Мацьвея 10 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І, паклікаўшы дванаццаць Сваіх вучняў, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і вылечваць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
 
І склікаўшы дванаццаць сваіх вучняў, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хваробу і ўсякую немач.

А імёны дванаццаці Апосталаў такія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Іякаў Зевядзееў, і Іаан, яго брат;
 
А дванаццацёх апосталаў імёны ёсьць гэтакія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго,

Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей, зборшчык падаткаў; Іякаў Алфееў і Фадзей25;
 
Якуб Зэбэдэяў, і Ян, брат яго, Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэуш мытнік, Якуб Альфэяў і Тадэуш,

Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
 
Сымон Кананэец і Юдаш Іскарыёт, каторы яго і выдаў.

Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: На дарогу да язычнікаў не хадзіце і ў горад самарыцян не ўваходзьце;
 
Гэтых дванаццацёх паслаў Езус, загадваючы ім, кажучы: На дарогу паганаў ня ўзыходзьце і ў гарады самаранаў не заходзьце,

а ідзіце лепш да загубленых авечак Ізраілевага дому.
 
але ідзеце лепш да загінуўшых авец з дому Ізраілявага.

І, ходзячы, прапаведуйце, кажучы: «Наблізілася Царства Нябёсаў».
 
А ідучы, абвяшчайце, кажучы, што прыблізілася каралеўства нябеснае.

Хворых вылечвайце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, дэманаў выганяйце; дарма атрымалі — дарма давайце.
 
Аздараўляйце хворых, ускрашайце ўмерлых, ачышчайце пракажаных, выганяйце д’яблаў. Дарма вы атрымалі, дарма давайце.

Не набірайце ні золата, ні серабра, ні медзі ў свае паясы,
 
Ня мейце золата, ані серабра, ані грашэй у паясох вашых.

ні торбы ў дарогу, ні двух хітонаў, ні сандаляў, ні посаха. Бо варты работнік сваёй спажывы.
 
ані торбы ў дарозе, ані дзьвёх адзежын, ані абутку, ані кія; бо работнік варт сваей ежы.

А ў які б горад ці сяло вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны; і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;
 
А ў які-б горад або сяло вы не ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім ёсьць дастойны — і там аставайцеся, аж пакуль ня выйдзеце.

а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, [кажучы: «Мір дому гэтаму»].
 
А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго, кажучы: Супакой гэтаму дому.

І калі дом годны, няхай зыдзе ваш мір на яго; калі ж не будзе годны, няхай ваш мір да вас вернецца.
 
І калі той дом будзе варт, супакой ваш зыйдзе на яго, а калі ня будзе варт, супакой ваш вернецца да вас.

А хто не прымае вас і не паслухае вашых слоў, то, выходзячы з таго дома ці з горада страсіце пыл з вашых ног.
 
А калі-б хто ня прыняў вас і ня слухаў слоў вашых, выходзячы з дому або гораду, абтрасеце пыл з ног вашых.

Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду.
 
Сапраўды кажу вам: Лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суду, чым таму гораду.

Вось, Я пасылаю вас, як авечак між ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубы.
 
Вось я пасылаю вас, як авец пасярод ваўкоў: дык будзьце мудрыя, як зьмеі і простыя, як галубы.

І асцерагайцеся людзей: бо яны будуць аддаваць вас у сінедрыёны і бічаваць вас у сваіх сінагогах;
 
А сьцеражэцеся людзей, бо яны будуць аддаваць вас у суды і будуць бічаваць вас у сваіх бажніцах,

і да намеснікаў і да цароў павядуць вас з-за Мяне на сведчанне ім і язычнікам.
 
і павядуць вас да начальнікаў і каралёў дзеля мяне, на пасьведчаньне ім і паганам.

Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць;
 
Калі-ж аддадуць вас, не клапацецеся, як або што маеце гаварыць, бо ў тую часіну будзе вам дадзена, што маеце гаварыць.

бо не вы будзеце казаць, а Дух вашага Бацькі будзе казаць у вас.
 
Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух Айца вашага, каторы гаворыць у вас.

І аддасць брат брата на смерць і бацька — дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх.
 
І выдасьць брат брата на смерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і зробяць ім сьмерць.

І будуць усе ненавідзець вас з-за Майго імя; а хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны.
 
І будуць вас ненавідзець усе дзеля імені майго, але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

А калі вас будуць гнаць у гэтым горадзе, уцякайце ў другі; бо праўду кажу вам: не паспееце ні ў якім разе абысці Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы.
 
Калі-ж будуць прасьледаваць вас у гэтым горадзе, уцякайце ў другі; сапраўды кажу вам: ня скончыце гарадоў Ізраіля, аж прыйдзе Сын чалавечы.

Вучань не вышэйшы за настаўніка і слуга за свайго гаспадара.
 
Вучань ня ёсьць вышэй за вучыцеля, і слуга ня вышэй за пана свайго.

Даволі для вучня, каб ён зрабіўся, як яго настаўнік, і слуга — як яго гаспадар. Калі гаспадара дома назвалі Веельзевулам, то тым больш — яго дамашніх!
 
Даволі для вучня, каб ён быў, як вучыцель яго, і для слугі — як пан ягоны. Калі гаспадара назвалі Бэльзэбубам, куды болей хатніх ягоных!

Дык не бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што не адкрыецца; і таемнага, што не будзе вядома.
 
Дык ня бойцецся іх; бо няма нічога скрытнага, што-б ня сталася вядомым.

Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах.
 
Што я вам кажу ў цемры, кажэце пры сьвятле, і што на вуха чуеце, абвяшчайце па дахах.

І не бойцеся тых, хто забівае цела, а душы не можа забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела і душу загубіць у геене.
 
І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць, але бойцеся найболей таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.

Хіба не прадаюцца два вераб’і за асарый26? І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без ведама вашага Бацькі.
 
Ці-ж не прадаюць двух вераб’ёў за аднаго медзяка? І ніводзен з іх не ўпадзе на зямлю без Айца вашага.

У вас жа і валасы на галаве ўсе палічаны.
 
Вашыя-ж валасы на галаве ўсе палічаны.

Дык не бойцеся: бо вы даражэйшыя за мноства вераб’ёў.
 
Дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх вераб’ёў.

Дык кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, вызнаю і Я яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах;
 
Вось-жа кожны, хто мяне прызнае перад людзьмі, і я яго прызнаю перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.

а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся і Я ад яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах.
 
А хто адрачэцца ад мяне перад людзьмі, ад таго і я адракуся перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.

Не думайце, што Я прыйшоў мір прынесці на зямлю; Я прыйшоў прынесці не мір, а меч.
 
Ня думайце, што я прыйшоў прынесьці супакой ня зямлю, ня прыйшоў я прынесьці супакой, але меч.

Бо Я прыйшоў аддзяліць: чалавека — ад яго бацькі, і дачку — ад яе маці, і сынавую — ад яе свекрыві;
 
Бо я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго і дачку з маткаю яе і нявестку з сьвякроўю яе;

і ворагі чалавеку — яго дамашнія.
 
і ворагі чалавеку хатнія яго.

Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не годны Мяне,
 
Хто любіць бацьку або матку болей за мяне, ня варт мяне.

і хто не бярэ свайго крыжа, а ідзе ўслед за Мною, не годны Мяне.
 
І хто не бярэ крыжа свайго і ня ідзе за мною, ня варт мяне.

Хто знойдзе сваё жыццё ў гэтым веку, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё27 дзеля Мяне, знойдзе яго.
 
Хто знойдзе жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго.

Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Хто прыймае вас, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне.

Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае праведніка ў імя праведніка, атрымае ўзнагароду праведніка.
 
Хто прыймае прарока ў імя прарока, атрымае нагароду прарока, а хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае нагароду справядлівага.

І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, той ні ў якім разе не страціць сваёй узнагароды.
 
А хто-б даў напіцца аднаму з гэтых найменшых толькі кубак халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ён ня страціць свае нагароды.