Яна 8 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
Ісус жа пайшоў на Аліўную гару.
Езус-жа пайшоў на гару Аліўную.
А на досвітку Ён зноў прыйшоў у святыню, і ўвесь народ сходзіўся да Яго, і Ён, сеўшы, навучаў іх.
І на сьвітаньні ізноў прыйшоў у сьвятыню і ўвесь народ прыйшоў да яго; а ён сеўшы вучыў іх.
І прыводзяць кніжнікі і фарысеі жанчыну, заспетую на чужаложстве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
А кніжнікі і фарызэі прывялі жанчыну, злоўленую на чужалостве, і паставілі яе пасярэдзіне,
кажуць Яму: Настаўніку, гэтую жанчыну забралі на самым учынку чужаложства.
і сказалі яму: Вучыцель, гэтая жанчына толькі-што злоўленая на чужалостве.
А ў законе Маісей загадаў нам такіх каменаваць. Дык што Ты скажаш?
А ў законе Майсей загадаў нам гэтакіх каменаваць. Ты-ж што скажаш?
Гэта ж яны казалі, выпрабоўваючы Яго, каб мець зачэпку абвінаваціць Яго. Ісус жа, уніз нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх.
А гэтае яны гаварылі, прабуючы яго, каб магчы яго абвінаваціць. Езус-жа, нагнуўшыся нізка, пісаў пальцам па зямлі.
Калі ж яны ўсё пыталіся ў Яго, Ён выпрастаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень.
Калі-ж не пераставалі пытацца ў яго, выпраставаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень.
І, зноў нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
І ізноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
Яны ж, пачуўшы гэта [і адчуўшы дакоры сумлення], сталі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых [да апошніх], і застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
Яны-ж, пачуўшы, адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старшых; а астаўся адзін Езус і жанчына, стоячы пасярэдзіне.
І Ісус, выпрастаўшыся [і не ўбачыўшы нікога, акрамя жанчыны], сказаў ёй: Жанчына, дзе яны, [твае абвінаваўцы]? Ніхто цябе не засудзіў?
І выпраставаўшыся Езус сказаў ей: жанчына, дзе тыя, што цябе вінавацілі? Ніхто цябе не асудзіў?
Яна ж сказала: Ніхто, Госпадзе. — І сказаў Ісус: «І Я цябе не засуджаю; ідзі [і] з гэтага часу ўжо не грашы»22.
Яна сказала: Ніхто, Пане. Езус-жа сказаў: І я цябе не асуджу; ідзі і ўжо болей не грашы.
Тады зноў Ісус прамаўляў да іх, кажучы: Я — святло свету; той, хто ідзе ўслед за Мною, не будзе хадзіць у цемры, а будзе мець святло жыцця.
Ізноў-жа гаварыў ім Езус, кажучы: Я ёсьць сьвятло сьвету, хто ідзе за мною, той ня ходзіць у цемры, але будзе мець сьветласьць жыцьця.
Тады фарысеі сказалі Яму: Ты сведчыш пра Сябе Самога; Тваё сведчанне непраўдзівае.
Дык сказалі яму фарызэі: Ты даеш пасьведчаньне сам аб сабе; пасьведчаньне тваё ня ёсьць праўдзівае.
Адказаў Ісус і сказаў ім: Нават калі Я сведчу пра Самога Сябе, Маё сведчанне праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; вы ж не ведаеце, адкуль Я прыходжу ці23 куды Я іду.
Адказаў Езус і сказаў ім: Калі я і даю пасьведчаньне сам аб сабе, то праўдзівае маё пасьведчаньне, бо я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль я прыходжу, або куды іду.
Вы паводле выгляду судзіце, Я не суджу нікога.
Вы судзіце паводле цела, я нікога ня суджу.
Калі ж і Я суджу, то Мой суд праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Бацька, што паслаў Мяне.
А калі я суджу, то суд мой праўдзівы, бо я ёсьць не адзін, але я і Айцец, каторы паслаў мяне.
А ў вашым жа законе напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае.
І ў законе вашым ёсьць напісана, што пасьведчаньне двух чалавек ёсьць праўдзівае.
Я сведчу пра Самога Сябе, і сведчыць пра Мяне Бацька, што паслаў Мяне.
Я ёсьць, што пасьведчаньне даю сам аб сабе, і дае пасьведчаньне аба мне Айцец, каторы паслаў мяне.
Тады яны казалі яму: Дзе Твой Бацька? — Адказаў Ісус: Ні Мяне вы не ведаеце, ні Майго Бацькі; калі б вы Мяне ведалі, то ведалі б Майго Бацьку.
Дык казалі яму: Дзе твой Айцец? Адказаў ім Езус: Вы ня знаеце ані мяне, ані Айца майго; калі-б вы мяне зналі, то хіба-ж зналі-б і Айца майго.
Гэтыя словы казаў Ён пры скарбніцы, навучаючы ў святыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна.
Гэтыя словы гаварыў Езус каля скарбоны, вучачы ў сьвятыні. І ніхто ня ўзяў яго, бо яшчэ ня прыйшла яго часіна.
Дык Ён зноў сказаў ім: Я іду, і вы будзеце шукаць Мяне і памраце ў сваім граху; куды Я іду, вы не можаце прыйсці.
Дык сказаў ім ізноў Езус: Я іду, і будзеце шукаць мяне, і ў граху вашым памрэцё; куды я іду, вы ня можаце прыйсьці.
Тады іудзеі казалі: Ці не заб’е Ён Сам Сябе, што кажа: «Куды Я іду, вы не можаце прыйсці»?
Дк казалі жыды: Ці-ж ён заб’е самога сябе, бо сказаў: «Куды я іду, вы ня можаце прыйсьці»?
І Ён сказаў ім: Вы ад нізу, Я з вышыні; вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету.
І казаў ім: Вы ёсьць зьнізу, я з вышыні; вы ёсьць з гэтага сьвету, я ня з гэтага сьвету.
Таму сказаў Я вам, што вы памраце ў сваіх грахах; бо калі не ўверуеце, што гэта Я, то памраце ў сваіх грахах.
Дык я сказаў вам, што памрэцё у грахох вашых; бо калі ня ўверыце, што я ёсьць, памрэцё ў граху вашым.
Тады яны спыталіся ў Яго: Хто Ты? — Ісус сказаў ім: Той, Хто ад пачатку, пра што і кажу вам.
Дык казалі яму: Хто ты ёсьць? Сказаў ім Езус: Пачатак, каторы і гавару вам.
Я маю шмат гаварыць пра вас і судзіць, але Той, Хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, гэта і кажу свету.
Многа маю аб вас гаварыць і судзіць. Але той, каторы паслаў мяне, праўдамоўны ёсьць, і я, што пачуў ад яго, тое гавару на сьвеце.
Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Бацьку.
І не зразумелі, што Айцом сваім называў Бога.
Тады Ісус сказаў [ім]: Калі вы ўзвысіце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я, і што Сам ад Сябе Я нічога не раблю, а як навучыў Мяне [Мой] Бацька, гэта кажу.
Дык сказаў ім Езус: Калі ўзьнімеце Сына чалавечага, тады пазнаеце, што я ёсьць, і я сам ад сябе нічога ня чыніў, але як навучыш мяне Айцец, тое гавару.
І Той, Хто паслаў Мяне, са Мною; Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму даспадобы.
І той, каторы мяне паслаў, са мною ёсьць, і не аставіў мяне аднаго, бо я, што яму падабаецца, заўсёды чыніў.
Калі Ён гэта казаў, шмат хто ўвераваў у Яго.
Калі ён гэтае гаварыў, многія ўверылі ў яго.
Тады Ісус казаў іудзеям, што ўверавалі ў Яго: Калі застаняцеся ў Маім слове, вы сапраўды Мае вучні.
Дык казаў Езус да тых жыдоў, каторыя ўверылі ў яго: Калі вы вытрываеце ў мове маей, сапраўды будзеце маімі вучнямі,
І пазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас.
і пазнаеце праўду, а праўда вас зробіць вольнымі.
Яны адказалі Яму: Мы патомства Аўраамава і нікому ніколі не былі рабамі. Як Ты кажаш: «Вы зробіцеся вольнымі?»
Адказалі яму: Мы патомтсва Абрагама і нікому ніколі ня служылі; як-жа ты кажаш: «Будзеце вольнымі»?
Ісус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, той раб граху.
Адказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто чыніць грэх, ёсьць слугою грэху.
Ды раб не застаецца ў доме навекі. Сын застаецца навекі.
Слуга-ж не астаецца ў доме навекі, а сын астаецца навекі.
Вось калі Сын вызваліць вас, вы сапраўды будзеце вольныя.
Дык калі вас Сын зробіць вольнымі, будзеце сапраўды вольнымі.
Ведаю, што вы патомства Аўраамава; аднак вы шукаеце, каб Мяне забіць, бо Маё слова не змяшчаецца ў вас.
я ведаў, што вы сыны Абрагама; але вы шукаеце мяне забіць, бо мова мая ня прымаецца ў вас.
Што бачыў Я ў [Майго] Бацькі, тое кажу; і вы ж, што чулі ў вашага бацькі, тое робіце.
Я гавару, што відзеў у Айца майго, а вы робіце, што відзелі ў айца вашага.
Адказалі яны і сказалі Яму: Наш бацька — Аўраам. — Ісус кажа ім: Калі б вы былі дзеці Аўраамавы, то рабілі б учынкі Аўраамавы.
Адказалі і сказалі яму: Айцец наш ёсьць Абрагам. Сказаў ім езус: калі вы сыны Абрагама, чынеце ўчынкі Абрагамавы.
Цяпер жа вы шукаеце, каб Мяне забіць: Чалавека, што сказаў вам праўду, якую пачуў Я ад Бога; гэтага Аўраам не рабіў.
Цяпер-жа вы шукаеце забіць мяне, чалавека, каторы сказаў вам праўду, якую пачуў ад Бога; гэтага Абрагам ня чыніў.
Вы робіце ўчынкі вашага бацькі. — [Тады] яны адказалі Яму: Мы не з распусты народжаныя, адзін у нас Бацька: Бог.
Вы чыніцё ўчынкі Айца вашага. Яны-ж сказалі яму: Мы з чужалоства не радзіліся; мы аднаго айца маем, Бога.
Ісус сказаў ім: Калі б Бог быў ваш Бацька, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыйшоў, бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён Мяне паслаў.
Дык сказаў ім Езус: Калі-б Бог быў вашым Айцом, вы любілі-б мяне. Бо я з Бога выйшаў і прыйшоў; бо я не ад сябе самога прыйшоў, але ён мяне паслаў.
Чаму вы Маёй мовы не разумееце? Бо вы не можаце чуць Майго слова.
Чаму вы не разумееце маей гутаркі? Бо вы ня можаце слухаць мовы маей.
Вы — ад вашага бацькі, д’ябла, і хочаце рабіць пажадлівасці вашага бацькі. Ён чалавеказабойцам быў ад пачатку і ў праўдзе не ўстояў, бо праўды няма ў ім. Калі ён кажа хлусню, то ад сябе кажа, бо ён хлус і бацька яе.
Вы ёсьць з айца д’ябла і хочаце чыніць пажаданьні айца вашага. Ён чалавекалюбцам быў ад пачатку і не ўстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць ілжу, з уласнага гаворыць, бо ён лгун і айцец яе.
А таму, што Я праўду кажу, вы не верыце Мне.
Калі-ж я кажу праўду, вы ня верыце мне.
Хто з вас выкрые Мяне ў граху? Калі Я кажу праўду, чаму вы не верыце Мне?
Хто з дакажа ў-ва мне грэх? Калі я вам праўду кажу, чаму вы мне ня верыце?
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога.
Хто ёсьць з Бога, слухае слоў Божых. Дзеля таго вы ня слухаеце, што вы ня ёсьць з Бога.
Адказалі [тады] іудзеі і сказалі Яму: Ці ж не праўду мы кажам, што Ты самаранін і ў Табе дэман?
Дык адказалі жыды і сказалі яму: Ці-ж мы ня добра кажам, што ты самаранін і д’ябла маеш?
Ісус адказаў: Ува Мне няма дэмана, ды Я шаную Майго Бацьку, а вы ганьбіце Мяне.
Адказаў Езус: Я д’ябла ня маю, але паважаю Айца майго, а вы мяне зьневажаеце.
Я ж не шукаю Маёй славы; ёсць Той, Хто шукае і судзіць.
Але я ня шукаю сваей славы; ёсьць, хто шукае і судзіць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто Маё слова захавае, не ўбачыць смерці навек.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі хто захавае мову маю, сьмерці ня ўбача навекі.
[Тады] іудзеі сказалі Яму: Цяпер мы ведаем, што ў Табе дэман. Аўраам памёр і прарокі, а Ты кажаш: «Калі хто Маё слова захавае, не спазнае смерці навек».
Дык сказалі жыды: Цяпер мы пазналі, што ты д’ябла маеш. Абрагам памёр і прарокі, а ты кажаш: «Калі хто захавае мову маю, не пакаштуе сьмерці навекі».
Няўжо Ты большы за нашага бацьку Аўраама, які памёр? І прарокі памерлі. Кім Ты Сябе робіш?
Няўжо ты большы за айца нашага Абарагма, каторы памёр? І прарокі паўміралі; кім ты сам сябе робіш?
Ісус адказаў: Калі Я Сам Сябе слаўлю, Мая слава — нішто; ёсць Бацька Мой, Які праслаўляе Мяне, пра Якога вы кажаце, што Ён наш24 Бог.
адказаў езус: калі я сам сябе слаўлю, слава мая нішто. Ёсьць Айцец мой, каторы славіць мяне, аб каторым вы кажаце, што ён Бог ваш,
І вы не пазналі Яго, Я ж ведаю Яго. І калі скажу, што не ведаю Яго, Я буду падобны да вас хлус; але Я ведаю Яго і захоўваю слова Яго.
і вы ня пазналі яго. Але я яго знаю, і калі-б я сказаў, што яго ня знаю, буду падобным да вас лгуном. Але я знаю яго, і мову ягону захоўваю.
Аўраам, ваш бацька, рад быў, што ўбачыць Мой дзень, і ўбачыў, і ўсцешыўся.
Абрагам, айцец ваш, рад быў, каб убачыць дзень мой; ён убачыў і ўсьцешыўся.
Тады іудзеі сказалі Яму: Табе і пяцідзесяці гадоў яшчэ няма, і Ты Аўраама бачыў?
Дык сказалі да яго жыды: Пяцьдзесят гадоў яшчэ ня маеш і ты Абрагама бачыў?
Ісус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Перш чым з’явіўся Аўраам, Я ёсць.
Сказаў ім Езус: Сапраўды, сапраўды кажу вам, перш чым Абрагам стаўся, я ёсьць.
Тады яны паднялі каменне, каб кінуць у Яго. Ісус жа знік і выйшаў са святыні, [прайшоўшы між імі, і так пайшоў].
Дык хвацілі каменьні, каб кідаць у яго, Езус-жа скрыўся і выйшаў з сьвятыні.