1 Пятра 1 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Пётр, апостал Езуса Хрыста, прыхадням дыяспары Понта, Галатыі, Кападоцыі, Азіі і Бітыніі, выбраным
Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным
паводле прадбачання Бога Айца і асвячаныму Духу дзеля паслухмянасці і акраплення крывёю Езуса Хрыста. Няхай памножыцца ў вас ласка і спакой.
паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!
Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста,
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі,
да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас,
да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам,
умацаваных сілаю Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час.
сілаю Божаю празь веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час.
Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў,
З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,
каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста.
каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і вагнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста,
Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю,
Якога, ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўнаю і слаўнаю,
дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.
дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ;
Гэтага збаўлення шукалі і дапытваліся прарокі, якія прадказвалі прызначаную вам ласку.
якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,
Яны даследавалі, на калі і на які час указваў Дух Хрыста, які быў у іх і прадказваў цярпенні Хрыста і славу пасля гэтага.
дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;
Для іх было адкрыта, што не ім, а вам служыла тое, што цяпер абвешчана тымі, хто прапаведаваў Евангелле ў спасланым з неба Духу Святым, у што хочуць зазірнуць нават анёлы.
ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.
Таму, падперазаўшы сцёгны розуму вашага, чувайце і моцна спадзявайцеся на ласку, якая будзе прынесена вам у аб’яўленні Езуса Хрыста.
Таму, (любасныя), аперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, майце поўную надзею на падаваную вам мілату ў зьяўленьні Ісуса Хрыста.
Як паслухмяныя дзеці, не дастасоўвайцеся да пажадлівасцяў, якія вы мелі раней, у час вашага няведання,
Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,
але на ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых.
а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;
Бо напісана: «Будзьце святымі, таму што Я святы».
бо напісана: «будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты».
Калі вы называеце Айцом таго, хто непрадузята судзіць кожнага паводле ягоных учынкаў, то са страхам праводзьце час вашага зямнога вандравання,
І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,
ведаючы, што не тленным серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі,
ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў,
але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага Баранка.
а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці,
Ён быў прызначаны яшчэ да стварэння свету, але з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,
Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам,
што паверылі праз Яго ў Бога, які ўваскрасіў Яго і адарыў хвалою, каб вы мелі веру і надзею на Бога.
якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога.
Ачысціўшы паслухмянасцю праўдзе душы вашыя для некрывадушнай братняй любові, чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго,
Паслушэнствам ісьціне праз Духа ачысьціўшы душы вашыя да некрывадушнага браталюбства, няспынна любеце адно аднаго ад чыстага сэрца,
бо вы народжаны зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз Божае слова, якое жыве і трывае.
як адроджаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага давеку.
Таму што ўсякае цела — быццам трава, а ўся слава яго — быццам цвет травы: трава завяла — і апаўцвет.
Бо ўсякая плоць — быццам трава, і ўсякая слава людзкая — быццам квет на траве, засохла трава — квет ейны апаў;
А слова Пана трывае навекі. І гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.
а слова Гасподняе вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.