Юда 1 разьдзел
Пасланьне Юды
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якіх умілаваў Бог Айцец і захаваў Езус Хрыстус.
Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
Няхай памножацца ў вас ласка, спакой і любоў.
міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.
Умілаваныя, з усёй руплівасцю пішу вам пра нашае супольнае збаўленне. Я палічыў неабходным заахвоціць вас змагацца за веру, раз перададзеную святым.
Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне — паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.
Бо закраліся між вас нейкія людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэнне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага замянілі на разбэшчанасць і выракаюцца адзінага Валадара і нашага Пана, Езуса Хрыста.
Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў.
Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,
Анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасці і пакінулі сваё жыллё, Ён трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага суднага дня.
і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.
Падобна Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным агнём.
Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, —
Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты.
гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.
Нават арханёл Міхал, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі, але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!»
Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.
А гэтыя зневажаюць тое, чаго не ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе знішчаюць.
А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.
Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна. Дзеля ўзнагароды Балаама ўчынілі ашуканства і загінулі як узбунтаваны Карэй. На вашых гасцінах любові яны — ганьба, банкетуюць з вамі без страху, дагаджаючы сабе!
Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй.
Гэта аблокі бязводныя, што вецер ганяе, гэта восеньскія дрэвы, бясплодныя, цалкам засохлыя і выкаранёныя,
Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта — бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя;
гэта дзікія хвалі марскія, што пеняцца сваім сорамам, зоры блукаючыя, для якіх змрок цемры навекі наканаваны.
раз’юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі.
Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: «Вось прыйшоў Пан з мірыядамі святых,
Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх —
каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі грэшнікамі».
чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі.
Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля сваёй карысці.
Гэта — наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.
Вы ж, умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней Апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста,
Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста;
які кажа вам, што ў апошнія часы з’явяцца насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваіх бязбожных жаданняў.
яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах.
Гэта тыя, хто сее падзелы, кіруецца інстынктамі і не мае Духа.
Гэта — людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.
Але вы, умілаваныя, будуйцеся на найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым.
А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым,
Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага.
захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё;
Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя;
і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю;
другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; яшчэ іншым спачувайце асцярожна, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.
а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.
А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі,
А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці,
Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана — слава, веліч, панаванне і ўлада перад усімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.
адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.