Мацьвея 18 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: Хто ж большы ў Царстве Нябёсаў?
У тым часе вучанікі прыступіліся да Ісуса, кажучы: «Хто найвялікшы ў гаспадарстве нябёсным?»
І [Ісус], паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх
Ісус, прыгукаўшы дзецянё, пастанавіў яго сярод іх
і сказаў: Сапраўды кажу вам: калі не зменіцеся і не зробіцеся, як дзеці, ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
І сказаў: «Запраўды кажу вам, калі не навернецеся й ня будзеце як дзеці, ніякім парадкам ня ўвыйдзеце да гаспадарства нябёснага;
Дык хто прынізіць сябе і будзе, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябёсаў.
Дык, хто паніжыцца, як гэта дзецянё, тый найвялікшы ў гаспадарстве нябёсным;
І хто прыме адно такое дзіця ў Маё імя, Мяне прымае.
І хто прыйме адно такое дзецяне ў імя Мае, тый Мяне прыймае;
А хто звядзе ад веры аднаго з гэтых малых, што веруюць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму млынавы жарон60 на шыю і ўтапілі ў марской глыбіні.
А хто спадманець аднаго з малых гэтых, што вераць у Мяне, валей, каб таму павесілі млынавы жоран на шыі і ўтапілі яго ў глыбіні морскай.
Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда [таму] чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.
Бяда сьвету ад спадманоў, бо мусяць спадманы прыходзіць; адылі бяда людзіне, ад каторае спадман прыходзе.
Калі ж твая рука ці твая нага ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепей табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым маючы дзве рукі ці дзве нагі, быць кінутым у вечны агонь.
Калі ж рука твая альбо нага твая спадмануе цябе, адатні іх а кінь ад сябе: валей табе ўвыйсьці ў жыцьцё бяз рукі альбо без нагі, чымся зь дзьвюма рукамі і зь дзьвюма нагамі быць укіненым у вагонь вечны;
І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену агнявую.
А калі вока твае спадмануе цябе, вырві яго а кінь ад сябе: валей табе з адным вокам увыйсьці ў жыцьцё, чымся з двума ачыма быць укіненым у ґегенну агняную.
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
Глядзіце, ня грэбуйце ніводным із малых гэтых, бо кажу вам, што ангілы іхныя на нябёсах заўсёды бачаць від Айца Майго, што ў нябёсах.
[Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і ўратаваць загінулае]61.
Бо Сын Людзкі прышоў спасьці загінулае.
Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і адна з іх заблудзілася, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася?
«Як вам здаецца? Калі б у каго было сто авец, і адна зь іх заблудзіла, то ці не пакіне ён дзевяцьдзясят дзевяць у гарах і ці ня пойдзе шукаць заблуднае?
І калі ўдасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым за дзевяноста дзевяццю, якія не заблудзіліся.
І калі прылучыцца знайсьці яе, то, запраўды кажу вам, ён цешыцца зь яе балей, чымся зь дзевяцьдзясят дзевяцёх не заблудных.
Так няма волі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
Дык няма волі Айца вашага нябёснага, каб загінуў адзін із малых гэтых.
Калі ж твой брат саграшыць [супроць цябе], ідзі і выкрый яго сам-насам. Калі паслухае цябе, ты прыдбаў свайго брата.
«Калі ж ізгрэша супроці цябе брат твой, пайдзі й выкажы яму віну ягоную памеж сябе й яго аднаго; калі ён паслухае цябе, ты прыдбаў брата свайго.
Калі ж не паслухае, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак было замацавана кожнае слова.
Калі ж не паслухае, вазьмі із сабою яшчэ аднаго або двух, каб вуснамі дзьвюх альбо трох сьветак пацьвердзілася кажнае слова.
Калі ж не паслухае іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухае, няхай будзе табе ён, як язычнік і зборшчык падаткаў.
Калі ж не паслухае іх, скажы царкве; а калі й царквы не паслухае, то хай будзе ён табе, як паганін а мытнік.
Праўду кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе.
Запраўды кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.
Зноў [сапраўды] кажу вам: калі двое з вас загодзяцца на зямлі прасіць чаго-небудзь, то, чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
Ізноў запраўды кажу вам, што калі двух із вас згодзяцца на зямлі прасіць якое рэчы, то чаго б папрасілі, будзе ім ад Айца Майго нябёснага.
Бо дзе двое ці трое сабраліся ў Маё імя, там Я між іх.
Бо, ідзе двух альбо трох зьбершыся ў імя Мае, там і Я сярод іх».
Тады падышоў [да Яго] Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці да сямі разоў?
Тады Пётра прыступіўся да Яго й сказаў: «Спадару! колькі разоў дараваць брату майму, калі ён ізгрэша супроці мяне? ці да сямёх разоў?»
Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: «Да сямі разоў», а да сямідзесяці разоў па сем!
Ісус сказаў яму: «Не кажу табе: да сямёх, але аж да семдзясят разоў сем».
Таму Царства Нябёсаў падобнае на аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі.
«Затым гаспадарства нябёснае падобнае да караля, што захацеў разьлічыцца із слугамі сваімі.
А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
Як пачаў ён разьлічацца, прывялі да яго кагось, што вінен быў яму дзесяць тысячаў таланёў;
А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў [яго] уладар прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і спагнаць.
А як ён ня меў чым заплаціць, то гаспадар ягоны загадаў прадаць яго а жонку ягоную а дзеці а ўсе, што ён меў, і заплаціць.
Тады слуга, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: «[Гаспадару], пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам».
Тады слуга тый паў і, кланяючыся яму, казаў: "Спадару! май цярплівосьць да мяне, і я ўсе табе заплачу’.
І, пашкадаваўшы таго слугу, уладар адпусціў яго і дараваў яму доўг.
Гаспадар, зжаліўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і доўг яму дараваў.
А той слуга, выйшаўшы, знайшоў аднаго са слуг, як сам, які быў вінаваты яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: Аддай [мне], што вінаваты.
Тый жа слуга, вышаўшы, знайшоў аднаго із службовых сяброў сваіх, што вінен быў яму сто дынароў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: ‘Аддай імне, што вінен’.
Дык слуга, упаўшы перад ім62, прасіў яго, кажучы: Пацярпі ты мне, і я аддам табе.
Тады службовы сябра ягоны, паўшы ў ногі яму, маліў яго й казаў: ‘Май цярплівосьць да мяне, і ўсе табе аддам’.
Але той не захацеў, а, пайшоўшы, кінуў яго ў турму, пакуль ён не аддасць доўгу.
Тый, адылі, не захацеў, але адыйшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
Дык, убачыўшы гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму ўладару ўсё, што адбылося.
Службовыя сяброве ягоныя, бачыўшы сталае, вельмі зьнемарасьціліся і, прышоўшы, зьясьнілі гаспадару свайму ўсе бытае.
Тады яго ўладар, паклікаўшы яго, кажа яму: Ліхі слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне;
Тады гаспадар ягоны гукае яго й кажа: "Нягодны слуга! увесь доўг гэны я дараваў тэ, бо ты прасіў мяне;
хіба і ты не павінен быў злітавацца над сваімі таварышамі, як і я злітаваўся над табою?
Ці не належылася й табе зьмілавацца над сябрам сваім, як і я зьмілаваўся над табою?’
І яго ўладар, разгневаўшыся, перадаў яго катам, пакуль не аддасць [яму] ўсяго доўгу.
І, угневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу.
Так і Мой Нябесны Бацька зробіць вам, калі кожны з вас не даруе ад сэрца свайго брату свайму [яго правінаў].
Гэтак і Айцец Мой нябёсны ўчыне з вамі, калі кажны з вас не даруе із сэрца свайго брату свайму выступкаў ягоных».