2 Пятра 1 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Сімяон1 Пётр, раб і Апостал Ісуса Хрыста, — тым, што атрымалі ў долю з намі роўнакаштоўную веру ў праведнасці нашага Бога і Збаўцы Ісуса Хрыста:
 
Сымон Пётра, нявольнік а апостал Ісуса Хрыста, тым, што прынялі з намі аднакаштоўную веру пераз справядлівасьць Бога нашага а Спаса Ісуса Хрыста:

— Ласка вам і мір няхай памножыцца ў пазнанні Бога і Ісуса, нашага Госпада.
 
Ласка а супакой вам хай памножацца супоўным знацьцём Бога а Ісуса, Спадара нашага.

Бо Яго Боская сіла падаравала нам усё для жыцця і набожнасці праз пазнанне Таго, Хто заклікаў нас уласнаю славай і дасканаласцю,
 
Як Боская сіла Ягоная дала нам усе, да жыцьця а набожнасьці належачае, супоўным знацьцём Таго, хто пагукаў нас сваёй славаю й цнотаю,

праз якія Ён дараваў нам каштоўныя і найвялікшыя абяцанні, каб праз іх вы зрабіліся саўдзельнікамі Боскай прыроды, пазбегнуўшы распаду ад пажадлівасці ў свеце.
 
Каторымі даў нам найвялікшыя й каштоўныя абятніцы, каб вы імі сталі ўчасьнікамі Боскае прыроды, уцекшы ад папсаванасьці, каторая на сьвеце жадою, —

Таму і вы, прыклаўшы ўсё старанне, праявіце ў вашай веры добрачыннасць, у добрачыннасці ж — веды,
 
То вы, ужыўшы да гэтага ўсю ўлегласьць, замейце да веры свае цноту, у цноце знацьцё,

у ведах жа — устрыманне, ва ўстрыманні ж — вытрываласць, у вытрываласці ж — набожнасць,
 
У знацьцю ўзьдзержлівасьць, у ўзьдзержлівасьці цярплівосьць, у цярплівосьці набожнасьць,

у набожнасці ж — браталюбства, у браталюбстве ж — любоў.
 
У набожнасьці брацтва, у брацтве міласьць.

Бо гэта, калі яно ў вас ёсць і памнажаецца, робіць вас не бяздзейнымі і не бясплённымі ў пазнанні нашага Госпада Ісуса Хрыста;
 
Бо калі гэта ў вас ё і збыткуе, не бязьдзейнымі ані бясплоднымі ўчыне вас узглядам супоўнага знацьця Спадара нашага Ісуса Хрыста;

бо ў каго гэтага няма, той сляпы, блізарукі, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх ранейшых грахоў.
 
А ў каго няма гэтага ўсяго, тый нявісны, паніклівы і забыўся праз ачышчэньне зь пярэдніх грахоў.

Таму, браты, тым больш пастарайцеся рабіць трывалым ваша пакліканне і выбранне, бо робячы гэта, вы ніколі не спаткняцеся.
 
Затым валей, браты, улягайце чыніць пагуканьне а абраньне свае моцным, бо, чынячы гэта, ніколі не ўпадзіце,

Бо так шчодра адкрыецца вам уваход у вечнае Царства нашага Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста.
 
Бо гэтак шырака адчыніцца вам уход да вечнага гаспадарства Спадара нашага а Спаса Ісуса Хрыста.

Таму я буду гатовы2 заўсёды напамінаць вам пра гэта, хоць вы гэта і ведаеце і ўмацаваны ў цяперашняй праўдзе.
 
Дзеля таго я буду заўсёды дамяняць вам праз гэта, дарма што вы зналыя і ўмацаваныя ў цяперашняй праўдзе.

Але я лічу справядлівым, пакуль я ў гэтым шатры, абуджаць вас напамінкам,
 
Бо я маю за справядлівае, пакуль я ў гэтым будане, надбіць вас дамяняньням,

ведаючы, што хутка пакіну мой шацёр, як і наш Госпад Ісус Хрыстос аб’явіў мне,
 
Ведаючы, што я ўборзьдзе маю пакінуць будан свой, як і Спадар наш Ісус Хрыстос паказаў імне.

буду ж старацца, каб вы маглі і пасля майго адыходу кожны раз успамінаць пра гэта.
 
Але я ўлягу, каб просьле майго адходу вы таксама заўсёды прыпаміналі гэта.

Бо мы абвесцілі вам пра сілу і прышэсце нашага Госпада Ісуса Хрыста, не ідучы услед хітрасплеценым байкам, а стаўшы відавочцамі Яго велічы.
 
Бо мы абясьцілі вам сілу й прыход Спадара нашага Ісуса Хрыста, ня йдучы за хітра выдуманымі байкамі, але былі вочнікамі Ягонае вялікасьці.

Бо Ён прыняў ад Бога Бацькі гонар і славу, калі данёсся да Яго ад Велічнай Славы такі голас: «Гэта Мой Сын, Мой Улюбёны, Якога Я ўпадабаў!»
 
Бо Ён прыняў ад Бога Айца чэсьць а славу, як прышоў яму такі голас ад дасканальнае славы: «Гэта Сын Мой умілаваны, Каторага Я ўпадабаў».

І гэты голас, што данёсся з неба, мы пачулі, калі былі з Ім на святой гары.
 
І гэты голас, прышлы зь нябёс, мы чулі, будучы зь Ім на сьвятой гары.

І мы маем мацнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго як светача, што ззяе ў цёмным месцы, пакуль не пачне днець і не ўзыдзе заранка ў вашых сэрцах,
 
Ды мы маем найпэўнейшае прароцкае слова, і вы добра робіце, што зварачаецеся да яго, як да лянпы, што зьзяе ў цемным месцу аж да сьвітаньня і ўсходу дзяньніцы ў сэрцах вашых,

ведаючы перш за ўсё тое, што ніводнае прароцтва ў Пісанні не бывае ад чыйго-небудзь уласнага вытлумачэння;
 
Ведаючы наўперад, што ніякае прароцтва Пісьма не залежа ад собскага выкладу.

бо ніколі прароцтва не было выказана з волі чалавека, але [святыя] людзі, кіраваныя Святым Духам, казалі яго ад Бога.
 
Бо ніколі прароцтва ня было вымаўлена воляю людзкою, але вы маўлялі яго сьвятыя людзі Божыя, несеныя Духам Сьвятым.