Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Тады прыходзяць да Ісуса Ерузалімскія кніжнікі й фарысэі ды кажуць:
 
Тады прыйшлі да Ісуса Ерузалімскія кніжнікі і фарысэі, кажучы:

Чаму вучні Тваі ня пілнуюцца перака́занага ад старэйшых? Бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хле́б.
 
"Чаму Твае вучні парушаюць пераказы старшых? Бо ня ўмываюць рук, калі ядуць хлеб".

Ён жа сказаў ім у адказ: чаму і вы ня пілну́ецеся прыказаньня Божага дзеля пераказу вашага?
 
Ён-жа сказаў ім у адказ: "Чаму і вы парушаеце Божае прыказаньне дзеля вашага пераказу?

Бо Бог загадаў: шануй бацьку твайго і матку; і — хто зьняважа́е бацьку ці матку, няхай сьме́рцяй памрэ (Выхад 20:12; 21:16).
 
Бо Бог загадаў: Шануй бацьку і матку; і хто зласловіць бацьку ці матку, няхай сьмерцю памрэ.

А вы кажаце: калі хто скажа бацьку або матцы: дар, які-б ні быў ад мяне́, будзе табе́ ў карысьць,
 
А вы кажаце: калі хто скажа бацьку або матцы: ахвяраю ёсьць тое, чым-бы ты ад мяне карыстаўся,

той можа й не шанаваць бацьку або матку сваю. І адкінулі вы прыказаньне Божае дзеля перака́зу вашага.
 
той можа не шанаваць свайго бацьку і сваю матку. Так вы парушылі Божае прыказаньне дзеля вашага пераказу.

Крываду́шныя! Добра прарочыў аб вас Ісая, кажучы:
 
Крывадушныя! добра прарочыў аб вас Ісаія, кажучы:

Людзі гэныя блізкія да Мяне́ вуснамі сваімі і шануюць Мяне́ языком; сэрца-ж іх далёка ад Мяне́.
 
"Гэты народ паважае Мяне сваімі вуснамі; сэрце-ж іх далёка ад Мяне.

Але дарэмна пакланя́юцца Мне́, навучаючы навук і за́паведзяў чалаве́чых (Ісая 29:13).
 
Але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы людзкіх навукаў і прыказаньнаў".

І, прыклíкаўшы народ, сказаў ім: слухайце і разуме́йце:
 
І прыклікаўшы людзей, сказаў ім: "Слухайце і разумейце:

Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апага́нівае чалаве́ка; але тое, што выходзіць із вуснаў, тое апага́нівае чалаве́ка.
 
Ня тое, што ўвайходзіць у вусны апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека".

Тады вучні Яго, прыступіўшыся, сказалі Яму: ці ве́даеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?
 
Тады прыступіліся да Яго вучні і сказалі Яму: "Ці ведаеш, што фарысэі пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?"

Ён жа сказаў у адказ: усякая расьліна, якую насадзіў не Аце́ц Мой Нябе́сны, будзе вы́каранена.
 
Ён-жа сказаў у адказ: "Усякая расліна, каторую не насадзіў Мой нябесны Айцец, будзе выкаранена.

Пакіньце іх; яны — сьляпы́я правадыры сьляпы́х; а калі сьляпы́ вядзе́ сьляпо́га, то абодва ўваляцца ў яму.
 
Пакіньце іх; яны сьляпыя правадыры сьляпых. А калі сьляпы вядзе сьляпога, дык абодва ўваляцца ў яму".

Пётр жа, адказваючы, сказаў Яму: растлумач нам прыповесьць гэту.
 
Пятро-ж адказваючы сказаў Яму: "Растлумач нам гэтую прыповесьць".

Ісус сказаў: няўжо-ж і вы яшчэ не разуме́еце?
 
Ён сказаў: "Няўжо-ж і вы яшчэ нецямушчыя?

Ці-ж яшчэ не разуме́еце, што ўсё, уваходзячы ў вусны, праходзіць у жывот і выкідаецца вон?
 
Ці-ж яшчэ не разумееце, што ўсё, увайходзячае ў вусны, праходзіць у жывот і выкідаецца вон?

А выхо́дзячае з вуснаў — з сэрца выходзіць; гэта апага́нівае чалавека:
 
А што выходзіць з вуснаў — з сэрца паходзіць; гэтае апаганьвае чалавека;

бо з сэрца выходзяць благія думкі, забойствы, чужаложства, блуд, кра́жы, фальшы́вае сьве́дчаньне, ганьбава́ньне:
 
бо з сэрца выходзяць дрэнныя думкі, забойствы, чужаложствы, распуста, зладзейства, крывапрысяга, пракляцьці;

гэта апага́нівае чалаве́ка. А е́сьці непамытымі рукамі — гэта не апага́нівае чалаве́ка.
 
гэтае апаганьвае чалавека. А есьці непамытымі рукамі — гэта не апаганьвае чалавека."

І, вы́йшаўшы адтуль, Ісус пайшоў у зе́млі Тырскія і Сыдонскія.
 
І выйшаўшы адтуль, Ісус пайшоў у ваколіцы Тыру і Сыдону.

І вось жанчына хананэйская, вы́йшаўшы з тых ваколіц, крычэла Яму, кажучы: зьмілуйся нада мною, Госпадзе, сын Давідаў! дачку́ маю цяжка мучыць нячысты!
 
І вось хананэйская жанчына, выйшаўшая з тых ваколіц, крычала Яму, кажучы: "Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, сыне Давідаў, дачку маю вельмі мучыць нячысты!"

Але Ён не адка́заваў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступіўшыся, прасілі Яго: адпусьці яе́, бо яна крычыць за намі.
 
Але Ён не адказваў ёй ні слова. І Ягоныя вучні, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: "Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі".

Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да гінучых аве́ц дому Ізраілявага.
 
Ён-жа сказаў у адказ: "Я пасланы толькі да гінучых авец дому Ізраілявага".

А яна, прыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: Госпадзе! памажы мне́.
 
А яна, прыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: "Госпадзе, памажы мне!"

Ён жа сказаў у адказ: ня добра ўзяць хле́б ад дзяце́й і кінуць сабакам.
 
Ён-жа сказаў у адказ: "Нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам".

Яна сказала: так, Госпадзе! Але й сабакі ядуць крошкі, якія па́даюць з стала́ гаспадароў іх.
 
Яна-ж сказала: "Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала іхных гаспадароў".

Тады Ісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая ве́ра твая; няхай ста́нецца табе́, як жадаеш. І паздараве́ла дачка́ яе́ ў тую гадзіну.
 
Тады Ісус сказаў ёй у адказ: "О жанчына! вялікая твая вера, няхай станецца табе, як жадаеш". І аздаравела яе дачка ў тую гадзіну.

Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галіле́йскага і, узыйшоўшы на гару, се́ў там.
 
І калі перайшоў адтуль, Ісус прыйшоў да Галілейскага мора і, узыйшоўны на гару, сеў там.

І прыступілася да Яго множства народу, ма́ючы з сабою кульгавых, сьляпы́х, нямы́х, кале́к і многа іншых, і пакідалі іх да ног Ісусавых; і Ён аздараўляў іх.
 
І прыйшла да Яго вялікая грамада, маючы з сабою калекаў кульгавых, сьляпых, нямых, калек і многа іншых, і клалі іх каля Ісусавых ног; і Ён аздараўляў іх.

Дык народ дзіваваўся, бачучы нямы́х гаворачы, кале́кіх здаровымі, кульгавых хо́дзячы і сьляпы́х вíдзячы, і славіў Бога Ізраілявага.
 
Дык грамады дзівіліся, бачучы нямых як яны гаварылі, калекаў аздароўляных, кульгавых ходзячых і сьляпых відзячых, і славілі Ізраілявага Бога.

Ісус жа, прыклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: шкада́ Мне́ людзе́й, што ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне́, і не́чага ім е́сьці; адпусьціць жа іх ня е́ўшымі не хачу, каб не аслабе́лі ў дарозе.
 
Ісус-жа, прыклікаўшы Сваіх вучняў, сказаў ім: "Шкада Мне грамады, што ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне, і нечага ім есьці; адпусьціць-жа іх галоднымі не хачу, каб не аслабелі ў дарозе.

І кажуць Яму вучні Яго: скуль нам у пустыні ўзяць гэтулькі хле́ба, каб накарміць такую грамаду?
 
І кажуць Яму вучні: "Адкуль нам у пустыні ўзяць гэтулькі хлеба, каб накарміць такую грамаду?"

Кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? Яны-ж сказалі: се́м і крыху рыбак.
 
І сказаў ім Ісус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны сказалі: "Сем і некалькі рыбак."

Тады сказаў народу супачыць на зямлі.
 
Тады згадаў народу пасесьць на зямлі.

І, узяўшы се́м хлябоў і рыбы ды аддаўшы хвалу́, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні народу.
 
Узяўшы сем хлябоў і рыбы ды аддаўшы хвалу, паламаў і даў Сваім вучням, а вучні народу.

І е́лі ўсе́ і нае́ліся; і набралі астаткаў се́м карабоў поўных.
 
І елі ўсе і наеліся; і назбіралі астаткаў сем поўных кашоў.

А е́ўшых было чатыры тысячы душ, апрача жанчын і дзяце́й.
 
А тых, што елі было чатыры тысячы чалавек, апрача жанчын і дзяцей.

І, адпусьціўшы народ, і Ён увайшоў у човен і прыбыў у ме́жы Магдальскія.
 
І адпусьціўшы народ, увайшоў у човен і прыбыў у ваколіцы Магадану.