2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі
Павел, і Сілуан, і Цімафей — царкве фесаланікійцаў у Богу, нашым Бацьку, і Госпадзе Ісусе Хрысце:
Павал і Сілуан і Цімафей — Фесаланіцкай Царкве ў Богу Айцы нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
Ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, браты, як і належыць, бо надзвычайна ўзрастае ваша вера і павялічваецца любоў кожнага з вас адзін да аднаго.
Заўсёды па справядлівасьці мы павінны дзякаваць Богу за вас, браты, бо ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага адно да аднаго паміж усімі вамі.
Так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых вашай вытрываласцю і вераю ва ўсіх ганеннях і бедах, якія вы пераносіце.
так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасьцю вашай і вераю ва ўсіх ганеньнях і нягодах, якія вы пераносіце
І гэта ж знак справядлівага суда Божага, каб вы сталі вартымі Царства Божага, за якое вы і пакутуеце;
у доказ таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога вы і пакутуеце.
бо справядліва ў Бога — аддаць уціскам тым, хто вас уціскае.
Бо праведна прад Богам — тым, хто вас зьневажае, плаціць смуткам,
А вам, — што церпіце ўціскі, — адпачынак з намі, калі з’явіцца з нябёсаў Госпад Ісус з Анёламі Яго сілы,
а вам, каго зьневажаюць, радасьцю разам з намі, у прышэсьце Госпада Ісуса зь неба, з анёламі моцы Ягонай,
у палымяным агні аддаючы помсту тым, хто Бога не знае і не слухаецца дабравешчання нашага Госпада Ісуса Хрыста.
у полымным вагні таго, хто помсьціцца тым, што не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Яны прымуць кару — вечную пагібель ад аблічча Гасподняга і ад славы Яго магутнасці,
якія прымуць кару, вечную пагібель ад імя Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай,
калі Ён прыйдзе, каб праславіцца ў Сваіх святых і стаць дзівосным у той дзень ва ўсіх верніках, бо вы паверылі нашаму сведчанню.
калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню.
Дзеля гэтага і молімся заўсёды аб вас, каб наш Бог зрабіў вас годнымі паклікання і здзейсніў усялякую добрую волю шчодрасці і справу веры ў сіле,
На тое і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі пакліканьня і ўчыніў усякую добрую ласку даброці і справу веры ў моцы.
каб імя нашага Госпада Ісуса Хрыста праславілася ў вас, а вы ў Ім праз ласку нашага Бога і Госпада Ісуса Хрыста.
Няхай праславіцца імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па мілаце Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.