Мацьвея 18 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Праваслаўнай Царквы
У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: Хто ж большы ў Царстве Нябёсаў?
У той час прыступíлі вучні да Іісуса, ка́жучы: хто ж бо́льшы ў Царстве Нябесным?
І [Ісус], паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх
Іісус жа, паклíкаўшы дзіця́, паставіў яго сярод іх
і сказаў: Сапраўды кажу вам: калі не зменіцеся і не зробіцеся, як дзеці, ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
і сказаў: праўду кажу вам, калі не наве́рнецеся і не будзеце, як дзеці, не ўво́йдзеце ў Царства Нябеснае.
Дык хто прынізіць сябе і будзе, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябёсаў.
Дык вось, хто ўпако́рыцца і стане, як гэтае дзіця́, той бо́льшы ў Царстве Нябесным.
І хто прыме адно такое дзіця ў Маё імя, Мяне прымае.
І хто пры́ме адно такое дзіця́ ў імя́ Маё, той Мяне прыма́е.
А хто звядзе ад веры аднаго з гэтых малых, што веруюць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму млынавы жарон60 на шыю і ўтапілі ў марской глыбіні.
А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жаро́н млынавы́ на шы́ю яму́ і ўтапілі ў глыбінí марской.
Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда [таму] чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.
Гора свету ад спакус, бо павінны прыйсцí спаку́сы; але гора таму чалавеку, праз якога спаку́са прыхо́дзіць.
Калі ж твая рука ці твая нага ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепей табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым маючы дзве рукі ці дзве нагі, быць кінутым у вечны агонь.
Калі ж рука твая альбо нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукí альбо без нагі, чым, дзве рукí і дзве нагі маючы, быць укíнутым у агонь вечны.
І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену агнявую.
І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці, чым, два вокі маючы, быць укíнутым у гее́ну вогненную.
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
Глядзіце, не пагарджа́йце ніво́дным з малы́х гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах заўсёды ба́чаць аблíчча Айца Майго Нябеснага.
[Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і ўратаваць загінулае]61.
Бо прыйшоў Сын Чалавечы, каб спасцí тое, што загíнула.
Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і адна з іх заблудзілася, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася?
Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзíлася адна з іх, то ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцí ў гара́х і не пойдзе шукаць тую, што заблудзíлася?
І калі ўдасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым за дзевяноста дзевяццю, якія не заблудзіліся.
І калі ўдасца знайсці яе, праўду кажу вам, што ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, якія не заблудзíліся.
Так няма волі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
Гэтакса́ма няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малы́х гэтых.
Калі ж твой брат саграшыць [супроць цябе], ідзі і выкрый яго сам-насам. Калі паслухае цябе, ты прыдбаў свайго брата.
Калі ж саграшы́ць су́праць цябе брат твой, ідзі і вы́крый яго сам-на́сам; калі паслу́хаецца цябе, то прыдба́ў ты брата твайго.
Калі ж не паслухае, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак было замацавана кожнае слова.
А калі не паслу́хаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб ву́снамі двух альбо трох све́дкаў пацве́рдзілася кожнае слова.
Калі ж не паслухае іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухае, няхай будзе табе ён, як язычнік і зборшчык падаткаў.
Калі ж не паслу́хаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслу́хаецца, то няхай будзе ён табе як язычнік і мы́тнік.
Праўду кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе.
Праўду кажу вам: што́ вы звя́жаце на зямлі, тое будзе звя́зана на небе; і што́ развя́жаце на зямлі, тое будзе развя́зана на небе.
Зноў [сапраўды] кажу вам: калі двое з вас загодзяцца на зямлі прасіць чаго-небудзь, то, чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас паго́дзяцца на зямлі прасіць за любую справу, то, чаго б ні папрасíлі, будзе ім ад Айца Майго, Які на нябёсах.
Бо дзе двое ці трое сабраліся ў Маё імя, там Я між іх.
Бо дзе двое альбо трое сабра́ліся ў імя́ Маё, там Я сярод іх.
Тады падышоў [да Яго] Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці да сямі разоў?
Тады прыступіў да Яго Пётр і сказаў: Госпадзі! колькі разоў дарава́ць брату майму, які грашы́ць су́праць мяне́ ці да сямі разоў?
Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: «Да сямі разоў», а да сямідзесяці разоў па сем!
Кажа яму Іісус: не кажу табе: «да сямі», а да сямíдзесяці разоў па сем.
Таму Царства Нябёсаў падобнае на аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі.
Таму Царства Нябеснае падобна да цара, які захацеў праве́сці разлíкі з раба́мі сваімі.
А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
Калі ён пачаў право́дзіць разлíкі, прывялі да яго кагосьці, хто быў вíнен яму дзесяць тысяч тала́нтаў.
А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў [яго] уладар прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і спагнаць.
А паколькі ён не меў чым аддаць, то яго ўлада́р загадаў прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і адда́ць доўг.
Тады слуга, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: «[Гаспадару], пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам».
Тады раб той упаў і, кла́няючыся яму, казаў: «уладару́! будзь цярплíвы да мяне, і ўсё табе заплачу́».
І, пашкадаваўшы таго слугу, уладар адпусціў яго і дараваў яму доўг.
І ўлада́р раба таго, злíтаваўшыся, адпусцíў яго і доўг дарава́ў яму.
А той слуга, выйшаўшы, знайшоў аднаго са слуг, як сам, які быў вінаваты яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: Аддай [мне], што вінаваты.
А раб той, вы́йшаўшы, знайшоў аднаго з тава́рышаў сваіх, які вíнен яму быў сто дына́рыяў, і, схапіўшы яго, душы́ў, ка́жучы: «аддай мне, што вíнен».
Дык слуга, упаўшы перад ім62, прасіў яго, кажучы: Пацярпі ты мне, і я аддам табе.
Тады тава́рыш яго ўпаў у ногі яму́, прасіў яго і казаў: «будзь цярплíвы да мяне, і ўсё аддам табе».
Але той не захацеў, а, пайшоўшы, кінуў яго ў турму, пакуль ён не аддасць доўгу.
Але той не захацеў, а пайшоў і кінуў яго ў цямнíцу, пакуль не адда́сць доўгу.
Дык, убачыўшы гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму ўладару ўсё, што адбылося.
Тава́рышы яго, убачыўшы, што зда́рылася, засмуцíліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі ўладару́ свайму пра ўсё, што адбыло́ся.
Тады яго ўладар, паклікаўшы яго, кажа яму: Ліхі слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне;
Тады яго ўлада́р клíча яго і кажа: «ліхí раб! увесь доўг той я дарава́ў табе, бо ты ўпрасíў мяне;
хіба і ты не павінен быў злітавацца над сваімі таварышамі, як і я злітаваўся над табою?
ці не нале́жала і табе памíлаваць тава́рыша твайго, як і я цябе памíлаваў?»
І яго ўладар, разгневаўшыся, перадаў яго катам, пакуль не аддасць [яму] ўсяго доўгу.
І, разгне́ваўшыся, яго ўлада́р перадаў яго ка́там, пакуль не адда́сць усяго доўгу свайго.
Так і Мой Нябесны Бацька зробіць вам, калі кожны з вас не даруе ад сэрца свайго брату свайму [яго правінаў].
Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не дару́е ад сэрца свайго кожны з вас брату свайму правíн яго.