Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі
У той дзень Ісус, выйшаўшы з дома, сеў каля мора;
Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.
і сабраліся да Яго вялікія натоўпы, так што Ён увайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.
І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
І гаварыў многае ў прыпавесцях, кажучы: Вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І калі ён сеяў, адны зерні ўпалі пры дарозе і, наляцелі птушкі і падзяўблі іх.
І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
Другія ж ўпалі на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі; і зараз жа ўзышлі, бо зямля была не глыбокая;
іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.
а калі ўзышло сонца — іх апаліла; і яны, з-за таго, што не мелі карэння, засохлі.
А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;
Іншыя ж ўпалі ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі іх.
іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;
Іншыя ж упалі на добрую зямлю і давалі плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, іншае ж у трыццаць.
іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.
Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе!
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
І вучні, падышоўшы, сказалі Яму: Чаму Ты кажаш ім у прыпавесцях?
І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?
Ён сказаў ім у адказ: Таму што вам дадзена ўведаць таямніцы Царства Нябёсаў, а ім не дадзена.
Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;
Бо хто мае, таму будзе дадзена і прыспараць будзе, а хто не мае, ад таго забярэцца і тое, што мае.
бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;
Дзеля таго ў прыпавесцях ім кажу, бо яны, гледзячы, не бачаць і, слухаючы, не чуюць і не разумеюць,
дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;
і спраўджваецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: «Слыхам вы будзеце чуць, а не зразумееце; зрокам глядзець будзеце, а не ўбачыце.
і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;
Бо атлусцела сэрца гэтага народа, і вушамі туга чулі, і вочы свае заплюшчылі, каб не бачыць вачыма, і вушамі не чуць, і сэрцам не разумець, і не далучыцца, каб Я вылечыў іх».
агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх».
Але шчаслівыя вашы вочы, таму што бачаць, і вушы вашы, таму што чуюць.
А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:
Бо сапраўды кажу вам, што шмат якія прарокі і праведнікі хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Дык паслухайце прыпавесць пра сейбіта.
Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:
Да кожнага, хто чуе слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў яго сэрцы; гэта пасеянае пры дарозе.
да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
А пасеянае на камяністым грунце — гэта той, што чуе слова і зараз жа з уцехаю прымае яго,
А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;
ды ён не мае карэння ў сабе — і часовы; калі ж настане ўціск ці ганенне з-за слова, зараз жа зняверваецца.
але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.
А пасеянае ў церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы [гэтага] веку і зманлівасць багацця глушаць слова, і яно робіцца бясплодным.
А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.
А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее; хто і прыносіць плод, і дае: адзін — у сто разоў, другі — у шэсцьдзесят, а іншы — у трыццаць.
А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.
Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да чалавека, што пасеяў на сваім полі добрае насенне.
Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;
А калі людзі спалі, прыйшоў яго вораг і пасеяў куколь між пшаніцы і пайшоў.
калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
А калі прарасла рунь і дала плод, тады паказаўся і куколь.
калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.
І слугі гаспадара дома прыйшлі і сказалі яму: Гаспадар, ці не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа ўзяўся куколь?
Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
Ён жа сказаў ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. — А слугі кажуць яму: Дык хочаш, каб мы пайшлі і выпалалі яго?
А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
А ён кажа: Не, каб, выполваючы куколь, вы разам з ім не вырвалі з коранем пшаніцы.
А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;
Пакіньце расці разам і тое, і другое да жніва; а падчас жніва я скажу жняцам: «Збярыце спярша куколь і звяжыце яго ў вязанкі, каб спаліць іх; пшаніцу ж знясіце ў маё гумно.
пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі
Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
і якое меншае за ўсялякае насенне, але, калі вырасце, яно большае за агародніну і робіцца дрэвам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і гняздзяцца ў голлі яго.
якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.
Іншую прыпавесць сказаў Ён ім: Царства Нябёсаў падобнае да закваскі, якую жанчына, узяўшы, замясіла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
Гэта ўсё Ісус казаў натоўпам у прыпавесцях і без прыпавесцяў нічога не казаў ім,
Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,
каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адкрыю ў прыпавесцях Мае вусны; выкажу схаванае ад стварэння [свету]».
каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».
Тады, адпусціўшы натоўпы, [Ісус] увайшоў у дом; і падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: Растлумач нам прыпавесць пра куколь на полі.
Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
Ён жа сказаў у адказ: Той, хто сее добрае насенне, — Сын Чалавечы;
А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;
а поле — свет; а добрае насенне — гэта сыны Царства; а куколь — сыны ліхога;
поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;
а вораг, што пасеяў яго, — д’ябал, а жніво — сканчэнне веку, а жняцы — Анёлы.
вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
Дык як куколь збіраюць і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні [гэтага] веку;
А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:
пашле Сын Чалавечы Сваіх Анёлаў, і збяруць з Яго Царства ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне,
пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,
і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.
і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
Тады праведнікі заззяюць, як сонца ў Царстве іх Бацькі. Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе!
тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Падобнае Царства Нябёсаў да схаванага ў полі скарбу, які знайшоў чалавек і схаваў, і ад радасці ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да купца, які шукае прыгожых перлаў;
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
і, знайшоўшы адну вельмі каштоўную перліну, ён пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да невада, закінутага ў мора, які сабраў рыбу ўсялякага роду;
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў пасудзіны, а непрыдатнае выкінулі вон.
які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.
Так будзе пры сканчэнні веку: выйдуць Анёлы і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведнікаў,
Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,
і кінуць іх у агнявую печ, там будзе плач і скрыгат зубоў.
і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.
[Кажа ім Ісус]: Ці вы зразумелі ўсё гэта? — Яны кажуць Яму: Так, [Госпадзе].
Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!
Ён жа сказаў ім: Таму кожны кніжнік, што навучаны Царству Нябёсаў, падобны да гаспадара дома, які выносіць са свае скарбніцы новае і старое.
А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
І сталася: калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, Ён пайшоў адтуль.
І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
І, прыйшоўшы ў Сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сынагозе іх, так што яны здзіўляліся і казалі: Адкуль у Гэтага чалавека такая мудрасць і цудадзейныя сілы?
І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
Ці не цеслеў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыям37, і Яго братоў — Іякаў, Іосіф38, Сіман і Іуда?
ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
І Яго сёстры — хіба не ўсе ў нас? Дык адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта?
і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
І яны зняверыліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў [сваёй] бацькаўшчыне і ў сваім доме.
І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
І Ён не зрабіў там многіх цудаў з-за іх нявер’я.
І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.