Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Увайшоўшы ў човен, Ён пераправіўся на другі бераг і прыйшоў у свой горад.
І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.
Прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложы. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Будзь адважным, сыне, адпускаюцца твае грахі».
І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі.
Тады некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: «Ён блюзнерыць».
І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць.
А Езус, ведаючы іхнія думкі, сказаў: «Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых?
А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
Бо што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “Устань і хадзі”?
бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». Тады сказаў паралізаванаму: «Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому».
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты.
Той устаў і пайшоў дадому.
І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты.
А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям.
А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
Калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім.
Калі Езус быў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і занялі месца за сталом з Ім і вучнямі Ягонымі.
І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі.
Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: «Чаму Настаўнік ваш есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?
Ён жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым.
А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
Вучні Янавы прыйшлі да Яго і сказалі: «Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?»
Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?
А Езус сказаў ім: «Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць.
І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца.
Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо прышытае рве вопратку, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
Не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое».
Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое.
Калі гаварыў з імі, падышоў да Яго адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: «Дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць».
Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.
Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім.
І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакранулася да краю Ягонага плашча,
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,
бо казала сабе: «Калі толькі дакрануся да Ягонага плашча, выздаравею».
бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.
А Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: «Будзь адважнай, дачка, вера твая ўратавала цябе». З таго часу жанчына выздаравела.
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.
Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп
А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,
і сказаў: «Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго.
сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.
А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў, узяў дзяўчынку за руку, і яна ўстала.
Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.
Тады разышлася пра гэта пагалоска па ўсёй гэтай зямлі.
І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім двое сляпых, якія крычалі: «Змілуйся над намі, Сыне Давіда!»
І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!
Калі ж Ён прыйшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго, а Езус сказаў ім: «Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?» Яны адказалі Яму: «Так, Пане».
І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
Тады Ён дакрануўся да іхніх вачэй і сказаў: «Няхай станецца вам паводле веры вашай».
Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.
І адкрыліся іхнія вочы. Але Езус строга наказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не даведаўся».
І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.
Аднак яны, калі выйшлі, абвясцілі пра гэта па ўсёй той зямлі.
А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
Калі ж тыя выходзілі, прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам.
Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць, а людзі казалі са здзіўленнем: «Ніколі не было такога ў Ізраэлі!»
І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.
А фарысеі казалі: «Князем злых духаў Ён выганяе злых духаў».
А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
І хадзіў Езус па ўсіх гарадах і паселішчах, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле Валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.
І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра.
Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.
Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала;
Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;
таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».
дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.