Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у сваё ме́ста.
І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.
І вось, прыне́сьлі да Яго спараліжава́нага, ляжучы́ на пасьце́лі. І, ба́чучы ве́ру іх, Ісус сказаў спараліжава́наму: мацуйся, дзіця! адпускаюцца табе́ грахі тваі.
І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі.
Ды вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе́: Ён блюзьніць.
І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць.
Ісус жа, бачучы думкі іх, сказаў: на што благое ў сэрцах вашых?
А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
Бо што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе́ грахі, ці сказаць: устань ды хадзі?
бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
Але, каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы ма́е ўладу на зямлі адпускаць грахі (кажа тады спараліжава́наму), устань, вазьмі пасьце́ль тваю і йдзі ў дом твой.
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты.
І, устаўшы, узяў пасьце́ль сваю ды пайшоў у дом свой.
І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты.
Народ жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся і славіў Бога, даўшага такую ўладу людзям.
А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалаве́ка, се́дзячы ля мытніцы, званага Мацьве́ем, і кажа яму: ідзі сьле́дам за Мною. І, устаўшы, ён пайшоў за Ім.
Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім.
І ста́лася, як Ісус сядзе́ў за сталом у доме, дык вось многа мытнікаў і грэшнікаў прыйшлі і пасе́лі за стол з Ім і вучнямі Яго.
І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі.
І, убачыўшы тое, фарысэі сказалі вучням Яго: чаму Вучыцель ваш е́сьць і п’е́ць з мытнікамі і грэшнікамі?
І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?
Ісус жа, пачуўшы гэтае, сказаў Ім: не́ здаровым патрэбен ле́кар, а хворым.
А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
Пайдзе́це, наўчыцеся, што значыць: міласьці хачу, а ня жэртвы, бо Я прыйшоў не́ справядлівых, але грэшнікаў клікаць да пакаяньня (Осія 6:6).
ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
Тады прыходзяць да Яго вучні Іоанавы і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім шмат, а Тваі вучні ня посьцяць?
Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?
І сказаў ім Ісус: ці-ж могуць сумаваць сыны́ вясе́льнага дому, пакуль з імі жаніх? Але настануць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць пасьціць.
І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца.
І ніхто старое вопраткі ня ла́піць новаю ла́ткаю, бо новапрышы́тае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая.
І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
І ня ўліваюць віна маладога ў старыя мяхí, бо разрываюцца мяхí, і віно выцякае, і мяхí гінуць; але віно маладое ўліваюць у новыя мяхí, і захоўваецца тое і другое.
Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое.
Калі Ён гутарыў з імі гэтак, падыйшоў да Яго не́йкі начальнік і, пакланіўшыся Яму, кажа: дачка́ мая толькі што сканала, але прыйдзі, узлажы на яе́ руку Тваю, і яна ажыве́.
Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.
І, устаўшы, пайшоў за ім Ісус і вучні Яго.
І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крываце́чу, падыйшла ззаду і дакрану́лася да краю вопраткі Яго,
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,
бо яна думала сабе́: як толькі дакрануся да вопраткі Яго, паздараве́ю.
бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.
Ісус жа, аглянуўшыся і ўгле́дзіўшы яе́, кажа: мацуйся, дачка! ве́ра твая вы́ратавала цябе́. І жанчына гэная з тае́ пары паздараве́ла.
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.
І тады прыйшоў Ісус у дом начальніка і, угле́дзіўшы жале́йнікаў і ўзварушаных людзе́й,
А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,
сказаў ім: разыдзе́цеся; бо ня ўме́рла дзяўча́тка, але сьпіць. І сьмяяліся з Яго.
сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.
Калі-ж людзе́й вы́велі, Ён, увайшоўшы, узяў яе́ за руку, і дзяўча́тка ўстала.
Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.
І разыйшла́ся чутка аб тым на ўсёй гэнай зямлі.
І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
Калі Ісус ішоў адтуль, за Ім пайшлі два сьляпыя і клікалі Яго, кажучы: памілуй нас, Ісус, Сын Давідаў.
І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!
Калі-ж Ён прыйшоў у дом, сьляпыя прыступіліся да Яго. І кажа ім Ісус: ці ве́рыце вы, што Я магу гэтае зрабіць? Яны адказваюць: але́, Госпадзе!
І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: няхай паводле ве́ры вашае ста́нецца вам.
Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.
І расчыніліся вочы іх. І Ісус пагразіў ім: глядзіце, каб ніхто ня ве́даў.
І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.
А яны, выйшаўшы, абвясьцілі аб Ім па ўсёй гэнай зямлі.
А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
Калі-ж тыя выходзілі, то прывялі да Яго чалаве́ка нямо́га, апанава́нага нячыстым.
Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
І, калі бе́с быў вы́гнаны, нямы́ загаварыў, і народ дзівіўся, кажучы: ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілю.
І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.
А фарысэі гаварылі: імем кня́зя чарто́ўскага выганяе Ён злых духаў.
А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
І хадзіў Ісус па ўсіх ме́стах і вёсках, навучаючы па школах і абвяшчаючы Эвангельле Царства і зьнімаючы ўсякую хворасьць і ўсякую не́мач у людзе́й.
І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
Гле́дзячы на грамады народу, Ён пашкадаваў іх, што былі змогшыся і расьцярушаныя, быццам авечкі без пастуха.
Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.
Тады кажа вучням Сваім: жніво багатае, ды работнікаў мала.
Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;
Дык прасе́це Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво́ сваё.
дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.