Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Кніга радаво́ду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Аўраа́мавага.
 
Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.

Аўраам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Якава; Якаў спарадзіў Юду і братоў яго;
 
Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных;

Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Фамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;
 
Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;

Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
 
Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;

Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руфі;
 
Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея;

Авід спарадзіў Ясе́я; Ясе́й спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Салямона ад Ур’явай;
 
Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;

Салямон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;
 
Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;

Аса спарадзіў Ясафата; Ясафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Озію;
 
Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію;

Озія спарадзіў Яфама; Яфам спарадзіў Ахаза; Ахаз спарадзіў Язэкію;
 
Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ёзэкію;

Язэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Іосію;
 
Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію;

Іосія спарадзіў Якіма; Якім спарадзіў Яхоньню ды братоў яго, перад перасяленьнем у Вавілон.
 
Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага.

Пасьля-ж перасяле́ньня ў Вавілон Яхоньня спарадзіў Саляфііла; Саляфііл спарадзіў Зарававэ́ля;
 
Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля;

Зарававэ́ль спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліакіма; Эліакім спарадзіў Азора;
 
Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора;

Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;
 
Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;

Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матфана; Матфан спарадзіў Якава;
 
Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава;

Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад каторай нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.
 
Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос.

Гэтак усіх радоў ад Аўраама да Давіда чатырнаццаць радоў; і ад Давіда да перасяле́ньня ў Вавілон чатырнаццаць радоў; і ад перасяленьня ў Вавілон да Хрыста чатырнаццаць радоў.
 
І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; і ад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.

Ражство Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маткі Яго Марыі з Язэпам, раней іхняга вясе́льля, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.
 
Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.

Язэп жа, муж яе́, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе́, хаце́ў тайком адпусьціць яе́.
 
А Язэп, муж Яе, будучы праведным, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе.

Але, калі ён падумаў гэтае, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ўва сьне́ і сказаў: Язэп, сын Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зарадзіўшаеся ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
 
Калі ж надумаў ён гэта, — вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;

вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён спасе́ людзе́й Сваіх ад грахоў іх.
 
і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх.

А ўсё гэтае зда́рылася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
 
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

вось Дзяўчына пры́йме ў нутро і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Эмануіл, гэта значыць: з намі Бог (Ісая 7:1).
 
«Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог».

Устаўшы зо́-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю,
 
Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю

і ня ве́даў яе́, ажно нарадзіла Сына свайго першароднага, і ён даў Яму імя: Ісус.
 
і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.