Яна 1 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
Яно было ў пачатку ў Бога.
Яно было напачатку ў Бога.
Усё праз Яго ўзнікла, і без Яго нічога не ўзнікла, што ўзнікла.
Усё праз яго сталася, і без яго ня сталася нічога, што сталася.
У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей;
У ім было жыцьцё, а жыцьцё было сьвятлом людзей;
і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
а сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра яго не агарнула.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога, імя яму Іаан.
Быў пасланы Богам чалавек, катораму імя было Ян.
Ён прыйшоў для сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго.
Ён прыйшоў на пасьведчаньне, каб даць пасьведчаньне аб сьвятле, каб усе верылі праз яго.
Ён не быў святлом, але быў пасланы, каб засведчыць пра Святло.
Ня быў ён сьвятлом, але каб пасьведчаньне даў аб сьвятле.
Гэта было Святло праўдзівае, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет.
Было праўдзівае сьвятло, каторае асьвячае кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет.
У свеце Ён быў, і свет узнік праз Яго, але свет не пазнаў Яго.
На сьвеце быў і сьвет праз яго стаўся, але сьвет яго не пазнаў.
Ён прыйшоў да сваіх, і свае не прынялі Яго.
Прыйшоў да ўласнасьці, а свае яго не прынялі.
А ўсім, хто прыняў Яго, Ён даў уладу стаць дзецьмі Божымі, тым, што веруюць у Яго імя,
А каторыя-толькі прынялі яго, даў ім моц стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя яго,
якія не ад крыві, не ад жадання цела, не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
каторыя ня з крыві, ані з волі цела, ані з волі мужа, але з Бога нарадзіліся.
І Слова зрабілася целам і пасялілася ў нас. І мы ўбачылі Яго славу, славу як Адзінароднага ад Бацькі, — поўнае ласкі і праўды.
І Слова сталася целам і пабывала паміж намі — і мы бачылі славу ягону, славу як адзінароднага ад Айца — поўнае ласкі і праўды.
Іаан сведчыць пра Яго і, усклікваючы, кажа: Гэта быў Той, пра Каго я сказаў: «Той, Хто за мною ідзе, стаў перада мною, бо Ён быў раней за мяне».
Ян дае пасьведчаньне аб ім і заклікае, кажучы: Гэта той быў, аб каторым я казаў: «Каторы па мне мае прыйсьці, ён перада мню стаўся, бо перш за мяне быў».
Бо1 ад Яго паўнаты мы ўсе атрымалі, і ласку за ласкаю;
І з поўнаты яго мы ўсе ўзялі, і ласку за ласкай.
таму што закон быў дадзены праз Маісея, ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста.
Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын2, што ёсць ва ўлонні Бацькі, Той аб’явіў Яго.
Бога ніхто ніколі ня бачыў; адзінародны Сын, каторы ёсьць у ўлоньні Айца, ён сам расказаў.
І вось сведчанне Іаана, калі іудзеі паслалі да яго з Іерусаліма святароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: Хто ты?
А гэта ёсьць пасьведчаньне Яна, калі жыды з Ерузаліму паслалі да яго сьвятароў і левітаў, каб спытаць у яго: Хто ты ёсьць?
І ён вызнаў і не адмовіўся, а вызнаў: Я не Хрыстос.
І заявіў, і не адрокся; і заявіў: Што я ня ёсьць Хрыстус.
І яны спыталіся ў яго: Дык што? Ты Ілія? — І ён адказаў: Не. — Ці ты прарок? — І ён адказаў: Не.
І спыталіся ў яго: Дык што-ж? Ты ёсьць Гальяш? І сказаў: Я ня ёсьць. Ты ёсьць прарок? І адказаў: Не.
Дык яны сказалі яму: Хто ты, каб нам даць адказ тым, хто паслаў нас? Што ты кажаш пра самога сябе?
Дык сказалі яму, каб нам даць адказ тым, каторыя нас паслалі? Што кажаш аб сабе самым?
Ён сказаў: Я вокліч прапаведніка ў пустэльні: «Выпрастайце дарогу Гасподнюю», як сказаў Ісаія-прарок.
Ён сказаў: Я голас клічучага ў пустыні: «Прастуйце дарогі Пана», як сказаў Ізаій прарок (Із. 40:3).
А пасланыя былі з фарысеяў.
А тыя, што былі пасланы, былі з фарызэяў.
І яны спыталіся ў яго і сказалі яму: Што ж ты хрысціш, калі ты не Хрыстос, і не Ілія, і не прарок?
І пыталіся ў яго і казалі яму: Дык нашто ты хрысьціш, калі ты ня ёсьць Хрыстус, ані Гальяш, ані прарок?
Адказаў ім Іаан, кажучы: Я хрышчу ў вадзе, [але] сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце,
Адказаў ім Ян, кажучы: Я хрышчу вадою, але пасярод вас стаў, каго вы ня знаеце.
Які за мною ідзе і Якому я не варты, каб развязаць раменьчык Яго сандаля.
Гэта той, каторы па мне мае прыйсьці, каторы перада мною стаўся, каторага я ня варт, каб разьвязаць рамень абутку ягонага.
Гэта адбылося ў Віфаніі3 за Іарданам, дзе Іаан хрысціў.
Гэта дзеялася ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.
На другі дзень ён4 бачыць Ісуса, што да яго ідзе, і кажа: вось Ягнятка Божае, Якое бярэ на Сябе грэх свету.
На другі дзень Ян убачыў Езуса, ідучага да яго і сказаў: Вось Баранак Божы, вось, каторы зносіць грэх сьвету.
Гэта Той, пра Каго я сказаў: «За мною ідзе Муж, Які стаў перада мною, бо Ён быў раней за мяне».
Гэта той, аб каторым я казаў: За мною ідзе муж, каторы перада мною стаўся, бо перш за мяне быў.
І я не ведаў Яго, але, каб Ён быў абвешчаны Ізраілю, — для гэтага я прыйшоў хрысціць у вадзе.
І я ня знаю яго, але каб ён аб’явіўся ў Ізраілю, дзеля гэтага я прыйшоў, хрысьцячы вадою.
І Іаан засведчыў, кажучы: Я ўбачыў Духа, што сходзіў, як голуб, з неба, і Ён застаўся на Ім.
І даў пасьведчаньне Ян, кажучы: Што відаў Духа, каторы зыходзіў як галуб з неба і астаўся на ім.
І я не ведаў Яго, але Той, Хто паслаў мяне хрысціць у вадзе, мне сказаў: «На Каго ўбачыш, што сходзіць Дух і застаецца на Ім, — гэта Той, Хто хрысціць Святым Духам».
І я ня знаў яго; але каторы паслаў мяне хрысьціць вадою, той сказаў мне: «На каго ўбачыш, што зыходзіць Дух і на ім астаецца, гэта той, каторы хрысьціць Духам сьвятым».
І я ўбачыў і засведчыў, што Гэты — Сын Божы.
І я відзеў і даў пасьведчаньне, што ён ёсьць Сын Божы.
На другі дзень зноў стаяў Іаан і два з яго вучняў;
На другі дзень ізноў стаяў Ян і два з вучняў ягоных.
і, убачыўшы Ісуса, што праходзіў, ён кажа: Вось Ягнятка Божае.
І ўгледзеўшы Езуса ідучага, сказаў: вось Баранак Божы.
І два вучні пачулі, як ён гэта сказаў і пайшлі ўслед за Ісусам.
І пачулі яго кажучага два вучні і пайшлі за Езусам.
А Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць услед, кажа ім: Што вы шукаеце? — Яны ж сказалі Яму: Равві (што ў перакладзе значыць «Настаўніку»), дзе Ты жывеш?
Езус-жа, абярнуўшыся і ўвідзеўшы іх ідучых за сабою, сказаў ім: Чаго шукаеце? Яны сказалі яму: Раббі (што пераложанае значыць: Вучыцель), дзе жывеш?
Ён кажа ім: Ідзіце і ўбачыце. — Дык яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго той дзень; было каля дзесятай гадзіны.
Сказаў ім: ідзеце і паглядзеце. Пайшлі і паглядзелі, дзе жыў і асталіся ў яго той дзень; было-ж каля дзесятай гадзіны.
Андрэй, брат Сімана Пятра, быў адзін з двух, што пачулі гэта ад Іаана і пайшлі ўслед за Ім.
А быў Андрэй, брат Сымона Пятра, адзін з двух, якія чулі ад Яна і пайшлі за ім.
Ён знаходзіць спярша5 свайго брата Сімана і кажа яму: Мы знайшлі Месію (што ў перакладзе значыць: «Хрыстос»);
гэты знайшоў найперш брата свайго Сымона і сказаў яму: Мы знайшлі Мэсыяша (што пераложанае значыць: Хрыстус).
[і ён] прывёў яго да Ісуса. Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сіман, сын Іаанаў6, ты будзеш называцца Кіфа (што перакладаецца «Пётр»7).
І прывёў яго да Езуса. А спаглянуўшы на яго, езкс сказаў: Ты ёсьць Сымон, сын Ёны; ты будзеш названы Кефа (што значыць Пётр).
На другі дзень Ён захацеў пайсці ў Галілею і знаходзіць Філіпа. І кажа яму Ісус: Ідзі ўслед за Мною.
Назаўтры хацеў выйсьці ў Галілею. І знайшоў Філіпа, і сказаў яму Езус: Ідзі за мною.
А Філіп быў з Віфсаіды, з горада Андрэя і Пятра.
А быў Філіп з Бэтсайды, гораду Андрэя і Пятра.
Філіп знаходзіць Нафанаіла і кажа яму: Мы знайшлі Таго, пра Каго напісаў Маісей у законе і прарокі, Ісуса, Іосіфавага сына, з Назарэта.
Знайшоў Філіп Натанаэля і сказаў яму: Мы знайшлі Езуса, аб каторым напісаў Майсей у законе і прарокі, сына Язэпа з Назарэту.
І Нафанаіл сказаў яму: Ці ж можа быць з Назарэта што добрае? — Філіп кажа яму: Прыйдзі і паглядзі.
І сказаў яму Натанаэль: Ці можа быць што добрае з Назарэту? Сказаў яму Філіп: Ідзі і паглядзі.
Ісус убачыў Нафанаіла, што ішоў да Яго, і кажа пра яго: Вось сапраўды ізраільцянін, у якім няма хітрыкаў.
Убачыў Езус ідучага да сябе Натанаэля і сказаў аб ім: Вось сапраўды Ізраэліт, у каторым няма хітрасьці.
Нафанаіл кажа Яму: Адкуль Ты мяне ведаеш? — У адказ Ісус сказаў яму: Перш чым паклікаў цябе Філіп, калі ты быў пад фігавым дрэвам, Я бачыў цябе.
Сказаў яму Натанаэль: Адкуль мяне знаеш? Адказаў Езус і сказаў яму: Перш чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад фігаю, я бачыў цябе.
Нафанаіл адказаў Яму: Равві, Ты Сын Божы, Ты Цар Ізраілеў.
Адказаў яму Натанаэль і сказаў: Раббі, ты ёсьць Сын Божы, ты ёсьць кароль ізраільскі!
У адказ Ісус сказаў яму: Ты верыш, таму што я сказаў табе, што бачыў цябе пад фігавым дрэвам; болей за гэта пабачыш.
Адказаў Езус і сказаў яму: Ты верыш затым, што я табе сказаў: «Я бачыў цябе пад фігай» — большае за гэта ўбачыш.
І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: [з гэтага часу] ўбачыце раскрытае неба і Анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сходзяць да Сына Чалавечага.
І сказаў яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам, убачыце неба адчыненае і анёлаў Божых усходзячых і зыходзячых на Сына чалавечага.