі, і вочы свае заплюшчылі, каб не бачыць вачыма, і вушамі не чуць, і сэрцам не разумець, і не далучыцца, каб Я вылечыў іх».
 
Бо агрубела сэрца гэтага народу і вушамі трудна чулі і заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма, і не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца, і каб я не аздаравіў іх».

Але шчаслівыя вашы вочы, таму што бачаць, і вушы вашы, таму што чуюць.
 
Вашыя-ж багаслаўлены вочы, бо бачаць і вушы вашыя, бо чуюць.

Бо сапраўды кажу вам, што шмат якія прарокі і праведнікі хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
 
Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і справядліўцы жадалі бачыць, што вы бачыце і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце і ня чулі.

Дык паслухайце прыпавесць пра сейбіта.
 
Дык вы паслухайце прыповесьці пра сяйбіта.

Да кожнага, хто чуе слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў яго сэрцы; гэта пасеянае пры дарозе.
 
Да ўсякага, хто слухае слова каралеўства і не разумее, прыходзіць Злы і вырывае, што пасеяна ў ягоным сэрцы: гэта той, каторы пасеяны пры дарозе.

А пасеянае на камяністым грунце — гэта той, што чуе слова і зараз жа з уцехаю прымае яго,
 
А хто пасеены на месцы камяністым, гэта той, каторы слухае слова і зараз-жа з радасьцяй прыймае яго,

ды ён не мае карэння ў сабе — і часовы; калі ж настане ўціск ці ганенне з-за слова, зараз жа зняверваецца.
 
але ён ня мае кораня ў сабе, але ёсьць часовы, калі-ж настане ўціск і прасьлед дзеля слова, зараз горшыцца.

А пасеянае ў церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы [гэтага] веку і зманлівасць багацця глушаць слова, і яно робіцца бясплодным.
 
А хто пасеены ў церні, гэта той, каторы слухае слова, але клапоты гэтага сьвету і мана багацьцяў заглушае слова і яно застаецца бяз плоду.

А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее; хто і прыносіць плод, і дае: адзін — у сто разоў, другі — у шэсцьдзесят, а іншы — у трыццаць.
 
А хто пасеены на добрай зямлі, гэта той, каторы слухае слова і разумее і прыносіць плод — і дае адно соты, а другое шэсьць дзесяты, а іншае трыццаты.

Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да чалавека, што пасеяў на сваім полі добрае насенне.
 
Другую прыповесьць падаў ім, кажучы: каралеўства нябеснае сталася падобным да чалавека, каторы пасеяў добрае насеньне на сваім полі.

А калі людзі спалі, прыйшоў яго вораг і пасеяў куколь між пшаніцы і пайшоў.
 
Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, насеяў кукалю між пшаніцаў і пайшоў.

А калі прарасла рунь і дала плод, тады паказаўся і куколь.
 
Калі-ж узрасло збожа і прынясло плод, тады паказаўся і куколь.

І слугі гаспадара дома прыйшлі і сказалі яму: Гаспадар, ці не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа ўзяўся куколь?
 
Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара сказалі яму: Пане, ці-ж ты ня добрае насеньне пасеяў на сваім полі? Адкуль-жа ўзяўся куколь?

Ён жа сказаў ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. — А слугі кажуць яму: Дык хочаш, каб мы пайшлі і выпалалі яго?
 
А ён сказаў ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. Слугі-ж сказалі яму: Хочаш, пойдзем і зьбяром яго.

А ён кажа: Не, каб, выполваючы куколь, вы разам з ім не вырвалі з коранем пшаніцы.
 
Але ён сказаў: Не, каб часам зьбіраючы куколь, вы ня вырвалі разам з ім і пшаніцы.

Пакіньце расці разам і тое, і другое да жніва; а падчас жніва я скажу жняцам: «Збярыце спярша куколь і звяжыце яго ў вязанкі, каб спаліць іх; пшаніцу ж знясіце ў маё гумно.
 
Пакіньце расьці абое аж да жніва, а ў часе жніва скажу жанком: Зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапкі, каб спаліць, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё.

Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі
 
Іншую прыповесьць падаў ім, кажучы: каралеўства нябеснае ёсьць падобнае да каралеўства зярняці, якое чалавек узяўшы пасяў на сваім полі.

і якое меншае за ўсялякае насенне, але, калі вырасце, яно большае за агародніну і робіцца дрэвам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і гняздзяцца ў голлі яго.
 
Яно, праўда, найменшае з усяго насеньня, але калі ўзрасьце, бывае большым за ўсе гародніны і робіцца дзеравам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і жывуць у галінах яго.

Іншую прыпавесць сказаў Ён ім: Царства Нябёсаў падобнае да закваскі, якую жанчына, узяўшы, замясіла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
 
Іншую прыповесьць сказаў ім: каралеўства нябеснае ёсьць падобнае да квасу, які жанчына ўзяўшы палажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісла.

Гэта ўсё Ісус казаў натоўпам у прыпавесцях і без прыпавесцяў нічога не казаў ім,
 
Усё гэтае гаварыў Езус да грамадаў у прыповесьцях, і бяз прыповесьцяў не гаварыў да іх,

каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адкрыю ў прыпавесцях Мае вусны; выкажу схаванае ад стварэння [свету]».
 
каб споўнілася, што было сказана праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны мае, выкажу скрытае ад стварэньня сьвету» (Пс. 77:2).

Тады, адпусціўшы натоўпы, [Ісус] увайшоў у дом; і падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: Растлумач нам прыпавесць пра куколь на полі.
 
Тады, адправіўшы грамады, увайшоў у дом. І прыступілі да яго вучні ягоны, кажучы: Растлумач нам прыповесьць аб кукалю на полі.

Ён жа сказаў у адказ: Той, хто сее добрае насенне, — Сын Чалавечы;
 
Ён адказваючы сказаў ім: Той, хто сее

а поле — свет; а добрае насенне — гэта сыны Царства; а куколь — сыны ліхога;
 
добрае насеньне — гэта сыны каралеўства, а куколь — гэта сыны нягодныя.

а вораг, што пасеяў яго, — д’ябал, а жніво — сканчэнне веку, а жняцы — Анёлы.
 
А вораг, што пасеяў яго, ёсьць д’ябал, а жніво — гэта сканчэньне сьвету, а жанца — гэта анёлы.

Дык як куколь збіраюць і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні [гэтага] веку;
 
Дык як зьбіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэньні сьвету.

пашле Сын Чалавечы Сваіх Анёлаў, і збяруць з Яго Царства ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне,
 
Пашле Сын чалавечы сваіх анёлаў і зьбяруць з кралеўства ягонага ўсе згаршэньні і тых, што робяць нягоднасьць,

і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.
 
і ўкінуць іх у печ агню, там будзе плач і скрыгот зубоў.

Тады праведнікі заззяюць, як сонца ў Царстве іх Бацькі. Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе!
 
Тады справядлівыя заясьнеюць, як сонца, у каралеўстве Айца іх. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Падобнае Царства Нябёсаў да схаванага ў полі скарбу, які знайшоў чалавек і схаваў, і ад радасці ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.
 
Падобнае каралеўства нябеснае да скарбу, схаванага ў полі. Чалавек, які яго знойдзе, прыкрывае і з радасьці ад гэтага ідзе і прадае яго ўсё, што мае і купляе гэнае поле.

Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да купца, які шукае прыгожых перлаў;
 
Яшчэ падобнае каралеўства нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў.

і, знайшоўшы адну вельмі каштоўную перліну, ён пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
 
Знайшоўшы-ж адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё, што меў і купіў яе.

Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да невада, закінутага ў мора, які сабраў рыбу ўсялякага роду;
 
Яшчэ падобнае каралеўства нябеснае да невада, закіненага ў мора і загарнуўшага ўсякага роду рыбу;

калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў пасудзіны, а непрыдатнае выкінулі вон.
 
калі ён быў поўны, выцягнулі яго, і пасеўшы на беразе, выбралі добрую ў пасудзіну, а дрэнную выкінулі вон.

Так будзе пры сканчэнні веку: выйдуць Анёлы і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведнікаў,
 
Так будзе пры сканчэньні сьвету: выйдуць анёлы і выдзяляць благіх спасярод справядлівых

і кінуць іх у агнявую печ, там будзе плач і скрыгат зубоў.
 
і ўкінуць іх у печ агню; там будзе плач і скрыгот зубоў.

[Кажа ім Ісус]: Ці вы зразумелі ўсё гэта? — Яны кажуць Яму: Так, [Госпадзе].
 
Ці вы зразумелі ўсё гэта? Кажуць яму: Так.

Ён жа сказаў ім: Таму кожны кніжнік, што навучаны Царству Нябёсаў, падобны да гаспадара дома, які выносіць са свае скарбніцы новае і старое.
 
Дзеля таго кожны кніжнік, навучаны аб каралеўстве нябесным, ёсьць падобны да чалавека гаспадара, каторы дастае з свае скарбніцы новае і старое.

І сталася: калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, Ён пайшоў адтуль.
 
І сталася, калі Езус скончыў гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.

І, прыйшоўшы ў Сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сынагозе іх, так што яны здзіўляліся і казалі: Адкуль у Гэтага чалавека такая мудрасць і цудадзейныя сілы?
 
І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у іншых бажніцах, так што дзівіліся і казалі: Адкуль у яго гэтая мудрасьць і цуды?

Ці не цеслеў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыям37, і Яго братоў — Іякаў, Іосіф38, Сіман і Іуда?
 
Ці-ж ён ня сын цесьляра? Ці-ж матка ягона не завецца Марыя і браты яго: Якуб і Язэп і Сымон і Юда?

І Яго сёстры — хіба не ўсе ў нас? Дык адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта?
 
І сёстры ягоныя ці-ж ня ўсе ў нас? Дык адкуль у яго ўсё гэта?

І яны зняверыліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў [сваёй] бацькаўшчыне і ў сваім доме.
 
І горшыліся з яго. А Езус сказаў ім: прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей і ў доме сваім.

І Ён не зрабіў там многіх цудаў з-за іх нявер’я.
 
І ня ўчыніў там многа цудаў дзеля іхнай няверы.