Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у сваё ме́ста.
І ўвайшоў у човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у сваё места.
І вось, прыне́сьлі да Яго спараліжава́нага, ляжучы́ на пасьце́лі. І, ба́чучы ве́ру іх, Ісус сказаў спараліжава́наму: мацуйся, дзіця! адпускаюцца табе́ грахі тваі.
І вось прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на пасьцелі. І бачучы іхнюю веру, Ісус сказаў спараліжаванаму: "Мацуйся, дзіця! адпушчаюцца табе твае грахі".
Ды вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе́: Ён блюзьніць.
І вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: "Ён блюзьніць".
Ісус жа, бачучы думкі іх, сказаў: на што благое ў сэрцах вашых?
Ісус-жа, бачучы іхныя думкі, сказаў: "Навошта думаеце благое ў вашых сэрцах?"
Бо што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе́ грахі, ці сказаць: устань ды хадзі?
Бо што лепш сказаць: адпушчаюцца табе грахі, ці сказаць: Устань і хадзі?
Але, каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы ма́е ўладу на зямлі адпускаць грахі (кажа тады спараліжава́наму), устань, вазьмі пасьце́ль тваю і йдзі ў дом твой.
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі (тады кажа спараліжаванаму) "Устань, вазьмі твой ложак ды йдзе ў твой дом".
І, устаўшы, узяў пасьце́ль сваю ды пайшоў у дом свой.
І ўстаў, узяў свой ложак ды пайшоў у свой дом.
Народ жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся і славіў Бога, даўшага такую ўладу людзям.
Народ-жа, бачучы гэтае, дзівіўся і славіў Бога, даўшы гэткую ўладу людзям.
І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалаве́ка, се́дзячы ля мытніцы, званага Мацьве́ем, і кажа яму: ідзі сьле́дам за Мною. І, устаўшы, ён пайшоў за Ім.
І калі Ісус прайходзіў адтуль, убачыў чалавека іменем Матэя, які сядзеў на мытніцы, і кажа яму: "Ідзі за Мною". І ўстаўшы ён пайшоў за Ім.
І ста́лася, як Ісус сядзе́ў за сталом у доме, дык вось многа мытнікаў і грэшнікаў прыйшлі і пасе́лі за стол з Ім і вучнямі Яго.
І сталася, як Ён быў пры стале ў доме, дык вось многа мытнікаў і грэшнікаў прыйшлі і ўзьляглі пры стале з Ісусам і ягонымі вучнямі.
І, убачыўшы тое, фарысэі сказалі вучням Яго: чаму Вучыцель ваш е́сьць і п’е́ць з мытнікамі і грэшнікамі?
І ўбачыўшы тое, фарысэі сказалі Ягоным вучням: "Чаму ваш Настаўнік есьць з мытнікамі і грэшнікамі?"
Ісус жа, пачуўшы гэтае, сказаў Ім: не́ здаровым патрэбен ле́кар, а хворым.
Ісус-жа пачуўшы гэтае, сказаў ім: "Не здаровым патрэбен лекар, а хворым.
Пайдзе́це, наўчыцеся, што значыць: міласьці хачу, а ня жэртвы, бо Я прыйшоў не́ справядлівых, але грэшнікаў клікаць да пакаяньня (Осія 6:6).
Ідзеце і навучэцеся, што значыць: міласэрнасьці хачу, а не ахвяры. Бо Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, але грэшнікаў.
Тады прыходзяць да Яго вучні Іоанавы і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім шмат, а Тваі вучні ня посьцяць?
Тады прыйходзяць да Яго Янавы вучні і кажуць: "Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?"
І сказаў ім Ісус: ці-ж могуць сумаваць сыны́ вясе́льнага дому, пакуль з імі жаніх? Але настануць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць пасьціць.
І сказаў ім Ісус: "Ці-ж могуць сумаваць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць.
І ніхто старое вопраткі ня ла́піць новаю ла́ткаю, бо новапрышы́тае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая.
І ніхто ня прыкладае лапіны з няваленага сукна да старое вопраткі, бо лапіна зьбяжыцца і адарвецца і будзе яшчэ горшая дзірка.
І ня ўліваюць віна маладога ў старыя мяхí, бо разрываюцца мяхí, і віно выцякае, і мяхí гінуць; але віно маладое ўліваюць у новыя мяхí, і захоўваецца тое і другое.
І ня ўліваюць маладога віна ў старыя мяхі, бо разрываюцца мяхі і віно выцякае, і мяхі гінуць; але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі і захоўваецца тое і другое".
Калі Ён гутарыў з імі гэтак, падыйшоў да Яго не́йкі начальнік і, пакланіўшыся Яму, кажа: дачка́ мая толькі што сканала, але прыйдзі, узлажы на яе́ руку Тваю, і яна ажыве́.
Калі Ён гутарыў з імі гэта, падыйшоў да яго нейкі начальнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: "Мая дачка толькі што памерла, але прыйдзі, узлажы на яе Тваю руку і ажыве".
І, устаўшы, пайшоў за ім Ісус і вучні Яго.
І ўстаўшы Ісус са Сваімі вучнямі, пайшоў за ім.
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крываце́чу, падыйшла ззаду і дакрану́лася да краю вопраткі Яго,
І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы з-заду, дакранулася да краю Ягонае вопраткі,
бо яна думала сабе́: як толькі дакрануся да вопраткі Яго, паздараве́ю.
бо казала сама сабе; як толькі дакрануся да Ягонае вопраткі, аздаравею.
Ісус жа, аглянуўшыся і ўгле́дзіўшы яе́, кажа: мацуйся, дачка! ве́ра твая вы́ратавала цябе́. І жанчына гэная з тае́ пары паздараве́ла.
Ісус-жа, аглянуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: "Бадрыся дачка, вера твая выратавала цябе". І аздаравела жанчына ад тае гадзіны.
І тады прыйшоў Ісус у дом начальніка і, угле́дзіўшы жале́йнікаў і ўзварушаных людзе́й,
І калі Ісус прыйшоў у дом начальніка і ўгледзеў жалейнікаў і ўзварушаную грамаду
сказаў ім: разыдзе́цеся; бо ня ўме́рла дзяўча́тка, але сьпіць. І сьмяяліся з Яго.
сказаў ім: "Адыйдзеце, бо дзяўчынка не памерла, але сьпіць". І насьміхаліся з Яго.
Калі-ж людзе́й вы́велі, Ён, увайшоўшы, узяў яе́ за руку, і дзяўча́тка ўстала.
Калі-ж выправілі людзей, Ён увайшоў, узяў яе за руку і дзяўчынка ўстала.
І разыйшла́ся чутка аб тым на ўсёй гэнай зямлі.
І разыйшлася чутка аб гэтым па ўсёй той зямлі.
Калі Ісус ішоў адтуль, за Ім пайшлі два сьляпыя і клікалі Яго, кажучы: памілуй нас, Ісус, Сын Давідаў.
Калі Ісус ішоў адтуль, за Ім ішло двох сьляпых і клікалі Яго, кажучы: "Зьлітуйся над намі, Ісусе, сыне Давідаў!"
Калі-ж Ён прыйшоў у дом, сьляпыя прыступіліся да Яго. І кажа ім Ісус: ці ве́рыце вы, што Я магу гэтае зрабіць? Яны адказваюць: але́, Госпадзе!
Калі-ж Ён прыйшоў у дом, прыступіліся да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: "Ці вы верыце, што Я магу вам гэтае зрабіць?" Яны адказалі Яму: "Так Госпадзе".
Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: няхай паводле ве́ры вашае ста́нецца вам.
Тады Ён дакрануўся да іхных вачэй і сказаў: "Няхай станецца вам паводля вашае веры".
І расчыніліся вочы іх. І Ісус пагразіў ім: глядзіце, каб ніхто ня ве́даў.
І расчыніліся іхныя вочы; і забараніў ім Ісус, кажучы: "Глядзеце, каб ніхто ня ведаў".
А яны, выйшаўшы, абвясьцілі аб Ім па ўсёй гэнай зямлі.
А яны выйшаўшы абвясьцілі аб Ім на ўсёй той зямлі.
Калі-ж тыя выходзілі, то прывялі да Яго чалаве́ка нямо́га, апанава́нага нячыстым.
Калі-ж тыя выходзілі, дык прывялі да Яго нямога чалавека, апанванага нячыстым.
І, калі бе́с быў вы́гнаны, нямы́ загаварыў, і народ дзівіўся, кажучы: ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілю.
І калі д’ябал быў выгнаны, нямы загаварыў, і народ дзівіўся, кажучы: "Ніколі не здаралася такое ў Ізраілю".
А фарысэі гаварылі: імем кня́зя чарто́ўскага выганяе Ён злых духаў.
А фарысэі казалі: "Ён іменем князя нячыстых выганяе злых духаў".
І хадзіў Ісус па ўсіх ме́стах і вёсках, навучаючы па школах і абвяшчаючы Эвангельле Царства і зьнімаючы ўсякую хворасьць і ўсякую не́мач у людзе́й.
І прайходзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы ў школах і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства і аздараўляючы ўсякую хворасьць і немач у людзей.
Гле́дзячы на грамады народу, Ён пашкадаваў іх, што былі змогшыся і расьцярушаныя, быццам авечкі без пастуха.
Гледзячы на грамады, Ён пашкадаваў іх, бо былі змучанымі і прыгнобленымі, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха.
Тады кажа вучням Сваім: жніво багатае, ды работнікаў мала.
Тады кажа сваім вучням: "Жніва многа, а работнікаў мала.
Дык прасе́це Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво́ сваё.
Дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніва".