Мацьвея 10 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі
І, паклікаўшы дванаццаць Сваіх вучняў, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і вылечваць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.
А імёны дванаццаці Апосталаў такія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Іякаў Зевядзееў, і Іаан, яго брат;
А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны.
Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей, зборшчык падаткаў; Іякаў Алфееў і Фадзей25;
Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем,
Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.
Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: На дарогу да язычнікаў не хадзіце і ў горад самарыцян не ўваходзьце;
Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце;
а ідзіце лепш да загубленых авечак Ізраілевага дому.
а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;
І, ходзячы, прапаведуйце, кажучы: «Наблізілася Царства Нябёсаў».
і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае;
Хворых вылечвайце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, дэманаў выганяйце; дарма атрымалі — дарма давайце.
хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.
Не набірайце ні золата, ні серабра, ні медзі ў свае паясы,
Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
ні торбы ў дарогу, ні двух хітонаў, ні сандаляў, ні посаха. Бо варты работнік сваёй спажывы.
ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму.
А ў які б горад ці сяло вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны; і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;
У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце;
а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, [кажучы: «Мір дому гэтаму»].
а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «мір дому гэтаму»;
І калі дом годны, няхай зыдзе ваш мір на яго; калі ж не будзе годны, няхай ваш мір да вас вернецца.
і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.
А хто не прымае вас і не паслухае вашых слоў, то, выходзячы з таго дома ці з горада страсіце пыл з вашых ног.
А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых;
Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду.
праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.
Вось, Я пасылаю вас, як авечак між ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубы.
Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.
І асцерагайцеся людзей: бо яны будуць аддаваць вас у сінедрыёны і бічаваць вас у сваіх сінагогах;
Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,
і да намеснікаў і да цароў павядуць вас з-за Мяне на сведчанне ім і язычнікам.
і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.
Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць;
Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
бо не вы будзеце казаць, а Дух вашага Бацькі будзе казаць у вас.
бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
І аддасць брат брата на смерць і бацька — дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх.
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх;
І будуць усе ненавідзець вас з-за Майго імя; а хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны.
і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.
А калі вас будуць гнаць у гэтым горадзе, уцякайце ў другі; бо праўду кажу вам: не паспееце ні ў якім разе абысці Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы.
Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо праўду кажу вам: не пасьпееце абысьці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
Вучань не вышэйшы за настаўніка і слуга за свайго гаспадара.
Вучань ня вышэйшы за настаўніка, і слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго.
Даволі для вучня, каб ён зрабіўся, як яго настаўнік, і слуга — як яго гаспадар. Калі гаспадара дома назвалі Веельзевулам, то тым больш — яго дамашніх!
Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі Вэльзэвулам, дык ці ня тым болей хатніх яго?
Дык не бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што не адкрыецца; і таемнага, што не будзе вядома.
Дык вось, ня бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, што ня было б уведана.
Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах.
Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.
І не бойцеся тых, хто забівае цела, а душы не можа забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела і душу загубіць у геене.
І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене.
Хіба не прадаюцца два вераб’і за асарый26? І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без ведама вашага Бацькі.
Ці ж ня дзьве маленькія птушкі прадаюцца за асарый? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага;
У вас жа і валасы на галаве ўсе палічаны.
а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;
Дык не бойцеся: бо вы даражэйшыя за мноства вераб’ёў.
дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх маленькіх птушак.
Дык кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, вызнаю і Я яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах;
Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах;
а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся і Я ад яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах.
а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах.
Не думайце, што Я прыйшоў мір прынесці на зямлю; Я прыйшоў прынесці не мір, а меч.
Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч;
Бо Я прыйшоў аддзяліць: чалавека — ад яго бацькі, і дачку — ад яе маці, і сынавую — ад яе свекрыві;
бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са сьвякрухай яе.
і ворагі чалавеку — яго дамашнія.
І ворагі чалавеку — хатнія ягоныя.
Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не годны Мяне,
Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне;
і хто не бярэ свайго крыжа, а ідзе ўслед за Мною, не годны Мяне.
і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне.
Хто знойдзе сваё жыццё ў гэтым веку, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё27 дзеля Мяне, знойдзе яго.
Хто зьберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зьберажэ яе.
Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае праведніка ў імя праведніка, атрымае ўзнагароду праведніка.
хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокавую атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікавую атрымае.
І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, той ні ў якім разе не страціць сваёй узнагароды.
І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.