1 Пятра 1 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, — выбраным захаджэнцам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Каппадокіі, Азіі й Вітыніі,
 
Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным

згодна з прадве́даньнем Бога Айца, праз асьвячэньне ад Духа, дзеля паслухмянасьці й акрапле́ньня крывёю Ісуса Хрыста: няхай памножыцца вам ласка і мір!
 
паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!

Багаслаўлены Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які праз вялікую ласку Сваю адрадзіў нас ускрасе́ньнем Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзе́і,
 
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі,

дзеля спадчыны нятле́ннае, бяз сказы, што не завяне й захавана на нябёсах для вас,
 
да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам,

сілаю Божаю праз ве́ру аховываных дзеля выбаўле́ньня, што гатова адкрыцца ў астатні час!
 
сілаю Божаю празь веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час.

З гэтага це́шцеся, крыху цяпер (калі трэба) ад розных спакусаў патужыўшы,
 
З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,

каб выпрабаваная ве́ра вашая, шмат каштаўне́йшая за гібнучае, хоць і агнём прабаванае золата, аказалася на хвалу і чэсьць і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,
 
каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і вагнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста,

Якога, ня бачыўшы, любіце і, хоць ня гле́дзячы на яго, але ве́ручы ў Яго, радуецеся радасьцю нявымоўнаю і найслаўне́йшаю,
 
Якога, ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўнаю і слаўнаю,

дасягаючы нарэшце ве́раю вашаю збаўле́ньня душ.
 
дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ;

Гэтага то збаўле́ньня шукалі й дапытываліся прарокі, якія прадвяшчалі вызначаную вам ласку,
 
якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,

даходзячы, на калі і ў які час паказваў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы мукі Хрыстовыя і славу за імі.
 
дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;

Ім было адкрыта, што ня ім, а нам служыла абве́шчанае вам сягоньня тымі, якія нясьлі вам добрую ве́сьць праз Духа Сьвятога, пасланага з нябёсаў, у што навет Ангелы жадаюць пранікнуць.
 
ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.

Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, чувайце й да канца спадзявайцеся на ласку, што прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.
 
Таму, (любасныя), аперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, майце поўную надзею на падаваную вам мілату ў зьяўленьні Ісуса Хрыста.

Як послухмяныя дзе́ці, ня кіруйцеся ране́йшымі вашымі пажаданьнямі ў няве́даньні вашым;
 
Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,

але, па прыкладу паклікаўшага вас сьвятога, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсіх учынках.
 
а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;

Бо напісана: будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты (Лявіт 19:2).
 
бо напісана: «будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты».

І калі называеце Айцом Таго, Хто судзіць кожнага паводле дзе́ла яго, ня ўзіраючыся на аблічча ягонае, дык са страхам праводзьце час бытаваньня вашага,
 
І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,

ве́даючы, што не трухле́ючым серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцьця, данага вам ад айцоў,
 
ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў,

але многацэннаю крывёю Хрыста, як чыстага агняці бяз сказы,
 
а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці,

празначанага яшчэ да стварэньня сьве́ту, але зьявіўшагася ў апошнія часы дзеля вас,
 
Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам,

паве́рыўшых праз Яго ў Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб была ве́ра ваша й надзе́я на Бога.
 
якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

Паслухмянасьцяй праўдзе праз Духа ачысьціўшы душы вашыя дзеля некрывадушнае любві братняе, заўсёды любе́це адзін аднаго ад чыстага сэрца,
 
Паслушэнствам ісьціне праз Духа ачысьціўшы душы вашыя да некрывадушнага браталюбства, няспынна любеце адно аднаго ад чыстага сэрца,

як адроджаныя ня з тле́ючага насеньня, але з нятле́ннага, праз слова Бога Жывога і прабываючага даве́ку.
 
як адроджаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага давеку.

Бо ўсякае це́ла, як трава, і ўсякая слава чалаве́чая, як цьве́т на траве́: засохла трава, і цьве́т яе́ апаў;
 
Бо ўсякая плоць — быццам трава, і ўсякая слава людзкая — быццам квет на траве, засохла трава — квет ейны апаў;

але слова Госпадавае трывае даве́ку (Ісая 40:6−8). А гэта й ёсьць тое слова, якое вам абве́шчана.
 
а слова Гасподняе вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.