Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І прыступіліся фарысэі а садукеі і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак ізь неба.
І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.
Ён жа, адказуючы, сказаў ім: «Як вечарэе, вы кажаце: ’Будзе пагода, бо неба чырвонае’;
А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;
І нараніцы: ’Сядні нягода, бо неба хмарна чырванее!’ Двудушнікі! відзеньне неба вы ведаеце, як адрозьніць, а знакоў пораў ня можаце?
і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?
Род нягодны а чужаложны знаку шукае, і знак ня дасца яму, апрача знаку Ёны прарокі». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.
Перабавіўшыся на другі бок, вучанікі Ягоныя забыліся букатак узяць.
І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.
Ісус сказаў ім: «Глядзіце а сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а садукейскае».
Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.
А яны разважалі мяжсобку, кажучы: «Гэта значыцца, што хлеба мы не ўзялі!»
Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.
Ведаючы гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце мяжсобку, о малаверныя, што ня прынесьлі букаткаў?
Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
Ці яшчэ не разумееце і ня помніце пяцёх букаткаў на пяць тысячаў, і колькі кашоў вы набралі?
Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?
Ані сямёх букаткаў на чатыры тысячы, і колькі кашолак вы набралі?
Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?
Як не зацямляеце, што не праз букаткі сказаў Я вам ’Сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а садукейскае’?
Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?
Тады яны ўцямілі, што Ён сказаў ім не сьцерагчыся закісі букатак, але навукі фарысэяў а садукеяў.
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.
Прышоўшы ж да зямлі Цэсары Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучанікаў Сваіх, кажучы: «За каго людзі маюць Мяне, Сына Людзкога?»
А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
Яны сказалі: «Адныя за Яана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ярэму альбо за аднаго з прарокаў».
Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.
Ён кажа ім: «А вы за каго Мяне маеце?»
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
Адказуючы, Сымон Пётра сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
І, адказуючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымоне, сыну Ёнін! бо ня цела а кроў аб’явілі табе гэта, але Айцец Мой, што на нябёсах.
І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;
І Я таксама кажу табе: ты — Пётра, і на гэтай скале Я пастанаўлю Царкву Сваю, і брамы пекляныя ня здолеюць яе;
і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
І дам табе ключы гаспадарства нябёснага; і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана на нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана на нябёсах».
І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.
Тады расказаў Ён вучанікам Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ё Ісус Хрыстос.
Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.
Адгэнуль пачаў Ісус Хрыстос паведамляць вучанікам Сваім, што Ён мае йсьці да Ерузаліму, і шмат цярпець ад старцоў а найвышшых сьвятароў а кніжнікаў, і быць забітым, а на трэйці дзень ускрэснуць.
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
І, узяўшы Яго, Пётра пачаў Яго ганіць: «Зьмілуйся над Сабою, Спадару! няхай ня будзе гэта з табою!»
І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!
Ён жа, абярнуўшыся, сказаў Пётру: «Адыйдзі назад ад Мяне, шайтане! ты Імне спатыкненьне, бо ты думаеш не праз тое, што Божае, але што людзкое».
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Тады Ісус сказаў вучанікам Сваім: «Калі хто хоча йсьці за Імною, адрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і йдзі за Імною;
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;
Бо хто хоча ўсьцерагчы жыцьцё свае, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне, знойдзе яго.
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
Якая карысьць людзіне, калі прыдбае ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзе? Або якую адмену дасьць людзіна за душу сваю?
бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Бо неўзабаве прыйдзе Сын Людзкі ў славе Айца Свайго з ангіламі Сваімі, і тады аддасьць кажнаму подле ўчынкаў ягоных.
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.
«Запраўды кажу вам: ё некатрыя із стаячых тут, што не паспытаюцца сьмерці, як ужо абачаць Сына Людзкога, у гаспадарстве Сваім ідучага.
Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.