Мацьвея 16 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І прыступіліся фарысэі і садуке́і і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з не́ба,
 
І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.

Ён жа сказаў ім у адказ: уве́чары вы ка́жаце: будзе пагода, бо не́ба чырвана.
 
А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;

А ўраньні: сяньня не́пагадзь, бо не́ба пахмурнае. Крывадушныя! аблічча не́ба распазнаць уме́еце, а знакоў часу ня мо́жаце?
 
і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?

Род нягодны й чужало́жны знако́ў шукае, і знакі ня будуць да́дзены яму, апрача знаку Іоны прарока. І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
 
Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.

Перабраўшыся на той бок, вучні Яго забыліся ўзяць хле́ба.
 
І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.

Ісус сказаў ім: глядзе́це, сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і садуке́йскай.
 
Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.

Яны-ж разважалі ў сабе́ і гаварылі: бо хлябоў мы не ўзялі.
 
Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.

Ве́даючы-ж тое, Ісус сказаў ім: чаму разважаеце ў сабе́, малаве́рныя: бо хлябоў не ўзялі?
 
Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?

Ці яшчэ не разуме́еце і ня помніце аб пяцёх хлябох на пяць тысячаў душ? і колькі карабоў вы набралі?
 
Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?

Ані аб сямёх хлябох на чатыры тысячы, і колькі карабоў вы набралі?
 
Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?

Як не разуме́еце, што не́ аб хле́бе сказаў Я вам: сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і садуке́йскай?
 
Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?

Тады яны зразуме́лі, што Ён гаварыў ім сьцерагчы́ся ня кісьлі хле́бнае, але навукі фарысэйскае і судуке́йскае.
 
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.

Прыйшоўшы-ж у зе́млі Кесарыі Філіпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго людзі лічаць Мяне́, Сына Чалаве́чага?
 
А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?

Яны сказалі: адны за Іоана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў.
 
Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.

Ён кажа ім: а вы за каго Мяне́ ўважа́еце?
 
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?

Сымон жа Пётр, адказваючы, сказаў: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
 
І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.

Тады Ісус сказаў яму ў адказ: шчасьлівы ты, Сымон, сын Іонін; бо ня цела́ і кроў адкрылі табе́ гэтае, але Аце́ц Мой, што ў Нябёсах.
 
І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;

І Я кажу табе́: ты — скала, і на гэтай скале́ Я збудую Царкву́ Маю́, і вароты пяке́льныя не перамогуць яе́.
 
і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.

І дам табе́ ключы Царства Нябе́снага; і што зьвя́жаш на зямлі, тое будзе зьвя́зана на не́бе; і што разьвя́жаш на зямлі, тое будзе разьвя́зана на не́бе.
 
І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.

Тады загадаў Ісус вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
 
Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.

З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерузалім і шмат перацярпе́ць ад старэйшын ды архірэяў і кніжнікаў, ды быць забітым і на трэці дзе́нь уваскрэснуць.
 
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.

І, узяўшы Яго, Пётр пачаў кары́ць Яго: пашкадуй Сябе́, Госпадзе! Няхай ня ста́нецца гэтага з Табою!
 
І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!

Ён жа, зьвярнуўшыся, сказаў Пятру: адыйдзі ад Мяне́, шата́н! ты Мне́ спакуса; бо думаеш не аб тым, што Божае, але што чалаве́чае.
 
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.

Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, адракіся ад сябе́ і вазьмі крыж свой і сьле́дуй за Мною.
 
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;

Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, той згубіць яе́, а хто згубіць душу сваю дзеля Мяне́, той знойдзе яе́.
 
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;

Якая-ж бо кары́сьць чалаве́ку, калі ён здабудзе ўве́сь сьве́т, а душы сваёй пашкодзіць? Дый які выкуп дасьць чалаве́к за душу сваю?
 
бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?

Бо прыйдзе Сын Чалаве́чы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму водле дзе́яньняў яго.
 
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.

Запраўды кажу вам: ёсьць некато́рыя з стая́чых тут, якія не спазнаюць сьме́рці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалаве́чага, як прыйдзе ў царстве Сваім.
 
Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.