Мацьвея 18 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: Хто ж большы ў Царстве Нябёсаў?
 
У тую часіну вучні прыступілі да Езуса, кажучы: Хто, думае, ёсьць большым у каралеўстве нябесным?

І [Ісус], паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх
 
А Езус, паклікаўшы дзіця, паставіў пасярод іх

і сказаў: Сапраўды кажу вам: калі не зменіцеся і не зробіцеся, як дзеці, ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
 
і сказаў: Сапраўды кажу вам, калі вы не навернецеся і ня станеце як дзеці, ня ўвойдзеце ў каралеўства нябеснае.

Дык хто прынізіць сябе і будзе, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябёсаў.
 
Дык хто-б паніжыў сябе, як гэтае дзіця, той большы ў каралеўстве нябесным.

І хто прыме адно такое дзіця ў Маё імя, Мяне прымае.
 
І хто-б прыняў адно гэтакае дзіця ў імя маё, мяне прыймае.

А хто звядзе ад веры аднаго з гэтых малых, што веруюць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму млынавы жарон60 на шыю і ўтапілі ў марской глыбіні.
 
А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, каторыя ў мяне вераць, лепш яму, каб млынавы камень зачапіць яму за шыю і ўтапіць у глыбіні мора.

Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда [таму] чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.
 
Гора сьвету дзеля згаршэньняў. Бо хоць трэба, каб прыйшлі згаршэньні, аднак-жа гора таму чалавеку, праз каторага прыходзіць згаршэньне.

Калі ж твая рука ці твая нага ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепей табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым маючы дзве рукі ці дзве нагі, быць кінутым у вечны агонь.
 
Калі-ж рука твая або нага твая горшыць цябе, адатні яе і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім або кульгавым, чым маючы абедзьве рукі або кульгавым, чым маючы абедзьве рукі або абедзьве нагі быць укінутым у вагонь вечны.

І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену агнявую.
 
І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чым маючы двое вачэй быць укінутым у пекла агню.

Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
 
Глядзеце, каб не пагарджаць ніводным з гэтых малых, бо я вам кажу, што анёлы іх у небе заўсёды бачаць воблік Айца майго, каторы ёсьць у небе.

[Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і ўратаваць загінулае]61.
 
Бо Сын чалавечы прыйшоў збавіць, што было згінуўшы.

Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і адна з іх заблудзілася, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася?
 
Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто авец і адна з іх заблудзіла, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах і ня пойдзе шукаць тае, што заблудзіла?

І калі ўдасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым за дзевяноста дзевяццю, якія не заблудзіліся.
 
І калі ўдасца яму знайсьці яе, сапраўды кажу вам, што ён больш цешыцца з яе, чым з дзевяцьдзесят дзевяці, якія не заблудзілі.

Так няма волі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
 
Так ня ёсьць воля Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каб згінуў адзін з гэтых малых.

Калі ж твой брат саграшыць [супроць цябе], ідзі і выкрый яго сам-насам. Калі паслухае цябе, ты прыдбаў свайго брата.
 
А калі-б саграшыў проціў цябе брат твой, ідзі і напамінай яго паміж табою і ім адным; калі паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.

Калі ж не паслухае, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак было замацавана кожнае слова.
 
А калі не паслухае цябе, вазьмі з сабою яшчэ аднаго або двух, каб вуснамі двух або трох сьведкаў сьцьвердзілася кожнае слова.

Калі ж не паслухае іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухае, няхай будзе табе ён, як язычнік і зборшчык падаткаў.
 
Калі-б іх не паслухаў, скажы Каьсцёлу, а калі-б Касьцёла не паслухаў, няхай будзе для цябе як паганін і мытнік.

Праўду кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе.
 
Сапраўды кажу вам, што-толькі зьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе.

Зноў [сапраўды] кажу вам: калі двое з вас загодзяцца на зямлі прасіць чаго-небудзь, то, чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
 
Яшчэ кажу вам, што калі-б двух з вас згадзіліся на зямлі адносна кожнай рэчы, якую-толькі папросяць, станецца ім ад Айца майго, каторы ёсьць у небе.

Бо дзе двое ці трое сабраліся ў Маё імя, там Я між іх.
 
Бо дзе двух або трох ёсьць сабраўшыся ў імя тваё, там я ёсьць пасярод іх.

Тады падышоў [да Яго] Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці да сямі разоў?
 
Тады Пётр, прыступіўшы да яго, сказаў: Пане, сколькі разоў саграшыць проціў мяне брат мой і я маю яму дараваць? Ці аж да сямі разоў?

Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: «Да сямі разоў», а да сямідзесяці разоў па сем!
 
Сказаў яму Езус: Не кажу табе: аж да сямі разоў, але аж да сямідзесці сямі разоў.

Таму Царства Нябёсаў падобнае на аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі.
 
Дзеля гэтага каралеўства нябеснае падобнае ёсьць да чалавека караля, які хацеў зрабіць рахунак са сваімі слугамі.

А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
 
І калі пачаў рабіць рахунак, прывялі яму аднаго, каторы быў яму вінен дзесяць тысяч талентаў.

А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў [яго] уладар прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і спагнаць.
 
Калі-ж ён ня меў скуль аддаць, загадаў пан ягоны прадаць яго, і жонку ягону, і дзяцей, і ўсё, што меў і аддаць.

Тады слуга, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: «[Гаспадару], пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам».
 
А гэны слуга, упаўшы, маліў яго, кажучы: Будзь цярплівы да мяне і я ўсё табе аддам.

І, пашкадаваўшы таго слугу, уладар адпусціў яго і дараваў яму доўг.
 
І зжаліўся пан над гэным слугою, адпусьціў яго і дараваў яму доўг.

А той слуга, выйшаўшы, знайшоў аднаго са слуг, як сам, які быў вінаваты яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: Аддай [мне], што вінаваты.
 
Гэны-ж слуга, выйшаўшы, спаткаў аднаго з сваіх таварышаў, каторы быў яму вінен сто дынараў, і схапіўшы, душыў яго, кажучы: аддай, што вінават.

Дык слуга, упаўшы перад ім62, прасіў яго, кажучы: Пацярпі ты мне, і я аддам табе.
 
І ўпаўшы таварыш ягоны, маліў яго, кажучы: Будзь цярплівы да мяне і я ўсё табе аддам.

Але той не захацеў, а, пайшоўшы, кінуў яго ў турму, пакуль ён не аддасць доўгу.
 
Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вастрог, аж пакуль не аддасьць доўгу.

Дык, убачыўшы гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму ўладару ўсё, што адбылося.
 
А таварышы ягоны, увідзеўшы, што сталася, засмуціліся вельмі і прыйшлі і расказалі свайму пану ўсё, што было сталася.

Тады яго ўладар, паклікаўшы яго, кажа яму: Ліхі слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне;
 
Тады ягоны пан паклікаў яго і сказаў яму: Слуга нягодны! Я табе ўвесь доўг дараваў, затым што ты прасіў мяне,

хіба і ты не павінен быў злітавацца над сваімі таварышамі, як і я злітаваўся над табою?
 
дык ці-ж ня трэба было і табе пажалець свайго таварыша, так як я пажалеў цябе.

І яго ўладар, разгневаўшыся, перадаў яго катам, пакуль не аддасць [яму] ўсяго доўгу.
 
І загневаўся пан ягоны аддаў яго катам, пакуль ня верне ўсяго доўгу.

Так і Мой Нябесны Бацька зробіць вам, калі кожны з вас не даруе ад сэрца свайго брату свайму [яго правінаў].
 
Так і Айцец мой нябесны зробіць вам, калі не адпусьціце кожны брату свайму з сэрцаў вашых.