Мацьвея 22 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І ў адказ Ісус зноў прамаўляў ім у прыпавесцях, кажучы:
 
І, адказуючы, Ісус гукаў ім ізноў прыпавесьцьмі, кажучы:

Царства Нябёсаў падобнае да аднаго цара, што справіў вяселле свайму сыну.
 
«Падобнае гаспадарства нябёснае да караля, што справіў вясельную чэсьць сыну свайму.

І паслаў сваіх слуг, каб паклікалі запрошаных на вяселле, але тыя не захацелі прыйсці.
 
І паслаў слугаў сваіх, каб пагукалі пазваных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.

Ён зноў паслаў іншых слуг, кажучы: Скажыце запрошаным: «Вось я падрыхтаваў мой абед, мае быкі і адкормленая жывёла заколаты, і ўсё гатова; ідзіце на вяселле!»
 
Ізноў паслаў іншых слугаў, сказаўшы: "Скажыце пазваным: вось я прыгатаваў вячэру сваю, валы свае і што ўкормлена, зарэзана, і ўсе гатова; прыходзьце на вясельную чэсьць’.

Яны ж, занядбаўшы гэта, паразыходзіліся, хто — на ўласнае поле, хто — да гандлю свайго;
 
Але яны ўлегцы замелі тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.

а астатнія, схапіўшы яго слуг, зняважылі і забілі іх.
 
Засталыя, схапіўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі.

І цар, [пачуўшы], разневаўся і, паслаўшы свае войскі, вынішчыў тых забойцаў, а іх горад спаліў.
 
І, пачуўшы гэта, кароль угневаўся; і, паслаўшы войска сваё, выгубіў убіўцаў тых, а места іхнае спаліў.

Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатовае, ды запрошаныя былі не вартымі;
 
Тады кажа ён слугам сваім: "Вясельная чэсьць гатова, а пазваныя ня былі годныя;

дык ідзіце ж на скрыжаванні дарог і, каго знойдзеце, клічце на вяселле.
 
Дык ідзіце на ростані і ўсіх, каго знойдзеце, гукайце на вясельле’.

І тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі, і ліхіх, і добрых; і вясельная зала напоўнілася застольнікамі.
 
І слугі тыя, вышаўшы на дарогі, зьберлі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых, і вясельная хароміна напаўнілася ўзьляжачымі.

І цар, увайшоўшы паглядзець на застольнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельнае ўбранне,
 
Кароль, увыйшоўшы паглядзець узьляжачых, абачыў там чалавека, што ня быў адзеўшыся ў вясельным адзецьцю;

і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не меўшы вясельнага ўбрання? — Той жа маўчаў.
 
І кажа яму: ’Прыяцелю! як ты ўвыйшоў сюды не ў вясельным адзецьцю?’ Ён жа маўчаў.

Тады цар сказаў слугам: Звязаўшы яму ногі і рукі, [вазьміце яго і] выкіньце яго ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў.
 
Тады сказаў кароль служцом: "Зьвязаўшы яму рукі й ногі, вазьміце яго й кіньце ў цемру навонную; там будзе плач а скрыгот зубамі;

Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
 
Бо шмат пазваных, але мала абраных».

Тады фарысеі, пайшоўшы, зрабілі раду, як бы прылавіць Яго на слове.
 
Тады фарысэі пайшлі й радзіліся, як бы злавіць Яго ў гаворцы.

І пасылаюць да Яго сваіх вучняў з ірадыянамі68, каб сказаць: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і Божай дарозе ў праўдзе навучаеш і ні на кім Табе не залежыць: бо не глядзіш на аблічча людзей.
 
І пасылаюць да Яго вучанікаў сваіх із Гіродыянамі, кажучы: «Вучыцелю! мы ведаем, што Ты праўдзівы, і дарогі Божае праўдзіва вучыш, дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаешся на асобу людзкую;

Дык скажы нам, як здаецца Табе, ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
 
Дык скажы нам: як табе здаецца? ці дазволена даваць падачкі цэсару, ці не?»

Але Ісус, ведаючы іх падступнасць, сказаў: Што вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?
 
Але Ісус, бачачы нягоднасьць іхную, сказаў: «Нашто спакушаеце Мяне, двудушнікі?

Пакажыце Мне падатковую манету. — І яны прынеслі Яму дынарый.
 
Пакажыце Імне манэту, каторай плаціце падачкі». Яны прынесьлі Яму дынар.

І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс?
 
І кажа ім: «Чый абраз тут а напіс?»

Яны кажуць Яму: Кесарава. — Тады Ён кажа ім: Дык аддавайце кесарава кесару, а Божае — Богу.
 
Кажуць Яму: «Цэсаравы». Тады кажа ім: «Дык аддайце цэсарава цэсару, а Божае — Богу».

І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адышлі.
 
Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.

У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго,
 
Таго ж дня дабліжыліся да Яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрысеньня, і папыталіся ў Яго:

кажучы: Настаўніку, Маісей сказаў: «Калі хто памрэ, не маючы дзяцей, то няхай яго брат ажэніцца з яго жонкаю і ўзновіць патомства свайму брату».
 
«Вучыцелю, Масей сказаў: "Калі хто памрэць, ня маючы дзяцей, то брат ягоны хай ажэніцца із жонкаю ягонай і прыдбае насеньне брату свайму’.

Было ж у нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў сваю жонку брату свайму;
 
Было ў нас сямёх братоў: і першы, ажаніўшыся, памер і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму.

таксама і другі, і трэці, аж да сёмага;
 
Падобна й другі й трэйці аж да сёмага.

а пасля ўсіх памерла жанчына.
 
Просьле ж усіх памерла й жонка.

Дык ва ўваскрэсенні — жонкаю каторага з сямі яна будзе? Бо ўсе мелі яе?
 
Дык у часе ўскрысеньня, каторага ізь сямёх будзе яна жонкаю? бо ўсі мелі яе».

Ісус жа сказаў ім у адказ: Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісанняў, ні сілы Божай:
 
Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Мыляецеся, ня ведаючы Пісьма ані моцы Божае;

бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца і не выходзяць замуж, а яны — як Анёлы [Божыя] ў небе.
 
Бо ў часе ўскрысеньня ані жэняцца, ані выходзяць замуж, але будуць, як ангілы Божыя на нябёсах.

А пра ўваскрэсенне мёртвых няўжо вы не чыталі сказанага вам Богам, Які кажа:
 
А праз ускрысеньне мертвых ці ня чыталі вы, што сказаў вам Бог:

«Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іякава»? Ён не Бог мёртвых, а жывых.
 
’Я Бог Абрагамоў, і Бог Ісакоў, і Бог Якаваў’? Бог ня ё Бог мертвых, але жывых».

І, пачуўшы гэта, натоўпы дзівіліся Яго вучэнню.
 
І як груды чулі, яны зумяваліся з навукі Ягонае.

А фарысеі, пачуўшы, што Ён прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам.
 
А фарысэі, пачуўшы, што Ён прысіліў садукеяў змоўкці, зьберліся разам.

І адзін з іх, [законнік] спытаўся, выпрабоўваючы Яго і [кажучы]:
 
І, пытаючы адзін ізь іх, законьнік, спакушаў Яго:

Настаўніку, якая запаведзь самая вялікая ў законе?
 
«Вучыцелю, якое найвялікшае расказаньне ў Законе?»

[Ісус] жа сказаў яму: «Палюбі Госпада, твайго Бога, усім сваім сэрцам, і ўсёю сваёю душою, і ўсім сваім разуменнем»;
 
Ісус сказаў яму: «Любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца, і з усяе душы свае, і з усяе думкі свае.

гэта самая вялікая і першая запаведзь.
 
Гэта вялікае а першае расказаньне.

Другая ж падобная да яе: «Палюбі свайго блізкага, як самога сябе».
 
Другое ж падобнае да яго: любі прыяцеля свайго, як самога сябе.

На гэтых дзвюх запаведзях трымаецца ўвесь закон і прарокі.
 
На гэтых двух расказаньнях увесь Закон а прарокі дзяржацца».

Калі ж сабраліся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх,
 
А як зьберліся фарысэі, Ісус папытаўся ў іх:

кажучы: Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын? — Яны кажуць Яму: Давідаў.
 
«Што вы думаеце праз Хрыста? чый Ён сын?» Кажуць Яму: «Давідаў».

Ён кажа ім: Дык як Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
 
Кажа ім: «Як жа Давід у духу завець Яго Спадаром, кажучы:

«Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад ногі Твае?»
 
’Сказаў Спадар Спадару майму: Сядзі па правіцы Маей, пакуль палажу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае’?

Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён яго сын?
 
Дык калі Давід завець Яго Спадаром, як жа Ён сын яму?»

І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і ніхто з таго дня не адважыўся больш пытацца ў Яго.
 
І ніхто ня мог адказаць Яму ані слова; і адгэнуль ніхто ўжо ня важыўся пытацца ў Яго.